ГАГА́Т (ад грэч. gagatēs чорны бурштын),

разнавіднасць каменнага вугалю, якая мае глыбокі чорны колер, яркі смалісты бляск, вязкасць і ракавісты злом. Цв. 3—3,5. Шчыльн. 1,3—1,4 г/см³. Утварэнне гагату звязваюць з метамарфізмам драўніны, пахаванай у марскіх мулах мезазойскіх і кайназойскіх адкладаў. Трапляецца ў выглядзе скопішчаў у пясчаніках, мергелях, пластах вугалю. Добра паліруецца. Вырабны камень.

т. 4, с. 418

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТРЭ́Н (ад лац. vitrum шкло),

састаўная частка вуглёў выкапнёвых, характэрная для гумалітаў. Паводле хім. уласцівасцей падобны на гумусавыя рэчывы тарфоў. Колер чорны, мае моцны бляск, ракавінны або згладжаны злом. Крохкі. Утвараецца пры змене лігнінава-цэлюлозных тканак раслін у выніку раскладання ва ўмовах абводненых тарфяных балот пры недахопе кіслароду. У вуглях утварае лінзы і слаі. Асн. носьбіт спякаючых уласцівасцей выкапнёвых вуглёў.

т. 4, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́ГХЕД (ад назвы паселішча Богхед у Шатландыі),

разнавіднасць выкапнёвых вуглёў (сапрапелітаў). Колер ад аліўкавага да бура-чорнага. Шчыльны, тонказярністы. Злом ракавісты. Мае вадароду 8—12%, лятучых рэчываў 75—90%; выхад першаснага дзёгцю да 50%. Цеплыня згарання гаручай масы 33,5—37,7 МДж/кг. Трапляецца лінзамі і праслоямі ў пластах гумусавых вуглёў. Каштоўная сыравіна для атрымання вадкага паліва, змазачных рэчываў, смалы, свабоднай ад фенолаў і асфальтэнаў і інш.

т. 3, с. 203

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БА́ЧНАСЦЬ,

непасрэднае, пачуццёвае ўспрыманне чалавекам з’яў прыроды і грамадства. У філасофіі называецца ўяўнасцю. Па сутнасці мае аб’ектыўную аснову, але звычайна не адпавядае ёй, бо адлюстроўвае тое, што ляжыць на паверхні, што бачна вонкава і часта залежыць ад рэальных умоў назірання, будовы органа ўспрымання (напрыклад, уяўны злом прадмета, часткова апушчанага ў ваду; бачны рух Сонца вакол Зямлі і інш.). Задача пазнання — звядзенне бачнасці да аб’ектыўнай сутнасці і вытлумачэнне яе ў знешніх формах, з’явах (гл. Сутнасць і з’ява).

т. 2, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРМАГЕДО́Н (грэч. Armagedōn),

паводле Бібліі месца збору сіл Сатаны для вырашальнай бітвы з Богам; у шырокім сэнсе — сімвал спрадвечнага процістаяння і апошняй бітвы Дабра са Злом. Такая ідэя выказана ў Старым запавеце, але тэрмін армагедон і канкрэтызаваны сюжэт належыць Адкрыццю св. Іаана Багаслова (Апакаліпсіс), паводле якога гэты паядынак павінен скончыцца перамогай Хрыста і Страшным судом, на якім канчаткова будзе вызначаны лёс усіх уваскрэслых: выратаваныя пойдуць у «нябесны Іерусалім», а недараваныя — у пекла. Ідэя армагедону ў рознай інтэрпрэтацыі падаецца некаторымі пратэстанцкімі канфесіямі (адвентыстамі, сведкамі Іеговы, Царквой уніфікацыі і інш.). Яна цесна звязана з хрысц, вучэннямі эсхаталогіі, прадвызначэння, хіліязму, а таксама з’яўляецца падставай для апалогіі ці абвяржэння канцэпцыі новай сусв. вайны, катастрофы і г.д.

А.А.Цітавец.

т. 1, с. 487

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ІДЭ́ЙНАСЦЬ,

свядомая прыхільнасць чалавека да пэўнага вучэння, сістэмы ідэй, якая знаходзіць сваё выяўленне ў яго жыццёвых паводзінах, складзе думак, ацэнак навакольнай рэчаіснасці. У практыцы праяўляецца ў сістэме сац. дзеянняў у адпаведнасці з захаванымі ідэйнымі пачаткамі з мэтай здзяйснення станоўчага сац. ідэалу. Паводле сваёй структуры І. — унутр. адзінства тэарэт. ведаў і пераканання ў іх правільнасці. Неабходнай перадумовай І. з’яўляецца свядомае засваенне ідэй і свабодны выбар практычнай дзейнасці па іх ажыццяўленні. Для ідэйнага чалавека характэрны пастаянства поглядаў і мэтанакіраванасць дзеянняў. І. адкрывае чалавеку сістэму каштоўнасцей і ідэалаў, якія дазваляюць яму акрэсліць гал. кірунак сац. прагрэсу, верыць у канчатковую перамогу дабра над злом, у чалавечы розум. У грамадскім і паліт. жыцці І. выступае альтэрнатывай бездухоўнасці, безадказнасці, абыякавасці.

В.І.Боўш.

т. 7, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛО́ВАН (Стафан Рыгоравіч) (? — каля 1595),

беларускі мысліцель-атэіст. Працаваў земскім суддзёй у Мазыры. Напачатку прыхільнік радыкальнага пратэстантызму, потым эпікурэізму. У 1592 выкліканы ў Трыбунал ВКЛ за распаўсюджванне атэістычных поглядаў. Л. не верыў у Бога, бессмяротнасць душы, уваскрэсенне з мёртвых, судны дзень; лічыў, што свет не створаны, а існуе адвечна. Сцвярджаў ідэю зямнога прадвызначэння чалавека, людскога шчасця, безрэліг. натуральнай маралі. Яго сац.-паліт. погляды вызначаліся рацыянальным, гуманіст. падыходам да вырашэння жыццёвых праблем, верай у перамогу дабра над злом. Ён асуджаў існуючыя ў грамадстве несправядлівасць, бяспраўе і беднасць адных, неабмежаваныя ўладу і багацце другіх, выказваў надзею на магчымасць лепшай сацыяльнай арганізацыі свету.

Літ.:

Подокшин С.А. Реформация и общественная мысль Белоруссии и Литвы: (Вторая половина XVI — начало XVII в.). Мн., 1970;

Из истории свободомыслия и атеизма в Белоруссии. Мн., 1978.

т. 9, с. 332

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́МЕНЬ,

прыроднае мінер. ўтварэнне; тонкі агрэгат крышт. (кварц, халцэдон) і аморфнага (апал) крэменязёму, часта з прымесямі карбанатаў і гліны. Утварае жаўлакі, канкрэцыі, радзей лінзы і пражылкі ў асадкавых, пераважна карбанатных (вапнякі, мел, мергель) горных пародах. Колер ад жоўта-шэрага да чорнага, трапляецца з малюнкамі. Цв. 7. Звычайна шчыльны. Злом ракавісты. Паводле мінер. саставу адрозніваюць кварцавы, халцэдонавы, апал-халцэдонавы, халцэдонава-кварцавы і інш. Утвараецца пры дыягенезе асадкаў, катагенезе горных парод і выветрыванні. Ідзе на выраб эмаляў, фаянсу, хім. посуду, выкарыстоўваецца як абразіўны матэрыял. На Беларусі пашыраны ў мергельна-мелавых пародах верхняга мелу, зрэдку трапляецца ў дэвонскіх, палеагенавых і інш. адкладах. У каменным веку К. з верхнемелавых адкладаў выкарыстоўваўся для вырабу прылад працы, пазней як крэсіва, у т. л. ў крамянёвых ружжах. На месцы стараж. шахтаў па здабычы К. (неаліт — бронзавы век) каля г.п. Краснасельскі Ваўкавыскага р-на Гродзенскай вобл. створаны Краснасельскі археалагічны комплекс.

У.Я.Бардон.

Крэмень.

т. 8, с. 536

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУ́ДАРАЎ (Аляксей Ануфрыевіч) (н. 6.6.1950, в. Кляны Дубровенскага р-на Віцебскай вобл.),

бел. пісьменнік, драматург. Скончыў Бел. тэатр.-маст. ін-т (1976). Працаваў акцёрам, заг. літ. часткі Бел. рэсп. тэатра юнага гледача (1976—79). З 1991 гал. рэдактар час. «Мастацтва». Друкуецца з 1973. Выдаў зб. апавяданняў «Святая птушка» (1979, Прэмія Ленінскага камсамола Беларусі 1982). Па сцэнарыях Д. пастаўлены кароткаметражныя і маст. фільмы («Суседзі», 1979, «Белыя росы», 1984, і інш.). Аўтар п’ес «Выбар» (паст. 1979), «Парог» (паст. 1981), «Вечар» (паст. 1983), «Злом» (1989). П’есы «Апошні ўзлёт» (паст. 1982) і «Радавыя» (паст. 1984, Дзярж. прэмія СССР 1985) прысвечаны падзеям Вял. Айч. вайны. Трагедыя «Купала» (1994) увасабляе трагізм міжусобнай барацьбы ў ВКЛ напярэдадні Крэўскай уніі 1385, «Адцуранне» (1994) — фантасмагарычны погляд на эсхаталагічную загадку краю і народа. «Песня пра зубра» (1994) — сцэн. варыяцыя па матывах паэмы М.Гусоўскага. Гіст. асобы ў яго творах не пафасна рамантызаваныя, а людзі, падуладныя моцным пачуццям, часам здольныя памыляцца, але ўнутрана годныя. Пераклаў на бел. мову хроніку У.Шэкспіра «Рычард III». З 1992 старшыня Саюза тэатр. дзеячаў Беларусі.

Тв.:

Дыялог: П’есы. Мн., 1987.

Літ.:

Савік Л. Каб не астыла цяпло зямлі. Мн., 1984. С. 59—64;

Сямёнава А Слова сапраўднага лад. Мн., 1986. С. 116—131;

Ганчароў А Культ сонца // Беларусь. 1986. № 8.

В.С.Вайткевіч.

А.А.Дудараў.

т. 6, с. 253

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БОСХ, Бос (Bosch) Хіеранімус [сапр. Акен (Aken) Еранімус ван; каля 1450—53, г. Хертагенбас, Нідэрланды — 1516),

нідэрландскі жывапісец; прадстаўнік ранняга нідэрландскага Адраджэння. Спалучаў вытанчаную сярэдневяковую фантастыку з фальклорна-сатырычнымі тэндэнцыямі і яскравымі рэаліст. навацыямі, смела пашыраў кола незвычайных, часам вычварна-мудрагелістых тэм і вобразаў, крыніцай для якіх служылі фальклор, нар. прытчы і забабоны. У ранніх працах карыстаўся з’едлівай крытычнай метафарай, выяўляючы заганныя бакі тагачаснага грамадства («Лячэнне глупства», «Галоўныя грахі», 1470—80). У 1480—85 напісаў метафарычныя і выкрывальныя карціны «Карабель дурняў», «Шарлатан», «Смерць скупога». У 1485—1510 стварыў вял. этапныя палотны «Спакушэнне Святога Антонія», «Аперацыя галавы», «Нясенне крыжа», трыптыхі «Воз сена», «Сад уцех», «Пакланенне вешчуноў», у якіх рэальнасць пераплятаецца з фантастычнымі ўяўленнямі мастака і быццам прыадкрываюцца стасункі чалавецтва з высокім і ганебным, дабром і злом. У створанай ім мадэлі Сусвету вобразныя асацыяцыі значна апераджаюць яго час, хоць і народжаны светапоглядным крызісам той эпохі. Больш познія яго творы (1510—16) набылі заспакоенасць, філас. паглыбленасць і засведчылі прыняцце ім асн. канцэпцый рэнесансавага мастацтва («Паклон трох каралёў» і інш.). Працы Босха, выкананыя стракатымі лакальнымі фарбамі і прасякнутыя жыццесцвярджальным духам нар. творчасці, даюць у гратэскава-сатыр. форме шырокую карціну нар. жыцця. Смелыя жыццёвыя назіранні, трапныя і каларытныя нар. тыпы і быт. матывы, уражвальныя пейзажныя фоны яго палотнаў зрабілі вял. ўплыў на развіццё рэаліст. тэндэнцый у нідэрл. жывапісе 16 ст. і падрыхтавалі глебу для фарміравання быт. жанру і пейзажа. Творчасць Б. значна паўплывала і на многія кірункі сучаснага выяўл. мастацтва.

Літ.:

[Фомин Г.И.] И.Босх. М., 1974;

Unverfehrt G. H.Bosch. Berlin, 1980.

Я.Ф.Шунейка.

т. 3, с. 222

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)