ПРЫСТА́ЎКА, прэфікс (лац. praefixum прымацаваны спераду),

адзін з відаў афікса, службовая марфема, якая размяшчаецца перад коранем. Служыць для ўтварэння новых лексем («біць — адбіць, забіць, перабіць», «лес — узлесак, «Палессе», «народны — міжнародны, прынародна») або надання слову пэўнага грамат. значэння: відавога («казаць — сказаць»), ступені параўнання («лепшы — найлепшы») і інш. Дзеяслоўныя П. маюць яшчэ назву прэвербаў (ад лац. prae уперадзе і verbum слова). П. могуць спалучацца ў адным слове («папавыносіць», «напавынаходзіць»). У старых утварэннях і запазычаных словах П. могуць вылучацца толькі гістарычна [воблака—(в)об-влако].

Літ.:

Беларуская граматыка. Ч. 1. Мн., 1985.

А.​Я.​Міхневіч.

т. 13, с. 83

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СА́ГА (стараж.-сканд. saga ад segia казаць, гаварыць),

старажытна-ісландскія празаічныя апавяданні. Захаваліся ў запісах 2-й пал. 12—14 ст. Адрозніваюць 3 віды С. Найб. своеасаблівыя з іх т.зв. родавыя С., ці «сагі аб ісландцах». Для іх характэрны гіст. і быт. рэалізм, эпічная прастата, глыбокі псіхалагізм. Асн. сюжэт — родавыя разлады. Аўтарства гэтых С. не выяўлена. Захаваліся С. пра каралёў Нарвегіі, сярод іх аўтараў — С.​Стурлусан і С.​Тордарсан. Крыніцамі для іх паслужылі легенды, паэзія скальдаў, апавяданні сведкаў падзей, дакументы. С. пра епіскапаў, правадыроў Ісландыі падобны да хронік і напісаны сведкамі тагачасных падзей. У іх заўважаюцца рэліг.-маралістычныя тэндэнцыі. Рыцарскімі С. наз. празаічныя пераклады рыцарскіх раманаў. Слова «С.» выкарыстоўваецца таксама ў бел. і рус. перакладзе ў дачыненні да ірл. эпасу.

т. 14, с. 73

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)