АТРАПІ́Н,
арганічнае рэчыва з групы алкалоідаў. Ёсць у некат. раслінах сям. паслёнавых (беладонна, блёкат, дурнап’ян і інш.). Лекавы (гал. чынам халіналітычны) сродак пры язвавай хваробе страўніка і дванаццаціперснай кішкі, пілараспазме, жоўце- і нырачнакамянёвай хваробах, бранхіяльнай астме, ірытах, атручванні марфінам, ацэтылхалінам, карбахалінам і інш. Дзейнічае як антаганіст ацэтылхаліну: паслабляе гладкую мускулатуру (здымае спазмы бронхаў і інш.), зніжае сакрэцыю залоз, паскарае біццё сэрца, павышае ўзбуджальнасць дыхальнага цэнтра, расшырае зрэнкі. У медыцыне і эксперым. нейрафізіялогіі звычайна выкарыстоўваюць сульфат атрапіну.
т. 2, с. 78
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)