КРУШЭ́ЎСКІ (Мікалай Вячаслававіч) (18.12.1851, г. Луцк Валынскай вобл., Украіна — 12.11.1887),
рускі мовазнавец; прадстаўнік казанскай лінгвістычнай школы, педагог. Д-р філал. н. (1883). Скончыў Варшаўскі ун-т (1875), вучань І.А.Бадуэна дэ Куртэнэ. Выкладаў стараж. мовы ў навуч. установах г. Троіцка, з 1878 у Казанскім ун-це (з 1883 праф). Навук. працы ў галіне агульнага мовазнаўства, параўнальна-гіст. фанетыкі і граматыкі: «Назіранні над некаторымі фанетычнымі з’явамі, звязанымі з акцэнтуацыяй» (1879), «Да пытання аб гуне. Даследаванні ў галіне стараславянскага вакалізму» (1881), «Нарыс навукі аб мове» (1883) і інш., у якіх абгрунтоўваў сістэмны і знакавы характар мовы. Адзін з папярэднікаў сучаснай фаналогіі.
Літ.:
Черепанов М.В. Отражение принципов казанской лингвистической школы в исследованиях Н.В.Крушевского. Саратов, 1969;
Булахов М.Г. Восточнославянские языковеды. Т. 1. Мн., 1976.
І.К.Германовіч.
т. 8, с. 492
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗНА́КАВАЯ ТЭО́РЫЯ МО́ВЫ,
вучэнне, якое даследуе мову ў адносінах да інш. знакавых сістэм (матэм., муз., дарожнай і інш.), а таксама яе падабенства ці адрозненне ад іх. Заснавальнік семіётыкі амер. філосаф Ч.Пірс разглядаў мову як знакавыя адзінкі, характэрнай рысай якіх служыць адсутнасць знешняга падабенства з суадноснымі прадметамі. Амер. вучоны Ч.Морыс прапанаваў разглядаць усе знакі (у т. л. і моўныя) у трох вымярэннях: адносіны знакаў да аб’ектаў (семантыка), да інш. знакаў (сінтактыка) і да тых, хто карыстаецца гэтымі знакамі (прагматыка). Заснавальнік лінгвасеміётыкі (навукі, што вывучае знакавыя ўласцівасці мовы) швейцарскі лінгвіст Ф. дэ Сасюр асн. рысамі моўных знакаў лічыў іх сістэмнасць і наяўнасць адвольнай сувязі паміж іх планамі выражэння і планамі зместу. Гэтыя рысы надаюць мове стабільнасць, а таксама здольнасць фармуляваць самыя складаныя адцягненыя паняцці. Найб. выразны знакавы характар маюць пісьмовыя формы мовы, разам з якімі выкарыстоўваюцца і неславесныя знакі (лічбы, сімвалы і інш.).
Літ.:
Семиотика языка и литературы. М., 1983;
Соссюр Ф. де. Труды по языкознанию: Пер. с фр. М., 1977.
Б.А.Плотнікаў.
т. 7, с. 98
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)