ГАНСА́ЛВІШ ((Goncąlves) Нуну) (каля 1425—92),

партугальскі жывапісец. У 1450—71 каралеўскі мастак. Яму прыпісваюць самы значны помнік партуг. мастацтва 15 ст. «Алтар св. Вінцэнта». Манум. характар кампазіцыі, тып алтара і манера пісьма сведчаць пра знаёмства яго аўтара з творамі Я. ван Эйка і інш. нідэрл. майстроў 15 ст.

Н.Гансалвіш. Размалёўка алтара св. Вінцэнта. 15 ст.

т. 5, с. 30

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІВАСЮ́К ((Ivasiuc) Александру) (1933—1977),

румынскі пісьменнік. Друкаваўся з 1965. У раманах «Вестыбюль» (1967), «Інтэрвал» (1968), «Начное знаёмства» (1969), «Птушкі» (1970), «Паводка» (1973), «Азарэнне» (1975), «Рак» (1976) аналізуе пасляваен. рэчаіснасць, паліт. процістаянне ў краіне. Творы І. адметныя сюжэтнай разнастайнасцю, вастрынёй канфліктаў, глыбокім псіхалагізмам, філасафічнасцю, апавядальным поліфанізмам. Аўтар зб. нарысаў «Pro domo» (1972 і 1974), эсэ, навел.

Тв.:

Рус. пер. Половодье. Охотничий рог. Рак. М., 1982.

Е.​А.​Лявонава.

т. 7, с. 156

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЯРЖА́ЎНЫ ПО́ЛЬСКІ ТЭА́ТР ЛЯ́ЛЕК БССР.

Існаваў у 1939—41. Створаны ў Гродне з акцёраў польск. драм. т-раў. Маст. кіраўнік У.​Ярэма. Значную ролю ў станаўленні калектыву адыграла знаёмства з творчасцю Цэнтр. т-ра лялек пад кіраўніцтвам С.Абразцова, які ў 1939 гастраліраваў у Беластоку. У пастаноўках выкарыстоўваліся лялькі розных сістэм. У рэпертуары: «Дзед і Жораў» В.​Вольскага, «Патапыч» і «Чароўны галёш» Г.​Мацвеева, «Чароўная лямпа Аладзіна» Н.​Гернет і інш. Спыніў дзейнасць у пач. Айч. вайны.

т. 6, с. 154

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

В’ЁТА́Н ((Vieuxtemps) Анры) (17.2.1820, г. Верв’е, Бельгія — 6.6.1881),

бельгійскі скрыпач, кампазітар. Адзін з буйнейшых скрыпачоў рамант. кірунку. Вучань Ш.Берыо. Выступаў з 7-гадовага ўзросту. Гастраліраваў у краінах Еўропы і Амерыкі. У 1838—40 і 1845—52 працаваў у Расіі. На яго творчасць паўплывала знаёмства з М.​Глінкам, А.​Даргамыжскім і інш. Аўтар 7 віртуозных канцэртаў для скрыпкі з аркестрам (найб. значны 4-ы), п’ес на тэмы рус. кампазітараў і інш. У 1871—73 праф. Брусельскай кансерваторыі. Сярод яго вучняў Э.Ізаі. З 1879 жыў у Алжыры.

т. 4, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕРНАДЭ́ЛІ ((Bernadelli) Фартуната) (?—5.12.1830),

італьянскі артыст балета, балетмайстар. Вучыўся ў С.Вігано. З 1812 працаваў у Парыжы, Амстэрдаме, Бруселі, Вене, Варшаве. З 1818 у Расіі, у 1819—22 і з 1826 у Вял. тэатры (першы мім). Выконваў камедыйныя, гратэскавыя і пантамімічныя ролі: Кален («Жанета і Кален»), Атэла («Атэла, або Венецыянскі маўр», у абодвух і балетмайстар). Сярод пастановак: «Механічныя фігуры», «Садоўніца», «Каханне Марса і Венеры», «Рычард Ільвінае сэрца ў Палесціне» на зборную музыку. Прапагандаваў ідэі і традыцыі Ж.Ж.Навера, творчасць Вігано. Яго дзейнасць мела вял. значэнне для знаёмства рус. артыстаў з асн. кірункамі зах.-еўрап. харэаграфіі, зрабіла ўплыў на развіццё акцёрскага майстэрства балетнай трупы Вял. Т-ра.

т. 3, с. 118

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЖЫРАРДО́ ((Girardot) Анні) (н. 25.10.1931, Парыж),

французская актрыса. Скончыла Парыжскую кансерваторыю (1954). Працавала ў т-ры «Камеды Франсэз». У кіно з 1956. Этапнай у яе творчасці стала роль Надзі ў фільме Л.​Вісконці «Рока і яго браты». Вобраз моцнай і гордай жанчыны, якая самастойна вырашае свой лёс, актрыса вар’іруе ў фільмах «Тры пакоі ў Манхатане», «Памерці ад кахання», «Няма дыму без агню» (у пракаце «Шантаж»). Яе мастацтва вылучаецца незвычайнай пластычнасцю, схільнасцю да сарказму, лірычнага гумару, уменнем ярка і дакладна акрэсліць характар. Сярод інш. фільмаў: «Жанчына-малпа», «Доктар Франсуаза Гаян», «Знаёмства па шлюбнай аб’яве», «Пяшчотны паліцэйскі», «Ключ да дзвярэй», «Кажыце, мне цікава».

т. 6, с. 469

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВАДАНО́САЎ (Мікола) (Мікалай Міхайлавіч; н. 4.1.1923, Мінск),

бел. пісьменнік. Засл. работнік культуры Беларусі (1982). Скончыў Вышэйшыя літ. курсы ў Маскве (1959). Працаваў тэхнікам на Бел. радыёцэнтры, у выд-вах «Беларусь» і «Мастацкая літаратура». Друкуецца з 1948. Займальны сюжэт, элементы прыгодніцтва ў кн. для дзяцей «Першае знаёмства» (1954), «Апошні вадзянік» (1964), «Хатабыч-малодшы» (1965), «Лясныя прыгоды» (1976), «Скарб Загорскай камяніцы» (1985) і інш. У кнігах апавяданняў і аповесцяў «У Баркоўскай пушчы» (1956), «Надзеі і здзяйсненні» (1963), «Пад чужым паролем» (1971), «Дзень — і ўсё жыццё» (1988) і інш. закранае маральна-этычныя праблемы, паказвае гераізм народа ў час вайны. Выступае і як гумарыст (зб. «Левыя ногі», 1983).

Тв.:

Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1983.

т. 3, с. 433

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАБРУ́ЙСКІ ВАНДРО́ЎНЫ БЕЛАРУ́СКІ ДРАМАТЫ́ЧНЫ ТЭА́ТР.

Існаваў у 1956—62 у Бабруйску. Створаны як Бабруйскі бел. вандроўны калгасна-саўгасны т-р. Адкрыўся 1.1.1957 спектаклем «Раскіданае гняздо» Я.​Купалы. Трупа складалася з акцёраў Тэатра драмы і камедыі пры Белдзяржэстрадзе, выпускнікоў Бел. тэатр.-маст. ін-та і ўдзельнікаў маст. самадзейнасці. Гал. рэжысёр А.Аркадзьеў. Тэатр ставіў класічныя творы, п’есы бел., рус., укр. драматургаў. Найб. поспехам карысталіся спектаклі з жыцця бел. калгаснай вёскі з камедыйным гучаннем: «Цені знікаюць» С.​Свірыдава, «Нячыстая сіла» Г.​Стафанскага, «Чалавек вярнуўся» і «Дзіўны дом» П.​Васілеўскага, «Вясёлка» і «Антэй» М.​Заруднага, «Кухарка» і «Кухарка замужам» А.​Сафронава і інш. З пач. 1960-х г. пераважалі муз.-драм. спектаклі («Небяспечны ўзрост» С.​Нарыньяні, «Курортнае знаёмства» М.​Віннікава, «Вяселле ў Малінаўцы» Б.​Аляксандрава). 17.12.1962 рэарганізаваны ў Бабруйскі музычна-драматычны тэатр.

т. 2, с. 190

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРА́ЙН (Юльян) (1821, г.п. Радашковічы Маладзечанскага р-на Мінскай вобл. — 28.3.1883),

пісьменнік, падарожнік. Пісаў на польск. мове. Скончыў Мінскую гімназію. Вучыўся ў Маскоўскім ун-це. У 1840—50-я г. жыў у Мінску. Сябраваў з В.​Дуніным-Марцінкевічам. На пастаноўку яго «Ідыліі» адгукнуўся артыкулам «Фізіялогія прыказак» у газ. «Dziennik Warszawski» («Варшаўскі дзённік», 1852, № 99—100). Той самы артыкул змешчаны ў празаічным зб. Гарайна «Затрачаныя хвіліны» (Вільня, 1857). Аўтар успамінаў пра У.​Сыракомлю «З жыцця паэта» (Львоў, 1886), дзе падрабязна апісаў знаходжанне паэта ў Мінску і абставіны яго знаёмства з Дуніным-Марцінкевічам. У 1870-я г. жыў у ЗША, дзе сустракаўся з Г.​Сянкевічам, выдаў аповесць «5П-1Р» (Чыкага, 1878). Выкарыстаў бел. нар. паданні, пісаў пра цяжкае жыццё бел. прыгоннага сялянства (аповесць «Д’ябал фарэйтарам»).

А.​В.​Мальдзіс.

т. 5, с. 49

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АКСА́КАЎ (Сяргей Цімафеевіч) (1.10.1791, г. Уфа — 12.5.1859),

рускі пісьменнік. Вучыўся ў Казанскім ун-це (1805—07). Чл.-кар. Пецярбургскай АН (з 1856). З 1843 жыў у маёнтку Абрамцава. Літ. дзейнасць пачаў у 1820-я г. як тэатр. рэцэнзент. Першы маст. нарыс «Буран» (1834). У кн. «Запіскі пра тое, як вудзіць рыбу» (1847), «Запіскі ружэйнага паляўнічага Арэнбургскай губерні» (1852), «Апавяданні і ўспаміны паляўнічага пра розныя паляванні» (1855) выступіў як уважлівы назіральнік паводзін, звычак звяроў, птушак і рыб. Вяршыня творчасці — аўтабіягр. аповесці «Сямейная хроніка» (1856) і «Дзіцячыя гады Багрова-ўнука» (1858), у якіх стварыў шырокую панараму памешчыцкага побыту канца 18 ст. Пісаў артыкулы, рэцэнзіі, нататкі пра л-ру і тэатр, мемуары («Літаратурныя і тэатральныя успаміны», 1856—58, «Гісторыя майго знаёмства з Гогалем», 1852—55, незаконч.; апубл. 1890) і інш.

Тв.:

Собр. соч. Т. 1—3. М., 1986.

т. 1, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)