АФЕ́КТ

(ад лац. affectus душэўнае хваляванне, страсць),

моцны кароткачасовы эмацыянальны стан, звязаны з раптоўнай зменай важных для суб’екта жыццёвых абставін. Адрозніваюць фізіял. афект і паталагічны, які ўзнікае ў адказ на цяжкую раптоўную псіхалагічную траўму і праяўляецца кароткачасовым псіхічным расстройствам. Афект суправаджаецца рэзкімі рухамі і зменамі ў функцыях унутр. органаў і праяўляецца моцнымі эмоцыямі — адмоўнымі (гнеў, абурэнне, злосць, жах) або станоўчымі (радасць, захапленне). У аснове афекту — стан унутр. канфлікту чалавека ад супярэчнасці паміж яго ўласнымі схільнасцямі, імкненнямі, жаданнямі і немагчымасцю іх выканання. Крымін. адказнасць за злачынства, учыненае ў стане фізіял. афекту, не выключаецца, але пры пэўных абставінах можа быць змякчана. За злачынства, учыненае ў стане паталаг. афекту, асоба крымін. адказнасці не падлягае.

т. 2, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́КА (Baka) Юзаф

(18.3.1707, Міншчына — 2.5.1780),

польскі паэт, каталіцкі прапаведнік. Сын мсціслаўскага скарбніка Адама Бакі. У 1740-я г. жыў у Мінску. Потым вёў місіянерскую дзейнасць у Навагрудку і Вільні. Паэт. зб. «Развагі пра смяротны стан і грахоўную злосць» (1766) Бакі належыць да метафізічнай паэзіі позняга барока. Яго 2-я частка «Роздум пра непазбежную смерць» (1766), выдадзеная асобна, атрымала процілеглыя ацэнкі: у 19 ст. — прадмет насмешак і жартаўлівых наследаванняў, сёння лічыцца шэдэўрам гратэску; спроба паказаць у ёй дэманічную ўсёмагутнасць смерці блізкая да нігілізму. Стыль Бакі выкарыстоўвалі В.Дунін-Марцінкевіч («Просьба» № 1), У.Сыракомля («Наследаванне Баку»).

Літ.:

Nawarecki A. Czarny karnawał: «Uwagi śmierci niechybney» księdza Baki – poetyka tekstu i paradoksy recepcji. Wrocław etc., 1991.

А.В.Мальдзіс.

т. 2, с. 228

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРА́НАВЫХ (сапр. Баранаў) Сымон Якаўлевіч

(1.9.1900, в. Рудкова Уздзенскага р-на Мінскай вобласці — 10.11.1942),

бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1931). У 1936 рэпрэсіраваны. Рэабілітаваны ў 1954. Друкаваўся з 1927. У апавяданнях (зб. «Злосць», 1930) узнавіў сцэны вясковага побыту, сял. працы, эпізоды барацьбы супраць польск. інтэрвентаў. У аповесцях «Чужая зямля» (друк. ў 1929 пад назвай «На абрэзках зямлі»; асобнае выд. 1930), «Межы» (1929—30) і «Новая дарога» (пад назвай «Два канцы», апубл. 1931—32; асобнае выд. 1936), адлюстраваў класавую барацьбу на вёсцы ў 1920-я г. і ў час калектывізацыі. На вострых сац. канфліктах пабудавана прыгодніцкая аповесць для дзяцей «Пастка» (1934) і раман «Калі ўзыходзіла сонца» (нап. 1935—36, выд. 1957), у якім паказана дзейнасць маладых рамантыкаў-падпольшчыкаў у бел. гарадку ў час акупацыі польск. войскамі.

Тв.:

Новая дарога: Апавяданні, аповесці, раман, лісты. Мн., 1989.

Літ.:

Пальчэўскі А. Сябар далёкіх гадоў // Пальчэўскі А. Выбр. тв. Мн., 1975. Т. 2;

Казека Я. Сымон Баранавых // Казека Я. Падарожжа ў маладосць. Мн., 1984;

Савік Л. Сымон Баранавых // Беларускія пісьменнікі і літаратурны працэс 20—30-х гадоў. Мн., 1985.

І.У.Саламевіч.

т. 2, с. 297

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)