КІРЫ́ЛА КАЖАМЯ́КА, Курыла Кажамяка, Мікіта Кажамяка,

вобраз чарадзейных усх.-слав. казак і паданняў; асілак, пераможца змея. У казках пра К.К. зліліся матывы міжнар. казачнага сюжэта і мясц. падання Кіеўскай Русі, якое сустракаецца ў «Аповесці мінулых гадоў», «Ніканаўскім летапісе» і інш. Паводле гэтага падання, юны Кажамяка, які можа разарваць сырамятную шкуру, вырваць у быка на бягу кавалак шкуры, перамагае волата-печанега і вырашае перамогу на карысць Русі. У заключным эпізодзе некаторых казак пра К.К. асілак запрог змея ў вялікі плуг і ўзараў глыбокую баразну (аж да самага мора). Сюжэт пра К.К. мае шмат агульнага з польск. паданнем пра змеяборца Крака і з сербскай эпічнай песняй пра змеяборца Дойчына.

Л.​Р.​Бараг.

т. 8, с. 285

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

Д’Я́БАЛ (грэч. diabolos літар. паклёпнік),

у рэлігійным уяўленні злы дух, князь цемры, увасабленне злога пачатку на зямлі. Д. — вобраз сінтэтычны, сфарміраваўся ў старажытнасці, мае сац. і гнасеалагічныя карані. Яго гіст. крыніцай з’яўляюцца стараж.-ўсх. рэлігіі. Уяўленні славян аб Д. звязаны з міфалагічнымі канцэпцыямі аб чорце, злых духах, ведзьмаках. Уяўляецца ў выглядзе змея, дракона, страшэннай істоты, пакрытай доўгай поўсцю, з рагамі і капытамі. У зямным жыцці ён натхняльнік усіх нячыстых сіл, у замагільным — уладар пекла. У хрысціянстве ён — вельзевул, люцыпар, анёл, які з-за пыхі і зайздрасці нібыта выгнаны Богам з неба. Менавіта ён у асобе змея-спакусніка з’явіўся першапрычынай грэхападзення чалавека. Аналагічныя вобразы ёсць у інш. міфалогіях (у мусульманскай — шайтан, будысцкай — мара). Вобраз Д. выкарыстоўваецца ў фальклоры, нар. творчасці.

Т.​І.​Адула.

т. 6, с. 367

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕВІЯФА́Н,

у біблейскай міфалогіі вялізная марская пачвара ў выглядзе кракадзіла, змея ці дракона, здольная ўскіпяціць увесь акіян. У Бібліі (Старым Запавеце) узгадваецца як прыклад (разам з бегемотам) недаступнасці спасціжэння боскага тварэння, або ў якасці варожай Богу магутнай істоты, якая сімвалізуе першабытны хаос, які ён перамагае напачатку светаўтварэння. У пераносным сэнсе — нешта вялізнае і пачварнае.

т. 9, с. 181

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯРНІДУ́Б, Дубавік, Дуб-Дубавік, Дубіна,

персанаж усх.-слав. чарадзейных казак, памочнік гал. героя-асілка (Кацігарошка, Івашкі — Мядзведжага Вушка, Ваські Папялышкі і інш.). Здольны выварочваць стогадовыя дубы і перакідваць іх на вял. адлегласць. Герой-асілак выпрабоўвае моц Вярнідуба, залічвае яго ў таварышы, і яны разам з інш. волатамі змагаюцца супраць магутных фантаст. істот (Змея, Кашчэя Бессмяротнага), у якіх увасоблены злыя сілы. Як і інш. волаты, Вярнідуб значна саступае па сіле гал. герою. У некаторых казках здраджвае асілку, які карае яго, а часам даруе яму. Сустракаецца ў рус. і ўкр. фальклоры.

Літ.:

Гл. пры арт. Вярнігара.

А.​С.​Фядосік.

т. 4, с. 394

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГО́РДЫМЕР ((Gordimer) Надзін) (н. 20.11.1923, г. Спрынгс, ПАР),

пісьменніца Паўд.-Афр. Рэспублікі. Піша на англ. мове. У зб-ках апавяданняў «Тварам да твару» (1949), «Ліслівы голас змея» (1952), «Напэўна ў панядзелак» (1976), «Абдымкі салдата» (1980), вострапаліт. аповесці «Недзе зусім побач» (1984), раманах «Ілжывыя дні» (1953), «Зямля чужынцаў» (1958), «Магчымасць кахаць» (1963), «Ганаровы госць» (1970), «Гісторыя майго сына» (1990) і інш. адлюстроўвае розныя бакі сучаснага жыцця краіны: сац. і расавую дыскрымінацыю, каханне, адносіны паміж людзьмі. Яе творам уласцівы тонкі псіхалагізм, лірычнасць, сувязь з фалькл. традыцыяй афр. прозы. Нобелеўская прэмія 1991.

Тв.:

Рус. пер. — Рассказы. М., 1971;

Дом Инкаламу: Рассказы. М., 1982;

Избранное. М., 1989.

т. 5, с. 359

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ПРАКЛЁН ФАШЫ́ЗМУ»,

мемарыяльны комплекс на ўшанаванне памяці жыхароў Докшыцкага р-на Віцебскай вобл., знішчаных разам з вёскамі ням.-фаш. захопнікамі ў Вял. Айч. вайну. Адкрыты 3.7.1983 (аўтары скульпт. А.​Анікейчык, арх. Ю.​Градаў, Л.​Левін) на месцы спаленай разам з жыхарамі (67 чал., у т. л. 16 дзяцей) в. Шунеўка. Цэнтр. манумент мемарыяла — бронз. фігура жанчыны (выш. 4,75 м) з узнятымі ў праклёне рукамі, якая стаіць у праёме стылізаванай брамы (выш. 11,5 м). На канцы абламанай гарыз. перакладзіны брамы прымацаваны 3 званы, 2 з іх звоняць, а 3-і расколаты — сімвал таго, што кожны трэці жыхар раёна загінуў у гады вайны. Недалёка ад манумента зруб калодзежа, куды гітлераўцы кінулі жывымі дзяцей і настаўніцу. Над ім бронз. выява прабітага і абпаленага паветр. змея з імёнамі дзяцей, што загінулі. На месцы кожнай з 22 былых сял. сядзіб Шунеўкі — стылізаваны фундамент з 3-прыступкавым ганкам, на верхняй прыступцы якога кампазіцыя ў форме языкоў полымя з імёнамі б. гаспадароў.

Э.​А.​Петэрсон.

Мемарыяльны комплекс «Праклён фашызму».

т. 12, с. 546

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГІЙ, Георгій Перамаганосец, Ягорый, Юрый,

хрысціянскі святы. Паводле легенды, родам з Лідыі, меў высокі ваен. чын у рым. войску. У часы ганенняў на хрысціян прыняў (каля 303) пакутніцкую смерць у Нікамедыі (цяпер г. Ізмір, Турцыя). Лічыўся апекуном земляробства і жывёлагадоўлі, стаў героем шматлікіх песень і паданняў. Дні памяці Георгія — 6 мая (веснавы Георгій) і 9 снеж. (асенні). Вобраз Георгія стаў узорам саслоўнага гонару (у Візантыі для ваен. знаці, у славян для князёў, у Зах. Еўропе для рыцараў). У Англіі на Оксфардскім саборы (1222) Георгій абвешчаны нац. святым.

Яраслаў Мудры ў гонар Георгія заснаваў г. Юр’еў (сучасны Тарту, Эстонія), храм у Кіеве (дзень яго асвячэння 26.11.1051 стаў царк. святам і названы Юр’евым днём). Георгія малявалі на абразах, гербах, пячатках у асн. у выглядзе конніка, які забівае кап’ём змея. З 14 ст. выява Георгія — эмблема Масквы, пасля ўвайшла ў герб горада і дзярж. герб Расіі. У 1769 у Расіі ўстаноўлены ваен. ордэн св. Георгія, у пач. 19 ст. Георгіеўскі флаг, у 1913 Георгіеўскі крыж. На Беларусі вобразу Георгія нададзены асобныя рысы язычніцкага божышча Ярылы, у шэрагу раёнаў існуюць Георгіеўскія цэрквы і касцёлы. На сюжэт бітвы Георгія са змеем рэльеф М.​Каломба, статуя Данатэла, карціны А.​Дзюрэра, В.​Карпача, Л.​Кранаха Старэйшага, Рафаэля і інш.

Л.​М.​Драбовіч.

Да арт. Георгій Перамаганосец. Бітва святога Георгія з драконам. Мастак П.​Учэла 1450-я г.

т. 5, с. 164

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)