ЗБРО́Я МА́САВАГА ЗНІШЧЭ́ННЯ,
зброя вялікай разбуральнай і знішчальнай сілы, прызначаная для нанясення масавых страт. Да З.м.з. адносіцца ядзерная зброя, хімічная зброя і біялагічная зброя.
Агульныя паражальныя фактары З.м.э. выяўляюцца на працягу вял. прамежкаў часу пасля яе выкарыстання і маюць моцны маральна-псіхалагічны ўплыў. Магчыма стварэнне прынцыпова новых відаў З.м.з. (радыелагічнай, інфрагукавой, пучковай, лазернай, геафіз.. этнічнай і інш.). Па сваіх уласцівасцях да З.м.з. могуць набліжацца звычайныя віды ўзбраення пры выкарыстанні якасна новых элементаў (гл., напр., Вакуумная зброя).
П.В.Сычоў.
т. 7, с. 31
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАСЦЯРОГА АД ЗБРОІ МА́САВАГА ЗНІШЧЭННЯ,
комплекс мерапрыемстваў для зберажэння войск, насельніцтва і аб’ектаў нар. гаспадаркі ад уздзеяння ядз., хім., біял. (бактэрыяльнай) зброі.
Засцярога насельніцтва ўключае падрыхтоўку ахоўных збудаванняў, забеспячэнне людзей сродкамі індывід. засцярогі, вываз насельніцтва з буйных гарадоў у загарадную зону, папярэджанне аб пагрозе праціўніка выкарыстання зброі масавага знішчэння (ЗМЗ), біял. назіранне і кантроль заражэння навакольнага асяроддзя, запасаў харчавання і вады, сан.-гігіенічныя і проціэпідэмічныя мерапрыемствы і інш. У войсках арганізуецца і праводзяцца ва ўсіх відах баявой дзейнасці, уключае: радыяцыйную, хім. і біял. разведку, выяўленне падрыхтоўкі і папярэджанне войск аб пагрозе выкарыстання праціўнікам ЗМЗ, разгрупаванне войск (сіл) і перыядычную змену месцаў іх дыслакацыі; выкарыстанне ахоўных уласцівасцей мясцовасці, інж. абсталяванне месцаў дыслакацыі і інш. Гл. таксама Грамадзянская абарона, Засцярога супраць іанізавальнага выпрамянення.
П.В.Сычоў.
т. 7, с. 7
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
Дагавор аб забароне размяшчэння на дне мораў і акіянаў і ў яго нетрах ядзернай зброі і іншых відаў зброі масавага знішчэння 1971 9/69
Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭЗАДАРА́НТЫ (ад дэз... + лац. odor пах),
сродкі для аслаблення ці знішчэння дрэннага паху; кампазіцыі арган. злучэнняў — спіртоў, альдэгідаў, вытворных вышэйшых тлустых кіслот, прыродных і сінт. пахучых рэчываў і інш. з рознымі дабаўкамі. Паводле прызначэння адрозніваюць Д. паветра (для памяшканняў, вопраткі і інш.) і гігіенічныя (касметычныя для знішчэння паху поту, асвяжэння цела і поласці рота), якія звычайна маюць рэчывы, што памяншаюць выдзяленне поту (фармалін, уратрапін) ці аказваюць дэзінфіцыруючае дзеянне.
т. 6, с. 325
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗОАМЕЛІЯРА́ЦЫЯ (ад зоа... + меліярацыя),
паляпшэнне прыродных і антрапагенных аб’ектаў шляхам выкарыстання абарыгенных або інтрадукаваных відаў жывёл. Выкарыстоўваецца для барацьбы з зарастаннем каналаў і вадаёмаў-ахаладжальнікаў ЦЭЦ, паляпшэння гідрахім. рэжыму і памяншэння колькасці малакаштоўных відаў рыб у сажалках, знішчэння хваробатворных насякомых, шкоднікаў сельскай, лясной гаспадаркі і інш.
На Беларусі З. выкарыстоўваецца для знішчэння джгіроў, колюшкі, вярхоўкі, шчыпоўкі і інш. рыб, якія засмечваюць сажалкі (напр., сумесна з карпам вырошчваюць шчупакоў, судакоў і інш. драпежных рыб); для барацьбы з зарастаннем вадаёмаў разводзяць белага амура, таўсталобікаў, выкарыстоўваюць пушных драпежнікаў і малюскаў; на тарфяніках, што асушваюць, — беспазваночных жывёл-глебаўтваральнікаў (напр., дажджавых чарвей).
т. 7, с. 103
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДЭФЛАРА́НТЫ,
хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюць для знішчэння кветак раслін з мэтаю папярэджання іх плоданашэння. Апрацоўку Д. праводзяць у гасп. мэтах або для абмежавання і прадухілення пашырэння непажаданых відаў раслін.
т. 6, с. 365
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРАЖЫ́РАВАННЕ (ад франц. barrage загарода),
палёт самалётаў знішчальнай авіяцыі над вызначаным раёнам з мэтай перахоплівання і знішчэння сродкаў паветр. нападу праціўніка. З 1960-х г. выкарыстоўваецца тэрмін «дзяжурства ў паветры».
т. 2, с. 290
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЯЦЫ́ДЫ,
хімічныя рэчывы, якія выкарыстоўваюць для знішчэння «сорных» відаў рыб у невял. вадаёмах; адносяцца да заацыдаў. Выкарыстанне І. патрабуе дакладнай дазіроўкі, інакш можа прывесці да адмоўных экалагічных наступстваў ці стаць прычынай хім. забруджвання водных аб’ектаў.
т. 7, с. 369
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАГАВО́Р АБ ЗАБАРО́НЕ РАЗМЯШЧЭ́ННЯ Я́ДЗЕРНАЙ ЗБРО́І НА МАРСКІ́М ДНЕ,
шматбаковае міжнар. пагадненне аб забароне размяшчэння на дне мораў і акіянаў і ў іх нетрах ядз. зброі і інш. відаў зброі масавага знішчэння. Адкрыты для падпісання ў Маскве, Вашынгтоне і Лондане 11.2.1971. Удзельнікамі дагавора з’яўляюцца больш за 100 дзяржаў, у т. л. Рэспубліка Беларусь (падпісала яго 3.3.1971, ратыфікавала 6.9.1971). Дагавор забараняе ўстанаўліваць і размяшчаць ядз. зброю і інш. віды зброі масавага знішчэння, пускавыя ўстаноўкі і інш. прыстасаванні, прызначаныя для захоўвання, выпрабавання ці выкарыстання такой зброі на дне мораў, акіянаў і ў іх нетрах за знешняй мяжой 12-мільнай узбярэжнай зоны (адлічваецца ад лініі найвялікшага адліву ўздоўж марскога ўзбярэжжа).
Ю.П.Броўка.
т. 5, с. 570
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗААЦЫ́ДЫ [ад заа... + ...цыд(ы)],
хімічныя сродкі знішчэння шкодных пазваночных. Выкарыстоўваюць у асн. для барацьбы з грызунамі (радэнтыцыды), у прыватнасці мышамі і пацукамі (ратыцыды), а таксама птушкамі (авіяцыды). Моцныя яды. Вытв-сць, захоўванне і выкарыстанне дапускаюцца толькі з дазволу адпаведных дзярж. органаў.
т. 6, с. 484
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)