ЗУБНЫ́ КА́МЕНЬ,

мінералізаваныя адклады на паверхні зубоў з арган. асновы і солей (пераважна фосфарнакіслага кальцыю). Найчасцей бывае на шыйках зубоў, можа пакрываць значную ч. каронкі і кораня; адкладваецца і на зубных пратэзах. Колер З.к. ад светла-жоўтага да чорнага ў залежнасці ад ежы і курэння. Афарбоўка бывае і пры распадзе форменных элементаў крыві ў шчыліне дзясны. Шчыліна паступова павялічваецца; утвараецца кішэня дзясны. З.к. — адзін з фактараў развіцця хвароб парадонту.

А.С.Арцюшкевіч.

т. 7, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́У, Доу (Dou) Герард (7.4.1613, г. Лейдэн, Нідэрланды — 9.2.1675), галандскі жывапісец. Вучыўся ў свайго бацькі Я.Дау і ў Рэмбранта (1628—31), якому наследаваў у ранні перыяд творчасці. Пісаў пераважна невял. жанравыя карціны, у якіх ствараў вобразы вучоных, музыкантаў, гандлярак і інш.: «Астраном», «Зубны ўрач», «Скрыпач», «Гандлярка селядцамі» і інш. Натуралістычна-дакладнае адлюстраванне прадметаў, цікавыя сюжэты, спалучаныя з вонкавай прыгажосцю, дэкар. і светлавымі эфектамі, прынеслі яму славу моднага партрэтыста і майстра мініяцюрнага нацыянальнага жывапісу — своеасаблівага «галандскага ракако».

Г.Дау. Служанка ў акне. 1640.

т. 6, с. 63

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗУ́БЫ,

косцепадобныя органы большасці пазваночных жывёл і чалавека ў ротавай поласці на альвеалярных адростках верхняй і ніжняй сківіцы (у некат. рыб у глотцы). Асн. функцыі: захопліванне, трыманне і перажоўванне яды; у некат. жывёл служаць аховай ад ворагаў, у чалавека прымаюць удзел у голасаўтварэнні.

З. ўтвараюцца з эпітэліяльнай і злучальнай тканак. Складаюцца з відазмененай косці (эмалі, дэнціну, цэменту). Маюць каронку (выступае над сківіцай, укрыта эмаллю), корань (размешчаны ў сківіцы, укрыты цэментам), шыйку (злучальная тканка). Унутры З. ёсць поласць, запоўненая зубной мякаццю (пульпай), у якой праходзяць крывяносныя сасуды і нервы; крывёй забяспечваюцца верхне- і ніжнесківічнымі артэрыямі, інервуюцца трайнічным нервам. У залежнасці ад формы каронкі і прызначэння адрозніваюць разцы, іклы, карэнныя З., ад колькасці каранёў — 1-, 2-, 3-карэнныя. Колькасць З. у драпежных жывёл да 44, у некат. сумчатых — да 58, у дэльфінаў — 240. У млекакормячых і чалавека 2 змены З.: малочныя (20, прарэзваюцца з 6 да 30 месяцаў) і сталыя (32, з 6 да 16 гадоў), З. мудрасці — да 30 гадоў. Найб. распаўсюджаныя пашкоджанні З.: зубны камень, карыес зубоў, пульпіт, перыядантыт і інш.

А.С.Леанцюк.

т. 7, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)