літарнае пісьмо кельтаў і піктаў на Брытанскіх а-вах. Вядома па надпісах з 4 ст. Аснова агамічнага пісьма — лінія, на якую наносіліся кропкі і штрыхі. Літара складалася з сукупнасці аднолькавых (ад 1 да 5) штрыхоў (зычны гук) ці кропак (галосны гук). Паходжанне невядома. Выцеснена лацінкай, але як тайнапіс у Ірландыі захавалася да 17 ст.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНСАНАНТЫ́ЗМ [ад лац. consonans (consonantis) зычны гук],
сістэма зычных гукаў мовы або дыялекту на пэўным этапе развіцця. У розных мовах адрозніваецца колькасцю зычных фанем, іх прыкметамі, адносінамі паміж сабой. У сучаснай бел.літ. мове сістэму К. ўтвараюць 39 зычных фанем. У аснову іх класіфікацыі пакладзены дыферэнцыяльныя прыкметы, якія вызначаюцца ўдзелам голасу і шуму, спосабам і месцам утварэння перашкоды ў ротавай поласці, дадатковай артыкуляцыяй (у бел. мове палаталізацыяй). К. процілеглы вакалізму — сістэме галосных гукаў мовы.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАНТРА́КЦЫЯ (лац. contractio) у мовазнаўстве, сцяжэнне двух або некалькіх гукаў у адзін; адзін з відаў камбінаторных змяненняў гукаў. Часцей узнікае пры словаўтварэнні на стыку кораня, які заканчваецца гукамі «к», «ч», «ц», «т», і суфіксаў, што пачынаюцца з «с», у выніку частковай асіміляцыі і К. ўтвараецца зычны «ц» (напр., «казак + скі — казацкі», «ткач + ства — ткацтва», «купец + скі — купецкі»). К. галосных узнікае радзей, у некаторых бел. гаворках утвараюцца кароткія прыметнікі ў выніку выпадзення «й» (напр., «чырвонайа → чырвонаа → чырвона»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АПО́СТРАФ (грэч. apostrophos),
надрадковы значок у выглядзе коскі. Указвае на пропуск галосных пры скарачэнні слоў (англ. don’t замест do not), аддзяляе артыклі і часціцы ў іншамоўных словах (франц. d’Arc) і інш. У бел. графіку ўведзены ў 1920-я г. Выконвае раздзяляльную функцыю перад галоснымі «е», «ё», «ю», «я», «і» пасля прыставак, якія канчаюцца на зычны, і ў сярэдзіне слоў пасля губных «б», «в», «м», «п», «ф», заднеязычных «г», «к», «х», шыпячых «дж», «ж», «ч», «ш», зубных «д», «т» і альвеалярнага «р». У фанет. транскрыпцыі абазначае змякчэнне зычных.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Й,
адзінаццатая літара беларускага і некаторых інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай Н («іжэ»), утворанай на аснове грэка-візант. устаўнай Η («эта») шляхам далучэння дыякрытычнага знака. У старабел. пісьменстве ўжывалася з канца 16 ст. (у рус. з 1735). Абазначала гук «й» пераважна ў друкаваных кнігах («добродейство», «Зизаний», «тайна», «хитрый»), У рукапісах 17 ст. ўжывалася радзей, паралельна з паерыкам (s); «уйти» — уsти», «сеймъ» — «сеsмъ». Лічбавага значэння не мела. У сучаснай бел. мове абазначае санорна-шумны мяккі шчылінны сярэднеязычны зычны гук «й» пасля галосных («гай», «май», «сейбіт»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Ж,
восьмая літара бел. і некат. інш.слав. алфавітаў. Паходзіць з кірыліцкай ж («жывеце»), што была ўтворана шляхам далучэння цэнтр. вертыкальнай рыскі да літары («хер») або падваення літары Ꙁ («зямля»). У старабел. пісьменстве абазначала гукі «ж», «ж’» (вежа», «жити»). Не мела лічбавага значэння. У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае шумны звонкі зацвярдзелы шчыльны пярэднеязычны зычны гук «ж» (жыта»), а перад глухімі зычнымі і на канцы слоў парны да яго па звонкасці і глухасці гук «ш» («нож—нош»). Уваходзіць у склад дыграфа «дж» («дажджы»).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Р,
васемнаццатая літара бел. алфавіта. Паходзіць з кірыліцкай Р («рцы»), утворанай на аснове грэка-візантыйскай устаўнай Ρ («ро»). У старабел. графіцы ў сувязі з функцыянаваннем розных пісьмовых школ і выкарыстаннем розных тыпаў пісьма (устаў, паўустаў, скорапіс) ужывалася ў некалькіх варыянтах, якія памагаюць вызначаць час і месца напісання помнікаў. Абазначала гук «р» («рама», «рука»). Мела лічбавае значэнне «сто». У 16 ст. акрамя рукапіснай набыла друкаваную форму. У сучаснай бел. мове абазначае санорны дрыжачы пярэднеязычны цвёрды і зацвярдзелы зычны гук «р» («рэчка», «рыс», «раса», «хмара»). Бывае вялікая і малая, мае рукапісную і друкаваную форму.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПОЎНАГАЛО́ССЕ,
спалучэнне дзвюх галосных і плаўнага «р», «л» паміж імі на месцы праславянскіх дыфтангічных спалучэнняў or, ol, er, el паміж зычнымі. Фанетычная асаблівасць усходнеславянскіх моў, якая проціпастаўляе іх мовам зах. і паўд. славян (гл.Няпоўнагалоссе). Сутнасць П. — у змяненні праслав. каранёвых злучэнняў tort у torot, tolt, telt у tolot, tert y teret (t — любы зычны): праслав. *borda — бел. «барада» (з адлюстраваннем акання), праслав. *kolda, *melko — рус. «колода», «молоко», праслав. *bergъ — укр. «берег». У бел. мове значна больш поўнагалосных форм (бел. «вораг», «нораў», «палон», «сорам») у параўнанні з рус. («враг», «нрав», «плен», «срам»), дзе ўжываюцца шматлікія няпоўнагалосныя формы.
Літ.:
Кривчик В.Ф., Можейко Н.С. Старославянский язык. 3 изд. Мн., 1985.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРАМЕ́ЙСКАЕ ПІСЬМО́,
складовае пісьмо кансанантнага тыпу. Узнікла на пач. 1-га тыс. да н. э. на аснове фінікійскага пісьма; фармальна — спрошчаная (курсіўная) яго форма. Алфавіт складаецца з 22 знакаў, кожны абазначае склад — «зычны + галосны (або нулявы галосны)», — да якога потым дадаюцца т.зв. matres lectionis (знакі для абазначэння доўгіх і канцавых галосных). Кірунак пісьма — справа налева. Першыя пісьмовыя помнікі армейскага пісьма датуюцца 9—8 ст. да н. э. У сярэдзіне 1-га тыс. да н. э. было пашырана ў Пярэдняй Азіі (дзелавое пісьмо Асірыі і Персіі), у 4 ст.н. э. знікла. Аснова большасці пісьмовых сістэм Пярэдняй і Цэнтр. Азіі.
А.А.Кожынава.
Арамейскае пісьмо. Надпіс з аазіса Тэйма (Паўн. Аравія). Сярэдзіна 1-га тыс. да н.э.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КВАЗІАЛФАВІ́ТНАЕ ПІСЬМО́, кансанантнае пісьмо,
складовае пісьмо, кожны знак якога выражае адзін пэўны зычны гук з адвольным ці нулявым галосным. Вынайдзена ў 2-м тыс. да н.э.зах. семітамі на аснове стараж. пісьменнасцей Міжземнамор’я (егіп., крыта-мікенскай, лувійскай іерагліфічнай) і, магчыма, на аснове протабіблскага складовага пісьма. Вядома з канца 2-га — сярэдзіны 1-га тыс. да н.э. (клінападобнае угарыцкае пісьмо, лінейныя сінайскае пісьмо, фінікійскае пісьмо, паўд.-аравійскае і інш. аравійскія віды пісьма). З усіх пісьменнасцей К.п. найб. эканомнае па колькасці знакаў (літар), што выкарыстоўваюцца ў ім, і па хуткасці вывучэння. Але тэксты, напісаныя К.п., цяжка было прачытаць адназначна, асабліва да ўвядзення словападзелу. Пазней К.п. паступова ўдасканалена. Было запазычана народамі М. Азіі (1-е тыс. да н.э.), грэкамі (9—8 ст. да н.э.), якія пераўтварылі яго ў алфавіт.