КАВУ́Н (Citrullus),

род адна- і шматгадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. 3—5 відаў. Пашыраны на Пд Еўропы, у Паўн. і Паўд. Афрыцы, Азіі і Аўстраліі. На Беларусі вырошчваюць К. сталовы (C. vulgaris), пераважна ў цяпліцах і на ўцепленым грунце; пры выкарыстанні расаднага спосабу яго можна вырошчваць і ў адкрытым грунце на паўд. і паўд.-зах. схілах.

К. сталовы — аднагадовая расліна з паўзучым, галінастым, апушаным сцяблом. Лісце рассечанае, апушанае, з васковым налётам. У пазухах лісця ўтвараюцца вусікі, у верхняй ч. сцябла — раздзельнаполыя жоўтыя кветкі. Плод — несапраўдная ягада (гарбузіна). Мякаць сакаўная, салодкая, мае цукры (да 11%), вітаміны, карацін, мінер. рэчывы. Сарты: Любімец хутара Пяцігорска, Стокса, Крымскі пераможца.

У.​П.​Пярэднеў.

Кавун сталовы.

т. 7, с. 400

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАГРЫ́ЦКІ (сапр. Дзюбін) Эдуард Георгіевіч

(3.11.1895, Адэса — 16.2.1934),

рускі паэт. Першыя вершы (1915—16) — стылізаваныя, умоўна-рамантычныя. У лірычных вершах і паэмах перыяду грамадз. вайны («Птушкалоў», «Тыль Уленшпігель», «Карчма», «Кавун» і інш.) рамант. вобразы свабодалюбных, мужных людзей. Першы зб. «Паўднёвы захад» (1928). Аўтар паэм «Дума пра Апанаса» (1926), «Люты» (1934, апубл. 1936), паэт. трылогіі «Апошняя ноч», «Чалавек прадмесця» і «Смерць піянеркі», зб. вершаў «Пераможцы» (усе 1932) пра падзеі грамадз. вайны і сацыяліст. рэчаіснасці. Перакладаў на рус. мову вершы Я.​Купалы. На бел. мову яго творы перакладалі М.​Багун, С.​Дзяргай, М.​Хведаровіч.

т. 2, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРМАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць на корм жывёле. Да іх належаць кармавыя травы, караняплоды (кармавыя буракі і морква, бручка, турнэпс), клубняплоды (кармавыя сарты бульбы, тапінамбур), зернефуражныя (авёс, ячмень, віка, гарох, пялюшка, кармавыя сарты лубіну), бахчавыя (гарбуз, кабачок, кавун) і сіласныя культуры.

Вырошчваюць у палявых і кармавых севазваротах, на лугах і пашы. Выкарыстоўваюцца свежыя (зялёная маса, пашавы корм) і прыгатаваныя (сена, сянаж, сілас, травяная мука, карм. гранулы, брыкеты, канцэнтраты). На Беларусі К.к. займаюць каля 40% пасяўной плошчы, сярод іх пераважаюць кармавыя травы, адна- і шматгадовыя злакавыя і бабовыя. На Пд і ў цэнтр. ч. Беларусі значныя плошчы займаюць пасевы кукурузы на сілас і зялёны корм.

т. 8, с. 76

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАХЧАВЫ́Я КУЛЬТУ́РЫ,

група культурных раслін сямейства гарбузовых якія вырошчваюцца на харчовыя, кармавыя і тэхн. мэты. Да іх належаць кавун, дыня, гарбуз. Паходзяць з трапічных і субтрапічных краін Азіі, Афрыкі і Амерыкі. Вырошчваюць на ўсіх кантынентах. На Беларусі культывуюць гарбузы і іх разнавіднасці — кабачкі і патысоны, на Пд у аматарскіх пасевах, часцей у цяпліцах і на ўцепленым грунце, вырошчваюць дыні і кавуны. Найб. высокія ўраджаі бахчавыя культуры даюць на цалінных землях і аблогах, пасля шматгадовых траў. Бахчу размяшчаюць на багатых перагноем лёгкіх урадлівых глебах. Плады дыні і кавуна спажываюць свежыя, з іх гатуюць кавуновы (нардэк) і дынны (бекмес) мёд, вяленую дыню, варэнне, цукаты і інш., гарбузы спажываюць тушаныя, печаныя, кансерваваныя. Кармавыя кавуны і гарбузы — корм для жывёлы. З насення атрымліваюць алей.

т. 2, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГАРО́ДНІННЫЯ КУЛЬТУ́РЫ,

расліны, якія вырошчваюць для атрымання агародніны (сакаўных пладоў, лісця, цыбулін, караняплодаў). У сусв. асартыменце агароднінных культур каля 160 відаў, сярод якіх коранеклубняплодныя расліны, шырока вядомыя ў краінах трапічнага і субтрапічнага клімату, — касава (маніёк ядомы), тара, ямс і інш. На Беларусі вырошчваюць больш за 40 відаў асн. агароднінных культур амаль з 13 сямействаў.

Паводле прадукцыйных органаў адрозніваюць агароднінныя культуры пладовыя (памідоры, агурок, кабачок, патысон, гарбуз, баклажан, кавун, дыня, кукуруза), ліставыя (капуста, салата, шпінат, шчаўе, рэвень), цыбулевыя (цыбуля, часнок), бабовыя (гарох, фасоля, боб), караняплоды (морква, бурак, сельдэрэй, пятрушка, радыска, рэдзька, бручка, рэпа). У асобныя групы вылучаюць бульбу і вострапрыпраўныя расліны (аніс, каляндра, крэс-салата, кмен, мята, маяран, агурочнік, эстрагон, хрэн і інш.; пра кожную агароднінную культуру гл. асобны арт.). Асн. крыніца вітамінаў, вугляводаў, мінер. соляў, арган. к-т, мікраэлементаў, гліказідаў, фітанцыдаў, эфірнага алею, а таксама клятчаткі і пекцінавых рэчываў. Вырошчваюцца ў адкрытым (на працягу вегетац. перыяду з вясны да восені) і ахаваным (увесь год) грунце.

Літ.:

Гусев А.М. Целебные овощные растения. М., 1991;

Матвеев В.П., Рубцов М.И. Овощеводство. 3 изд. М., 1985;

Шуин К.А. 70 видов овощей на огороде. Мн., 1978.

т. 1, с. 72

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)