МАЛЮ́СК КАНТАГІЁЗНЫ,

хвароба скуры, пераважна ў дзяцей ва ўзросце да 9 гадоў. Узбуджальнік — вірус Molitoz hominis. Інкубацыйны перыяд ад 10 дзён да некалькіх месяцаў. Прыкметы М.к.: безбалючыя вузельчыкі шчыльнай кансістэнцыі, паўшарападобнай формы, памерамі ад шпілечнай галоўкі да сачавіцы, з маленькай адтулінай у цэнтры. Пры сцісканні папулы пінцэтам выдзяляецца тварожыстая маса. Лячэнне: выцісканне папул і змазванне 10%-ным растворам ёду.

М.​З.​Ягоўдзік.

т. 10, с. 50

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГАРДНЕРЭЛЁЗ, бактэрыяльны вагіноз,

бактэрыяльная хвароба палавых органаў чалавека. Узнікае ў выніку замяшчэння іх нармальнай мікрафлоры анаэробнымі бактэрыямі (напр., гарднерэла, адсюль назва). Перадаецца палавым шляхам. Найчасцей хварэюць жанчыны (паражаюцца похва і шыйка маткі), радзей мужчыны (пашкоджваюцца мочавыдзяляльны канал і прастата); магчыма ўнутрывантробнае інфіцыраванне плода. Інкубацыйны перыяд 7—10 дзён. Сімптомы: звадкаваныя выдзяленні з похвы і мочавыдзяляльнага канала з непрыемным пахам, сверб і смыленне ў палавых органах. Лячэнне: антыбіётыкі, змазванне слізістых абалонак похвы спец. растворамі.

т. 5, с. 60

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)