АДРЭНАЛІ́Н,

гармон мазгавога слоя наднырачнікаў. Вылучаны з наднырачнікаў жывёл у 1985. Крыніцай утварэння адрэналіну ў арганізме з’яўляюцца амінакіслоты тыразін і фенілаланін. Стымулюе работу сэрца, звужае крывяносныя сасуды, павышае крывяны ціск, расслабляе мускулатуру бронхаў і страўніка, расшырае зрэнкі, павышае бялковы, вугляводны і тлушчавы абмен. Прымяняецца пры вострым зніжэнні артэрыяльнага ціску, нечаканым спыненні работы сэрца (уводзіцца ўнутрысардэчна), алергічных хваробах, анафілактычным шоку. Колькасць адрэналіну ў крыві павялічваецца пры эмацыянальных нагрузках (стрэсе) і цяжкай мышачнай рабоце.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АТРАПІ́Н,

арганічнае рэчыва з групы алкалоідаў. Ёсць у некат. раслінах сям. паслёнавых (беладонна, блёкат, дурнап’ян і інш.). Лекавы (гал. чынам халіналітычны) сродак пры язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі, пілараспазме, жоўце- і нырачнакамянёвай хваробах, бранхіяльнай астме, ірытах, атручванні марфінам, ацэтылхалінам, карбахалінам і інш. Дзейнічае як антаганіст ацэтылхаліну: паслабляе гладкую мускулатуру (здымае спазмы бронхаў і інш.), зніжае сакрэцыю залоз, паскарае біццё сэрца, павышае ўзбуджальнасць дыхальнага цэнтра, расшырае зрэнкі. У медыцыне і эксперым. нейрафізіялогіі звычайна выкарыстоўваюць сульфат атрапіну.

т. 2, с. 78

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЭНАРЭЦЭ́ПТАРЫ, адрэнарэактыўныя сістэмы,

спецыфічныя біяхім. структуры клетак, якія ўзаемадзейнічаюць з медыятараміадрэналінам, норадрэналінам і некаторымі лек. рэчывамі. Вынікам узаемадзеяння з’яўляецца актывацыя або тармажэнне адпаведнай функцыі клеткі, потым органа і фізіял. сістэмы. Канчатковая будова адрэнарэцэптараў не вызначана. Яны падзяляюцца на α- і β-адрэнарэцэптары. α-адрэнарэцэптары найб. адчувальныя да норадрэналіну; пры іх актывацыі звужаюцца сасуды, скарачаецца матка, селязёнка, расшыраюцца зрэнкі. β-адрэнарэцэптары найб. адчувальныя да ізадрыну, пры іх узбуджэнні сасуды расшыраюцца, бронхі расслабляюцца, затарможваецца скарачэнне маткі, пачашчаецца рытм сардэчных скарачэнняў.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АБ’ЕКТЫ́Ў,

аптычная сістэма або яе частка, якая стварае сапраўдны адваротны відарыс аб’екта. Створаны аб’ектывам відарыс разглядаецца праз акуляр (звычайна пасля абарачальнай сістэмы) ці фіксуецца на экране, фатагр. плёнцы, фотакатодзе перадавальнай тэлевізійнай трубкі і інш. Бываюць лінзавыя, люстраныя і люстрана-лінзавыя.

Асн. аптычныя характарыстыкі: фокусная адлегласць f; дыяметр уваходнай зрэнкі d; святласіла d/f; вугал (поле) зроку; раздзяляльная здольнасць. Аб’ектывы тэлескапічных сістэм маюць фокусную адлегласць да некалькіх метраў і дыяметр уваходнай зрэнкі ад некалькіх сантыметраў (у геад., вымяральных і падзорных трубах) да некалькіх метраў (у тэлескопах-рэфрактарах), аб’ектывы мікраскопаў — фокусную адлегласць 1,5—40 мм, малафарматных фотаапаратаў — 6—2000 мм (для аматарскай практыкі 28—200 мм). Фатагр. аб’ектывы бываюць нармальныя (вугал зроку 40—50°), шырокавугольныя (больш за 70°), звышшырокавугольныя (больш за 83°, аб’ектывы тыпу «рыбіна вока» больш за 180°), даўгафокусныя (менш за 39°) і звышдаўгафокусныя (менш за 9°). Канструкцыя складаных аб’ектываў дазваляе выправіць храматычную і геам. аберацыі аптычных сістэм. Большасць аб’ектываў — анастыгматы. Аб’ектывы з пераменнай фокуснай адлегласцю (панкратычныя), у якіх плоскасць відарыса і святласіла нязменныя, выкарыстоўваюцца ў кіна- і тэлекамерах, спец. прамянёвастойкія — у лазерных сістэмах. Для павелічэння фіз. святласілы аб’ектывы прасвятляюць (гл. Прасвятленне оптыкі).

В.В.Валяўка.

Лінзавыя фатаграфічныя аб’ектывы: 1 — «Трыплет»; 2 — «Індустар»; 3 — «Гіпергон»; 4 — «Арыён»; 5 — «Юпітэр»; б — шырокавугольны аб’ектыў Гіля.

т. 1, с. 19

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКУЛЯ́Р

(ад лац. ocularis вочны),

частка аптычнай прылады (мікраскопа, тэлескопа і інш.), накіраваная да вока назіральніка. Прызначаны для разглядання павялічанага відарыса, створанага аб’ектывам або абарачальнай сістэмай. Асн. характарыстыкі: фокусная адлегласць, якая вызначае павелічэнне ўсей аптычнай сістэмы; адлегласць да выхадной зрэнкі (ад апошняй паверхні акуляра да відарыса, створанага акулярам); вугал поля зроку. Асн. тыпы простых акуляраў: Гюйгенса (17 ст.) і Рамсдэна (18 ст.). У складаных акулярах за кошт павелічэння колькасці лінзаў і выкарыстання несферычных (напр., парабалічных) паверхняў вугал зроку даводзіцца да 90—100°.

Да арт. Акуляр: a — акуляр Гюйгенса; b — акуляр Рамсдэна; Л1, Л2 — лінзы; Д — дыяфрагма; F — пярэдняя факальная плоскасць; В — вока.

т. 1, с. 216

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)