ЗІМАРО́ДАК звычайны

(Alcedo atthis),

птушка сям. зімародкавых атр. ракшападобных. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. Жыве каля рэк, розных вадаёмаў з абрывістымі берагамі. На Беларусі рэдкі гнездавальны від, нар. назва рыбалоў. Трапляецца па ўсёй тэр., часцей на Пд і Пн. Занесены ў Чырв. кнігу.

Даўж. цела 18—19 см, маса 27—38 г. Галава вялікая, дзюба доўгая, прамая. Хвост кароткі. Апярэнне стракатае: зверху блакітна-зялёнае, надхвосце бліскуча-блакітнае, шырокая паласа ад дзюбы праз вока да патыліцы і горла — вохрыста-белаватая, брушка ржава-рыжае. Гняздуецца асобнымі парамі. Гнёзды ў норах. Нясе 5—8 яец. Корміцца дробнай рыбай. Зімуе ў краінах Міжземнамор’я, зрэдку каля незамёрзлых вадаёмаў.

Зімародак звычайны.

т. 7, с. 66

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Зімародак звычайны 4/565; 12/46 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

РАКШАПАДО́БНЫЯ (Coraciiformes),

атрад птушак. 10 сям., 49 родаў, 194 віды (існуюць інш. класіфікацыі). Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках, ва ўмераных шыротах пералётныя. Жывуць у разрэджаных лясах, некат. — у саваннах, стэпах, пустынях. Актыўныя днём. Гняздуюцца ў дуплах, расколінах скал, норах; некат. віды ўтвараюць калоніі. На Беларусі трапляюцца зімародак звычайны (занесены ў Чырв. кнігу), сіваграк, удод, шчурка залацістая.

Даўж. да 165 см, маса да 4 кг. Апярэнне шчыльнае, яркаафарбаванае, з метал. адлівам. Дзюбы разнастайныя, пераважна доўгія. Кормяцца насякомымі і іх лічынкамі, зімародак — рыбай. Манагамы. Птушанятныя птушкі. Адкладваюць да 10 (звычайна 2—6) яец.

А.​М.​Петрыкаў.

Ракшападобныя: 1 — шчурка залацістая; 2 — шыракарот усходні; 3 — воран паўночны рагаты; 4 — насарог вялікі індыйскі.

т. 13, с. 286

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛКАНО́СТ, алканос,

у рускіх і візантыйскіх сярэдневяковых легендах казачная птушка з тварам чалавека. Вобраз Алканоста паходзіць ад стараж.-грэч. міфа пра Алкіёну, жонку фесалійскага цара Кеіка, якая была ператворана багамі ў птушку алкіён (зімародак). Алканост нясе яйкі на беразе мора, апускае іх у мора і робіць яго спакойным на 6 дзён. Той, хто пачуе дзівосныя спевы Алканоста, забывае пра ўсё на свеце.

т. 1, с. 263

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

СТЭНАТО́ПНЫЯ АРГАНІ́ЗМЫ (ад стэна... + грэч. topos месца),

арганізмы, якія жывуць у месцах са спецыфічнымі, вельмі абмежаванымі ўмовамі асяроддзя. Найб. моцна пакутуюць ад знішчэння іх месцаў пражывання, часцей выміраюць. На Беларусі да С.а. належаць расліны сфагнавых балот (багун балотны, расіцы, журавіны) і пясчаных глеб (скочкі, расходнік едкі, асака пясчаная), з жывёл — палятуха звычайная, рабчык і крыжадзюбы (насельнікі хвойных лясоў), берагавая ластаўка і зімародак (жывуць на стромкіх берагах) і інш. Проціпастаўляюць эўрытопным арганізмам.

т. 15, с. 231

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕ́НІНСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Салігорскім р-не Мінскай вобл. і Жыткавіцкім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 1960 у цэнтр. ч. Бел. Палесся паміж р. Случ і Лань. Пл. 42 тыс. га. Нізінныя, пераходныя і вярховыя балоты ў спалучэнні з сухадольнымі, верасовымі, чарнічнымі і імшыстымі хвойнікамі. На нізінных балотах чорнаальховыя і пушыстабярозавыя лясы. Невял. колькасць дуброў з прымессю ясеню і грабу. Водзяцца лось, казуля, дзік, ліс, янотападобны сабака, заяц-русак; баравая дзічына, вадаплаўныя і балотныя птушкі. Рэакліматызаваны рачны бабёр, рассялілася андатра. Шмат жывёл, занесеных у Чырв. кнігу Беларусі (чарапаха балотная, зімародак звычайны, пугач, бугай вялікі, бусел чорны і інш.).

т. 9, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАДСА́ДЫ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Мінскім р-не. Створаны ў 1999 з мэтай захавання рэкрэацыйна- і пейзажна каштоўнага прыроднага комплексу з папуляцыямі рэдкіх і знікаючых відаў раслін і жывёл. Пл. 1079 га. Рэльеф узгорысты. Лясны масіў з мноствам крыніц, ручаёў, «вісячых балотцаў» у месцах выкліньвання грунтавых вод. Пашыраны яловыя і хваёвыя (па 34%), бярозавыя (20%), асінавыя (7%) сярэдне- і высокаўзроставыя лясы з дамешкамі дуба, клёна, ліпы. Мноства лек., харч., кветкава-дэкар. і інш. раслін, з якіх баранец звычайны, белакапытнік гібрыдны, званочак шыракалісты, купальнік горны, пярэсна еўрапейская, смярдзюх звычайны, спарасіс кучаравы і інш. занесены ў Чырв. кнігу. У фауне 17 відаў млекакормячых, 82 віды птушак, у т. л. бусел чорны, дзяцел зялёны, зімародак і пустальга звычайныя занесены ў Чырв. кнігу.

П.​І.​Лабанок.

т. 11, с. 505

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Я́КАЎЛЕЎ Юрый Якаўлевіч (26.6.1922, С.-Пецярбург — 29.12.1995),

рускі пісьменнік. Скончыў Літ. ін-т імя М.​Горкага ў Маскве (1952). Друкаваўся з 1947. У зб-ках аповесцей і апавяд. для дзяцей «Вершнік, які скача над горадам» (1962), «Рэліквія» (1972), «Багун» (1975), «У чалавека павінен быць сабака» (1977), «Вараб’ёў шыбы не выбіваў» (1979), «Аўтапартрэт» (1984), «Хлопчык з канькамі» (1987) і інш. пошук праўды і змаганне за яе, маральны выбар у складаных умовах. Шэраг твораў на тэму Вял. Айч. вайны сюжэтна звязаны з Беларуссю: аповесць «Зімародак» (1971; аднайм. фільм паст. на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1972), апавяд. «Звон», «Сябар капітана Гастэлы», «Няскончаны бой» і інш. Пісаў п’есы, вершы. Дзярж. прэмія СССР 1985.

Тв.:

Неприкосновенный запас: Избр. М., 1983.

Літ.:

Фомичева Л. Юрий Яковлев: Очерк творчества. М., 1974.

Ю.​В.​Бажэнаў.

т. 18, кн. 1, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКЦЯ́БРСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Акцябрскім р-не Гомельскай вобл. Засн. ў 2003 для захавання ў натуральным стане каштоўных лясных фармацый. Пл. 4070 га. Ландшафты нізінныя алювіяльна-тэрасаваныя. Глебы дзярнова-падзолістыя, тарфяна-балотныя. Расліннасць пераважна лясная: чорнаальховыя лясы (50,8%), хваёвыя (29%), ёсць дубровы, ясеннікі, грабнякі. Шмат спелых і перастойных лясоў (32%), узрост асобных дрэў да 200 гадоў. У флоры 507 відаў вышэйшых сасудзістых раслін, у т. л. рэдкія віды: купальнік горны, пылкагалоўнік чырвоны, зубніца клубняносная, дзераза-баранец, фіялка багнавая і інш. У фауне млекакормячых 43 віды, птушак — 130, рыб — 32, рэптылій — 5, амфібій — 8; у Чырв. кнігу занесены 13 відаў: малая паганка, чорны бусел, вялікі бугай, вялікі і малы падворлікі, каршачок, журавель шэры, зімародак звычайны, соня арэшнікавая і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 18, кн. 1, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НІКІ́ФАРАЎ Вячаслаў Аляксандравіч (н. 13.8.1942, с. Вясёлае Паўлаўскага р-на Краснадарскага краю, Расія),

бел. кінарэжысёр. Засл. дз. маст. Беларусі (1981). Скончыў Усесаюзны дзярж. ін-т кінематаграфіі ў Маскве (1968). З 1969 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Творчасць адметная глыбокай распрацоўкай псіхалогіі характараў, выкарыстаннем шырокага дыяпазону жанрава-стылістычных сродкаў — ад публіцыстыкі да камернай лірыкі. Рэжысёр кінафільмаў «Зімародак» (1972), «Хлеб пахне порахам» (сцэн. І.​Шамякіна, 1974) і «Сын старшыні» (сцэн. М.​Матукоўскага, 1976; за ўсе прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1978), «Абочына» (1978), «Высакародны разбойнік Уладзімір Дуброўскі» (паводле А.​Пушкіна, 1989), «Душа мая Марыя» (1993), «Рэйнджэр з атамнай зоны» (1999); тэлефільмаў — «Бераг прынцэсы Люські» (1969), «Ціхія троечнікі» (1980), «Фруза» (паводле В.​Быкава, 1981), «Бацькі і дзеці» (паводле І.​Тургенева, 1984; Дзярж. прэмія СССР 1986), «Вялікая прыгода» (1985), «Дзяржаўная граніца» (фільм 5-ы — «Год сорак першы», 1986), тэлесерыяла «Дуброўскі» (паводле Пушкіна, 1989).

А.​А.​Карпілава.

В.А.Нікіфараў.

т. 11, с. 341

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)