Змеявік (геал.), гл. Серпенцініт

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕЯВІ́К,

мінерал горная парода, гл. Серпенцініт.

т. 7, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕЯВІ́К (Bistorta),

род кветкавых раслін сям. драсёнавых. Каля 30 відаў. Пашыраны ў Паўн. паўшар’і, пераважна ў горных раёнах Азіі. На Беларусі амаль па ўсёй тэрыторыі на нізінных лугах, палянах і ў хмызняках трапляецца З. вялікі, або драсён змяіны, ці ракавыя шыйкі (B. major). З. таксама наз. віды раслін з іншых родаў і сямействаў.

Шматгадовыя травяністыя расліны з тоўстым, звычайна змеепадобным карэнішчам і прамастойнымі сцёбламі. Лісце прыкаранёвай разеткі буйное, на доўгіх чаранках, сцябловае — з доўгімі похвамі і невял. ліставымі пласцінкамі, на кароткіх чаранках. Кветкі двухполыя. ружовыя або ружова-белаватыя, у густых гронкападобных суквеццях; у З. жывароднага (B. vivipara) кветкі ніжняй ч. суквецця відазменены ў клубеньчыкі, якія служаць для вегетатыўнага размнажэння. Плод — 3-гранны арэшак. Лек., таніданосныя (у карэнішчах да 25% дубільных рэчываў), фарбавальныя, меданосныя і дэкар. расліны.

Г.​У.​Вынаеў.

Змеявік вялікі.

т. 7, с. 96

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АФІКАЛЬЦЫ́Т,

дробназярністая метамарфізаваная горная парода, якая складаецца з кальцыту і хрызатылу і звычайна мае гнёзды, плямы і жылы высакароднага серпенціну (гл. Змеявік). Колер жоўты, зеленаваты, блакітны і інш. са шматлікімі жылкамі і ўзорамі. Утвараецца пераважна ў выніку кантактавага метамарфізму даламітавых парод. У паліраваным выглядзе выкарыстоўваецца для ўнутранага аздаблення будынкаў і розных вырабаў.

т. 2, с. 132

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗМЕЕВІКІ́,

усходнеславянскія металічныя амулеты 11—14 ст. у выглядзе манетападобнай падвескі ці круглага складня. На вонкавым баку З. звычайна змяшчалася выява хрысціянскай сімволікі (Хрыстос, архангелы, святыя), на адваротным — кругавы надпіс (закліканне) і «змяінае гняздо». Лічылася, што З. засцерагаюць ад хвароб і немачы. Знойдзены З.: свінцовы канца 13 — пач. 14 ст. (Брэст), медны (Заслаўе) і бронзавы (Дрысвяты) з вушкам для падвешвання, бронзавы медальён-З. (Ваўкавыск), медны 12—13 ст. (Чачэрск).

Змеявік. 12 — пач. 13 ст. з Заслаўя.

т. 7, с. 94

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МА́РМУР (ад грэч. marmaros бліскучы камень, каменная глыба),

поўнакрышталічная метамарфічная карбанатная горная парода, якая ўтварылася ў выніку перакрышталізацыі вапняку або даламіту. Колер белы, шэры, ружовы, чорны і інш. ў залежнасці ад прымесей. Цв. 3—4. Шчыльн. 1,9—2,8 г/см³. Дробнакрышт. М. адрозніваецца найб. трываласцю і лепшай паліравальнасцю. Белы М. найб. каштоўны (статуарны, скульптурны). Цэніцца таксама М. з дэкаратыўнай структурай: слаістай, паласатай, брэкчыяпадобнай, кангламератавай, маляўнічай афарбоўкай. Выкарыстоўваецца як каштоўны дэкар. камень у буд-ве, дарожна-буд. і вырабны ў скульптурных работах. Здабываецца ў многіх краінах свету, найб. каштоўны для скульптуры ў Італіі (Карарскае радовішча), Грэцыі (Параскае). У буд-ве М. наз. таксама метамарфічныя пароды сярэдняй цвёрдасці, што добра паліруюцца: мармурызаваныя вапнякі, шчыльны даламіт, карбанатныя брэкчыі і кангламераты, офікальцыт, часам змеявік.

т. 10, с. 122

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕЛАРУ́СКІ МУЗЕ́Й у Вільні,

Віленскі беларускі гісторыка-этнаграфічны музей імя І.​І.​Луцкевіча. Існаваў у 1921—45. Засн. на базе прыватнай калекцыі бел. этнографа і археолага І.​Луцкевіча і інш. матэрыялаў. Размяшчаўся ў будынку б. базыльянскага кляштара, належаў Бел. навук. т-ву. Меў 5 экспазіц. залаў, архіў і б-ку з кнігазбораў І.​Луцкевіча, Е.​Р.​Раманава, Б.​Даніловіча (больш за 14 тыс. тамоў). Зберагаліся калекцыі: археалагічная (знаходкі з раскопак у 18 паветах на тэр. Беларусі, у т. л. пярсцёнкі з пячаткамі полацкіх князёў), сфрагістычная (103 пячаткі розных часоў, у т. л. пячатка Міндоўга), нумізматычная, медалёў і крыжоў (медныя крыжы 11 ст., амулет-змеявік), слуцкіх паясоў, дываноў і інш. вырабаў Гродзенскай, Нясвіжскай і Слуцкай мануфактур, бел. нар. муз. Інструментаў, твораў нар. разьбяроў, стараж. зброі (панцыры воіна і каня, кальчугі, крыжацкі меч, прадметы ўзбраення бел. сялян), рукапісных кніг і старадрукаў (ілюстраванае Жухавіцкае евангелле 14 ст., пражскія выданні Ф.​Скарыны, кнігі з друкарняў у Вільні, Куцейне, Еўі, Лоску, Нясвіжы, Слуцку і інш.), старадаўняга адзення; карціны бел. мастакоў. Пасля закрыцця музея большасць яго збораў перададзена ў Гіст.-этнагр. музей Літвы і Цэнтр. б-ку АН Літвы, астатнія — у Бел. дзярж. архіў-музей л-ры і мастацтва і Нац. музей гісторыі і культуры Беларусі.

Літ.:

Луцкевіч А. Беларускі музей імені Івана Луцкевіча. Вільня, 1933 (рэпр. Выд. 1992);

Лабынцаў Ю. Архіў беларускага адраджэння. Мн., 1993.

Л.​А.​Луцкевіч.

Фота Віцебска 1894 з Беларускага музея ў Вільні.

т. 2, с. 447

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)