ПЛАНЕТА́РНАЯ ПЕРАДА́ЧА,

зубчаста-рычажная перадача, што мае колы з рухомымі геам. восямі (сатэліты), якія абкочваюцца вакол цэнтр. кола. Рухомае звяно, на якім умацаваны восі сатэлітаў, наз. вадзілам. Выкарыстоўваюць для перадачы вярчэння паміж 2 паралельнымі восямі ці тымі, што перасякаюцца, а таксама пры ўзнаўленні складанага плоскапаралельнага руху рабочага органа, які аб’ядноўваецца з сатэлітам. Выкарыстоўваюць у рэдуктарах трансп. машын, прыводах станкоў, каробках перадач, рэверсіўных механізмах і інш.

Да арт. Планетарная перадача. Схема пяцізвённага планетарнага механізма: 1 — рухомыя зубчастыя колы; 2 — сатэліт; 3 — нерухомае зубчастае кола; 4 — вадзіла.

т. 12, с. 406

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРБЕ́НА (Verbena),

род кветкавых раслін сям. вербенавых. Больш за 300 відаў. Пашыраны пераважна ў тропіках і субтропіках Амерыкі, таксама ў Еўропе і Сярэдняй Азіі. На Беларусі пераважна на Палессі трапляецца дзікарослая вербена лекавая (Verbena officinalis), расце на засмечаных мясцінах каля жылля і дарог, таксама вырошчваюць 2 інтрадукаваныя віды — вербену буэнас-айрэскую (Verbena bonariensis) і гібрыдную (Verbena hybrida).

Адна- ці шматгадовыя галінастыя, залозіста-апушаныя травяністыя расліны або паўкусты. Лісце супраціўнае, сядзячае, падоўжана-яйцападобнае, зубчаста-надрэзанае ці калючкападобнае. Кветкі пераважна двухполыя, рознага колеру ў коласападобных суквеццях, сабраных у парасонападобныя шчыткі або мяцёлкі. Плод — чатырохарэшак (эрэм). Эфіраалейныя, вострапрыпраўныя, лек. (гарачкапаніжальны і танізуючы сродак, выкарыстоўваецца ў нар. медыцыне для ўзбуджэння апетыту) і дэкар. расліны.

Вербена лекавая.

т. 4, с. 99

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)