Зярняўка 8/472—473 (укл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯРНЯ́ЎКА,

сухі аднанасенны плод з тонкім каляплоднікам, шчыльна прыціснутым да семя і зрослым з ім каля асновы. Характэрна для злакаў. У жыта і пшаніцы З. ападаюць голыя, у аўса, проса, ячменю і дзікарослых відаў — разам з кветкавымі лускамі. Такія З. зрэдку маюць прыдаткі (валасяныя чубкі, перыстыя асцюкі і інш.), якія садзейнічаюць распаўсюджванню пладоў. З. збожжавых злакаў называюць зернем.

т. 7, с. 135

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРАСЯ́НІК (Milium),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 6—7 відаў. Пашыраны ва ўмераным і субтрапічным паясах Паўн. паўшар’я. На Беларусі 1 від — П. разгалісты (M. effusum). Трапляецца ў лясах.

Адна- і шматгадовыя травяністыя расліны. Лісце лінейнае. Кветкі дробныя, сабраныя ў мяцёлкі. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны.

Прасянік разгалісты.

т. 13, с. 22

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МЯТЛІ́ЧКА (Apera),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 5 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Еўразіі. На Беларусі 1 від — М. палявая (A. spicaventi). Трапляецца на вільготных пясках, каля дарог, у пасевах збожжавых культур.

М. палявая — аднагадовая травяністая расліна выш. да 1 м. Сцёблы круглыя, голыя, прамыя або каленчата-ўзыходныя. Лісце лінейна-ніткападобнае, шурпатае. Дробныя аднакветныя каласкі сабраны ў буйную раскідзістую мяцёлку. Плод — зярняўка. Шкоднае пустазелле.

Мятлічка палявая.

т. 11, с. 82

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАЛІ́НІЯ (Molinia),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. 3—5 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Паўн. Афрыцы. На Беларусі М. блакітная, або сіняўка (M. caerulea), трапляецца на забалочаных лугах, ускрайках тарфяных балот, сярод хмызняку.

Шматгадовыя травы выш. да 1,5 м. Утвараюць густыя дзярніны. Светла-зялёныя сцёблы маюць укарочаныя ніжнія і падоўжаныя верхнія міжвузеллі. Лісце доўгае, лінейнае, цвёрдае, па краі шурпатае, блакітна-зялёнае. Суквецце — доўгая перарывістая шматкаласковая мяцёлка. Плод — зярняўка.

Малінія блакітная.

т. 10, с. 33

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПЕ́РЛАЎКА (Melica),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 80 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе абодвух паўшар’яў і ў гарах тропікаў. На Беларусі 1 від — П. паніклая (M. nutans). Трапляецца ў хвойных і мяшаных лясах, хмызняках. Інтрадукаваны П. высокая (M. altissima) і П. раснічастая (M. ciliata).

Шматгадовыя травяністыя карэнішчавыя расліны. Сцёблы прамастойныя ці каленчата ўзыходныя каля асновы. Лісце вузкалінейнае, шурпатае. Суквецце — коласападобная аднабокая мяцёлка. Каласкі 2—5-кветкавыя. Плод — зярняўка. Кармавыя, дэкар. расліны.

т. 12, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІСАХВО́СТ, батлачык (Alopecurus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны ва ўмераных і халодных паясах і ў гарах тропікаў. На Беларусі 5 відаў Л.: лугавы (A. pratensis), каленчаты (A. geniculatus), роўны (A. aequalis), мышахвоснікападобны (A. myosuroides), трысняговы (A. arundinaceus). Трапляюцца пераважна на лугах.

Шматгадовыя, радзей аднагадовыя травы выш. 20—120 см з прамастойнымі ці каленчата-прыўзнятымі сцёбламі. Лісце плоскае, вузкае, шурпатае. Суквецце — мяцёлка. Каласкі сціснутыя з бакоў, аднакветныя. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны.

Лісахвост лугавы.

т. 9, с. 282

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПАХУЧАКАЛАСНІ́К (Anthoxanthum),

род кветкавых раслін сям, метлюжковых. Каля 20 відаў. Пашыраны ў Еўразіі і Афрыцы (як заноснае — на ўсіх кантынентах). На Беларусі 1 від — П. духмяны, або пахучы каласок (Aodoratum). Трапляецца ў лясах, хмызняках, на лугах.

П. духмяны — шматгадовая травяністая расліна. выш. да 50 см. Утварае дзярнінкі. Сцёблы голыя, гладкія. Лісце лінейнае, голае або апушанае. Суквецце — зеленавата-бурая коласападобная мяцёлка. Плод — зярняўка. Расліна мае кумарыны, якія надаюць сену прыемны пах. Выкарыстоўваецца ў медыцыне, харч. і парфумернай прам-сці.

Пахучакаласнік духмяны.

т. 12, с. 240

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВО́СТРЫЦА, лугавік (Deschampsia),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 50 відаў. Пашыраны амаль ва ўсіх нетрапічных краінах зямнога шара, а таксама ў высакагор’ях тропікаў. На Беларусі на сырых лугах і ў лясах, хмызняках, па берагах рэк і канаў трапляецца 1 паліморфны від — вострыца дзірваністая, або шчучка (Deschampsia cespitosa).

Шматгадовыя травяністыя расліны з голымі ці пад суквеццямі шурпатымі прамастойнымі сцёбламі выш. да 1 м, звычайна ўтвараюць дзярніну. Лісце вузкалінейнае, вострашурпатарабрыстае. Каласкі 2—3-кветныя, шматлікія, сабраны ў раскідзістыя, рэдка сціснутыя мяцёлкі. Плод — зярняўка. Кармавыя расліны.

Вострыца дзірваністая.

т. 4, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГРЭ́БНІК, грабеннік (Cynosurus),

род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны пераважна ў краінах Міжземнамор’я, таксама ва ўмераных раёнах Еўропы. На Беларусі ўсюды трапляецца грэбнік звычайны (C. cristatus). Расце на лугах, лясных палянах, узлесках, пустках і каля дарог. Утварае густыя жоўта-зялёныя дзярнінкі.

Шмат- ці аднагадовыя травяністыя расліны без паўзучых падземных парасткаў. Лісце вузкае, пляскатае, лінейнае. Кветкі дробныя, сабраныя ў 2—5-кветныя каласкі, якія ўтвараюць агульнае аднабаковае коласа- ці яйцападобнае густое мяцёлчатае суквецце. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны, прыдатныя для стварэння газонаў.

Г.​У.​Вынаеў.

Грэбнік звычайны.

т. 5, с. 489

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)