Зубніца 4/602

- » - клубняносная 4/602 (іл.)

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУБНІ́ЦА (Dentaria),

род кветкавых раслін сям. капуставых. 20 відаў. Пашырана ў Еўразіі і Амерыцы. На Беларусі 2 віды: З. клубняносная (D. bulbifera) расце ў шыракалістых і мяшаных лясах у паўд. і зах. раёнах, занесена ў Чырв. кнігу, і З. пяцілістая (D. quinquefolia) трапляецца ў Гарадоцкім і Стаўбцоўскім р-нах.

Шматгадовыя травяністыя расліны з доўгім, паўзучым карэнішчам, укрытым зубцападобнымі лускавінкамі (адсюль назва роду) і прамастойным сцяблом выш. да 60 см. Лісце перыстае, трайчастае ці пальчатае, іншы раз сабранае ў кальчак. У суквецці і пазухах верхняга лісця З. клубняноснай утвараюцца клубеньчыкі для вегетатыўнага размнажэння. Кветкі двухполыя, буйныя, фіялетавыя, лілова-ружовыя, палевыя або белыя, па 6—12 у кароткіх гронках. Плод — стручок. Лек. (вяжучы сродак), харч. і дэкар. расліны. Веснавыя эфемероіды.

Г.​У.​Вынаеў.

Зубніца клубняносная.

т. 7, с. 116

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЫЖАКВЕ́ТНЫЯ, капуставыя (Brassicaceae, ці Cruciferae),

сям. двухдольных раслін парадку каперсакветных. 350 родаў, каля 3000 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўн. паўшар’і. На Беларусі найб. вядомыя К. з родаў бурачок, вяснянка, вячорніца, гарчыца, гуляўнік, жаўтушнік, зубніца, капуста, клапоўнік, крупка, луннік, рэдзька, свірэпа, торбачнік, часночніца, шыльніца, фарбоўнік і інш. Луннік ажываючы, зубніца клубняносная занесены ў Чырв. кнігу Беларусі.

Адна-, двух- і шматгадовыя травы, зрэдку паўкусты. Лісце чаргаванае, без прылісткаў, звычайна апушанае простымі ці галінастымі валаскамі (важная сістэм. адзнака). Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, радзей ружовыя. Вяночак з 4 пялёсткаў, размешчаных крыж-накрыж (адсюль назва). Суквецце — гронка або шчыток. Плод — стручок ці стручочак. Сярод К. агародныя расліны (бручка, капуста, рэдзька і інш), алейныя (рапс, свірэпа і інш.), прыпраўныя (гарчыца, хрэн і інш.), меданосныя (буйміна, гарчыца белая і інш), лек. (гуляўнік, зубніца, клапоўнік і інш), фарбавальныя (фарбоўнік), дэкар. (вячорніца, ляўконія і інш.), пустазелле.

Літ.:

Травянистые растения СССР. Т. 1. М., 1971;

Жизнь растений. Т. 5, ч. 2. М., 1981.

т. 8, с. 502

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́НІНСКІ,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Лунінецкім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1997 з мэтай аховы прыродных комплексаў Палесся. Пл. 9283 га. Хвойнікі, дубровы, дубова-грабавыя лясы, астраўныя ельнікі. Балоты. Журавіннікі. Папуляцыі раслін з Чырв. кнігі: венерын чаравічак, зубніца клубняносная, тайнік яйцападобны, цыбуля мядзведжая (чарамша), купальнік горны, грыб-баран; у воз. Белае рэліктавыя лабелія Дортмана і палушнік азёрны.

П.​І.​Лабанок.

т. 9, с. 370

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛУ́КАВА,

біялагічны заказнік рэсп. значэння ў Маларыцкім р-не Брэсцкай вобл. Засн. ў 1994 з мэтай аховы лясных фармацый з наборам рэдкіх відаў раслін. Пл. 1523 га. Балоты нізіннага тыпу чаргуюцца з дубовымі, дубова-грабавымі, хваёва- і ясянёва-дубовымі лясамі. Папуляцыі раслін з Чырв. кнігі: зубніца клубняносная, пылкагалоўнік чырвоны, кадзіла сармацкае, касач сібірскі, лілея царскія кучары, гайнік цёмна-чырвоны, тайнік яйцападобны. Самая вял. на Беларусі папуляцыя венерынага чаравічка (каля 2 тыс. экз.). 3 лек. раслін пашыраны ландыш майскі, валяр’ян лекавы, дзівасіл, дзядкі аптэчныя, святаяннік прадзіраўлены і інш.

П.​І.​Лабанок.

т. 9, с. 361

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЛУ́БЕНЬ,

відазменены парастак, сцябло якога з адным або некалькімі міжвузеллямі, моцна разрастаецца і назапашвае пажыўныя рэчывы (крухмал, алей); орган узнаўлення двух- і шматгадовых раслін. Бывае надземны, звычайна зялёны, мае лісце (кальрабі, некат. архідэі), і падземны — бясколерны, у пазухах рэдукаванага лісця знаходзяцца пупышкі, т.зв. «вочкі» (бульба, стрэлкаліст, тапінамбур). У некат. жывародных раслін (напр., зубніца клубняносная) надземныя К. развіваюцца ў суквеццях і пазухах лісця, пасля ападання ўкараняюцца і ўтвараюць новыя расліны. Ад К. адрозніваюць каранёвыя шышкі (запасальныя прыдаткавыя карані ў батату, вяргіні) і караняплоды (у іх утварэнні разам з парасткам прымае ўдзел гал. корань, напр., бурак, рэдзька).

т. 8, с. 349

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗААЗЕ́Р’Е,

гідралагічны заказнік на тэр. Бялыніцкага р-на Магілёўскай вобл. Створаны ў 1968 як заказнік рэсп. значэння для захавання ў натуральным стане балотнага масіву з тыповай для міжрэччаў стратыграфіяй тарфянікаў. Пл. 4286 га (1997). Размешчаны на Цэнтральнабярэзінскай раўніне і займае ч. Друць-Бярэзінскага міжрэчча. Размешчаны на вярховым балоце. У цэнтры пераважаюць хваёва-кусцікавыя раслінныя асацыяцыі, у паўн. ч. — градава-багнавыя комплексы расліннасці. На ўскраінах пашыраны хваёва-бярозава-пушыцава-сфагнавыя асацыяцыі. На мінер. участках пераважаюць бярозава-асінавыя лясы. У флоры заказніка каля 100 відаў раслін, у т. л. ахоўныя чубатка пустая і зубніца клубняносная.

т. 6, с. 482

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЫ́ВАДКАВЫЯ ПУПЫ́ШКІ,

спецыялізаваныя органы вегетац. размнажэння ў некаторых папарацепадобных і кветкавых раслін, якія ападаюць і даюць пачатак новым раслінам. Найчасцей маюць выгляд вельмі маленькіх, але сфарміраваных раслінных арганізмаў ці відазмененых цыбулін. Утвараюцца ў пазухах лістоў (напр., чысцяк, зубніца, некат. віды лілей), на лістах па іх краі (брыяфілум), на жылках (напр., папараць аспленіум жывародны), адцягнутых верхавінках лістоў (т.зв. вандроўная папараць з сям. аспленіевых). У псілоту голага (Psilotum nudum) назву вывадкавых пупышак маюць групы клетак, якія размешчаны на канцах рызоідаў, адпадаюць і таксама даюць пачатак новым раслінам. У слаяўцовых раслін (некаторых водарасцей і пячоначнікаў) — адна- ці шматклетачныя ўтварэнні рознай формы і выгляду, прыстасаваныя для вегетац. размнажэння.

т. 4, с. 301

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫВАРО́ДНЫЯ РАСЛІ́НЫ,

расліны, у якіх на наземных органах (у кветках, суквеццях, пладах, на лісці) фарміруюцца невял. зялёныя раслінкі, клубеньчыкі, цыбулінкі, пупышкі і інш., што потым падаюць на зямлю і развіваюцца ў новую асобіну. Пашыраны пераважна ў тундрах, стэпах, на высакагорных альпійскіх лугах, дзе расліны за кароткі вегетацыйны перыяд не могуць прайсці поўны цыкл развіцця і насенне не выспявае. На Беларусі з Ж.р. растуць метлюжок цыбульны, цыбуля (агародная, прычасночная, вінаградная), зубніца клубняносная, скочкі атожылкавыя; як лек. і дэкар. пакаёвую расліну вырошчваюць каланхоэ. Да Ж.р. належаць і многія насельнікі мангравых лясоў, у якіх насенне прарастае яшчэ ў няспелых пладах. У гэтай з’явы ёсць вонкавае падабенства з «прарастаннем на корані» збожжавых злакаў, у якіх пачынаюць расці спелыя зярняўкі, што страцілі фізіял. сувязь з мацярынскай раслінай.

т. 6, с. 457

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗІ́КАЕ,

гідралагічны заказнік рэсп. значэння на тэр. Пружанскага р-на Брэсцкай і Свіслацкага р-на Гродзенскай абласцей. Створаны ў 1968 з мэтай зберажэння ў натуральным стане асн. ч. Дзікага балота, а таксама для падтрымання гідралагічнага рэжыму прылеглай ч. Белавежскай пушчы. Пл. 7,4 тыс. га (1997). Знаходзіцца ў межах Нарава-Ясельдзінскай раўніны. Займае ч. стараж. праточнай даліны на водападзеле Балт. і Чарнаморскага басейнаў. У флоры заказніка больш за 150 відаў, ёсць рэдкія ахоўныя віды: арніка горная, венерын чаравічак сапраўдны, зубніца клубняносная, лілея-саранка і інш. Тарфяныя паклады сярэдняй глыб. 1,4 м пераважна з драўнянага (найчасцей бярозавага) торфу, укрытага асаковым і часткова асакова-гіпнавым. У глыбокіх западзінах сапрапелі (магутнасць пластоў да 0,6 м). На балотным масіве зрэдку трапляюцца мінер. «астраўкі» з шыракалістых і шыракаліста-хвойных лясоў. П.І.Лабанок.

т. 6, с. 113

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)