спосаб прышчэплівання раслін чаранком. Найб. пашыраны спосаб размнажэння пладовых дрэў і кустоў.
Пры простай К. (таўшчыня прышчэпы і прышчэпка да 1,5 см) на ніжніх канцах чарапка і галінкі робяць аднолькавыя па велічыні гладкія косыя зрэзы даўж. 3—4 см і накладваюць адзін на адзін так, каб іх камбіяльныя слаі супалі па ўсёй даўж. зрэзаў, шчыльна абвязваюць месца прышчэплівання плёнкай, цалкам закрываючы зрэзы. Верхні зрэз на прышчэпленым чаранку замазваюць садовым варам. Пры палепшанай К. сувязь прышчэпы з прышчэпкам больш трывалая, што дасягаецца з дапамогай язычкоў, якія робяцца на адлегласці 1/3 ад ніжняга канца зрэзу на прышчэпе і на чаранку. Іх шчыльна прыкладваюць адзін да аднаго такім чынам, каб чаранок прасунуўся ўніз па зрэзе на прышчэп і ніжні канец зрэзу на чаранку супаў з пачаткам косага зрэзу на прышчэпе; потым месца прышчэплівання апрацоўваюць, як і пры простай К.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́ЧАР (Фелікс Айзікавіч) (н. 10.2.1935, Мінск),
бел. аператар, рэжысёр дакумент. кіно. Сын А.Кучара. Скончыў БДУ (1951), Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1971). З 1965 працуе на кінастудыі «Беларусьфільм». Аператар дакумент. фільмаў (усе з рэж. С.Лук’янчыкавым) «Гульня» (1972), «Старт» (1973), «Боль» (1988), «Сорам» (1991) і інш., якія вылучаюцца майстэрствам рэпартажных і псіхал. здымак. Маст. фільмам (усе з рэж. В.Рыбаравым) «Жывы зрэз» (1977), «Сведка» (1985), «Мяне завуць Арлекіна» (1987) і інш. уласціва стрыманая эмацыянальнасць, рэалістычнасць і духоўнасць. Рэжысёр дакумент. фільма «Развітальнае» (1995).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІ́ЛЬЗА (ням. Hülse літар. абалонка),
1) у артылерыі элемент артылерыйскага боепрыпасу патроннага і паасобнага зараджання, танкасценны метал. стакан для размяшчэння парахавога зараду, сродкаў запальвання і інш. Для танкавай артылерыі часта вырабляюць з саставаў, якія поўнасцю або часткова згараюць у час стрэлу.
2) гільза стралковай зброі падобна па канструкцыі на гільзу артыл. патрона. Бываюць латунныя, стальныя, кардонныя (для паляўнічай зброі).
3) гільза ў тэхніцы — пустацелая зменная цыліндрычная ўстаўка поршневых цеплавых рухавікоў (унутры гільзы перамяшчаецца поршань). Вырабляюць з чыгуну, устанаўліваюць у блок-картэрах рухавікоў з алюмініевых сплаваў.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАДСО́ЧКА,
спосаб атрымання жывіцы, цукрыстых сокаў і латэксу натуральнага з дрэў шляхам штучнага паранення ствалоў у перыяд вегетацыі.
На ствале спелага дрэва робяць косыя зрэзы, якія ўскрываюць смаляныя хады, і накіравальны жалабок, па якім жывіца сцякае ў прыёмнікі. Для стымуляцыі выдзялення ці змянення хім. саставу смалы зрэз апрацоўваюць хім. стымулятарамі. Пашырана таксама П. бярозы для атрымання бярозавага соку. З пачаткам руху соку ў ствале свідруюць невял. адтуліны, пад якія змяшчаюць жалабок і посуд для соку. П. аслабляе дрэвы, таму яе праводзяць за 10—15 гадоў да высечкі.
Забаронена П. ў запаведніках, заказніках, нац. парках, дрэў ці насаджэнняў — помнікаў прыроды, насенных дрэў. Для павышэння жыццеўстойлівасці падсочаных дрэў і актывізацыі працэсаў смола- і сокаўтварэння праводзяць іх падкормку, біял. меліярацыю і інш. На Беларусі асн.прамысл. значэнне мае П. хвоі звычайнай.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАМП’Ю́ТЭРНАЯ ТАМАГРА́ФІЯ,
метад рэнтгеналагічнага даследавання, пры якім атрымліваюць аксіяльны (папярочны) «зрэз» цела пацыента шляхам апрацоўкі праз ЭВМ даных пра паглынальную здольнасць тканак пры праходжанні праз іх кругавога сканіруючага пучка рэнтгенаўскіх прамянёў. Мае высокую кантрастную здольнасць, што дазваляе дыферэнцыраваць тканкі з розніцай шчыльнасці ў межах 0,5—2%. Метад заснаваны на вымярэнні паказчыкаў аслаблення. Шкала шчыльнасці — ад -1000 (паветра) да +1000 (косці) умоўных адзінак; таўшчыня зрэзаў пры К.т. 2—10 мм. Адзінку вымярэння К.т. — аслабленне — наз. адзінкай Хаўнсфілда. За распрацоўку і выкарыстанне К.т. амер. вучоны А.Кормак і англ. вучоны Г.Хаўнсфілд у 1979 атрымалі Нобелеўскую прэмію.
К.т. — метад удакладнення дыягназу (выяўленне пухлін, кіст, паразітарных пашкоджанняў, змен пасля запаленняў і траўм, заган развіцця, дэгенератыўна-дыстрафічных працэсаў і інш.) у галаўным мозгу, прыдаткавых пазухах носа, арбітах, пазваночніку і спінным мозгу, органах грудной клеткі, брушной поласці, малога таза, касцях і мяккіх тканках. Дапамагае вызначыць лакалізацыю і велічыню паталаг. працэсу, дынаміку развіцця хваробы і вынікі лячэння, месца і аб’ём для хірург. ўмяшання, для тапаметрыі пры прамянёвай тэрапіі і інш. К.т. робяць тамографамі. Існуе К.Т., заснаваная на эфекце ядзерна-магн. рэзанансу, пазітронная.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
І́МПУЛЬС ЭЛЕКТРЫ́ЧНЫ,
кароткачасовае адхіленне эл. напружання або току ад некаторага пастаяннага значэння. У залежнасці ад характару імпульсных змен напружання (току) адрозніваюць відэаімпульсы (адрэзкі эл. ваганняў зададзенай формы з адрознай ад нуля пастаяннай складальнай) і радыёімпульсы (адрэзкі гарманічных ваганняў).
Відэаімпульсы бываюць прамавугольнай, каўпакападобнай, трохвугольнай (пікападобнай) і інш. формы. Характарызуюцца працягласцю і амплітудай. Рэальныя прамавугольныя І.э. маюць участкі хуткага нарастання і спаду вагання (наз адпаведна фронтам і зрэзам імпульсу), участак параўнальна павольнай змены напружання або току (вяршыня імпульсу), выкіды прамой і адваротнай палярнасці. Выкарыстоўваюцца ў электрасувязі, тэлебачанні, імпульснай тэхніцы. Радыёімпульсы звычайна атрымліваюць імпульснай мадуляцыяй гарманічнага нясучага вагання відэаімпульсамі выбранай формы. Могуць мець дадатковую да гарманічнай унутрыімпульсную мадуляцыю нясучага вагання па частаце, перыядзе або пачатковай фазе. Радыёімпульсы выкарыстоўваюць пераважна ў радыётэхн. сістэмах, звязаных з выпрамяненнем і прыёмам радыёхваль (у радыёлакацыі, радыёсувязі, радыёкіраванні і інш.). З адзінкавых І.э. фарміруюць іх паслядоўнасці (пераважна перыядычныя) і пачкі (адносна невял. групы). Адносіны перыяду паўтарэння імпульсаў у паслядоўнасці або пакеце (пачцы) да працягласці імпульсу наз. перарывістасцю (шчыліннасцю).
Літ.:
Фролкин В.Т., Попов Л.Н. Импульсные и цифровые устройства. М., 1992;
Баскаков С.И. Радиотехнические цепи и сигналы. 2 изд. М., 1988.
В.І.Вараб’ёў.
Імпульсы электрычныя: а — відэаімпульсы (1 — прамавугольны, 2 — каўпакападобны, 3 — трохвугольны); б — радыёімпульс прамавугольны; в — рэальны прамавугольны відэаімпульс; г — перыядычная паслядоўнасць прамавугольных відэаімпульсаў; ti — працягласць, Ai — амплітуда, τф — фронт, τз — зрэз імпульсу; Tп — перыяд паўтарэння імпульсу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГІСТАРЫ́ЧНЫ СЛО́ЎНІК,
1) слоўнік эвалюцыі лексікі пэўнай мовы, які паказвае змены ў семантыцы і словаўтваральнай структуры рэестравых слоў ад моманту іх з’яўлення ў мове (што збліжае яго з этымалагічным слоўнікам) да часу іх поўнага ці частковага выхаду з ужытку. Ахоплівае ўсю пісьмова-засведчаную лексіку пэўнай мовы на працягу яе пісьмовай гісторыі і падае абавязковую тэкставую ілюстрацыю для кожнага рэестравага слова: напр., «Новы гістарычны слоўнік англійскай мовы» (т. 1—13, 1928; т. 1—20, 2-е выд. 1989).
2) Слоўнік, які дае гарызантальны зрэз лексікі пэўнай мовы, змяшчае разнастайныя звесткі (дэфініцыі, цытаты-ілюстрацыі, варыянты напісання, формы словазмянення, спалучальнасць і інш.) аб словах, што выкарыстоўваліся ў храналагічна дакладна вызначаны перыяд развіцця гэтай мовы. Вылучаюцца: агульнафілалагічныя, тэзаўруснага тыпу, гістарычныя слоўнікі (напр., «Гістарычны слоўнік беларускай мовы», вып. 1—14, 1982—96, выданне працягваецца; створаны на аснове бел. пісьмовых помнікаў 14—18 ст.); аспектныя гістарычныя слоўнікі, найб.стараж. — слоўнікі-анамастыконы, слоўнікі-сімволікі, т.зв. прыточнікі, слав.-бел. ці старабел. лексіконы (напр., «Лексіс» Л.Зізанія, 1596; «Лексіконъ славенороскій и именъ тлъкованіе» П.Бярынды, 1627, і інш.). У залежнасці ад прынцыпу адбору лексікі аспектныя гістарычныя слоўнікі падзяляюцца на слоўнікі мовы аднаго помніка (напр., слоўнікавы дадатак да «Рускай праўды», 1930, складзены Я.Ф.Карскім); слоўнікі мовы пісьмовых помнікаў пэўнага жанру (напр., «Слоўнік старажытнай актавай мовы Паўночна-Заходняга краю і Царства Польскага» М.І.Гарбачэўскага, 1874); акцэнталагічныя гістарычныя слоўнікі («Акцэнталагічны слоўнік старажытнарускай мовы XIV стагоддзя» В.Я.Ушакова, 1982); гістарычныя слоўнікі запазычанняў (напр., «Даўнія запазычанні беларускай мовы» А.М.Булыкі, 1972) і інш. У некаторых выпадках да аспектных гістарычных слоўнікаў адносяць слоўнікі мовы пісьменніка (напр., «Слоўнік мовы Скарыны» У.В.Анічэнкі, т. 1—3, 1977—94) і тэрміналагічныя слоўнікі (напр., «Даведачны слоўнік юрыдычных тэрмінаў старажытнай актавай мовы Паўднёва-Заходняй Расіі» І.П.Навіцкага, 1871—72).