МАГНІ́ТНЫ ДЫСК,
носьбіт інфармацыі ў выглядзе дыска, на паверхню якога нанесена пакрыццё з магн. ўласцівасцямі. Інфармацыя запісваецца/счытваецца (пры вярчэнні М.д. вакол восі) на канцэнтрычных дарожках з дапамогай блока магнітных галовак чытання/запісу. Бывае здымны (напр., дыскета) і няздымны (вінчэстэр). Выкарыстоўваецца ў знешніх запамінальных прыстасаваннях ЭВМ. На вял. ЭВМ выкарыстоўваюцца стацыянарныя прылады дыскавай памяці вял. ёмістасці (да некалькіх гігабайт).
т. 9, с. 482
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЎТАМА́Т (ваен.),
ручная аўтаматычная агнястрэльная зброя для стральбы чэргамі або адзіночнымі стрэламі. Мае здымны (аддымны) магазін ёмістасцю 20 патронаў і больш, высокую скарастрэльнасць, невял. габарыты і масу, аснашчаецца штыком-нажом для вядзення рукапашнага бою і рэзання дроту.
Першы аўтамат створаны ў Расіі У.Р.Фёдаравым і выкарыстаны ў 1916. У Вял. Айч. вайну аўтаматам звычайна называліся пісталеты-кулямёты (напр., ППШ, ППС і інш.). У арміях краін СНД пераважаюць аўтаматы канструкцыі М.Ц.Калашнікава (АК, АКМ, АК74), якія маюць калібр 5,45—7,62 мм, масу 3,3—4,3 кг, тэмп стральбы 600 выстралаў за мін, баявую скарастрэльнасць кароткімі чэргамі да 100, адзіночнымі стрэламі да 40 выстралаў за мін, далёкасць агню 400 м, прыцэльную далёкасць да 1000 м. Для знішчэння групавых цэляў аўтамат аснашчаецца падствольным гранатамётам, які дае магчымасць весці стральбу асколачнымі гранатамі калібру 30—40 мм на адлегласці да 300—400 м. Такую стралк. зброю маюць на ўзбраенні Узбр. Сілы Рэспублікі Беларусь.
Аўтамат ёсць на ўзбраенні армій многіх краін свету пад назвай універсальная або штурмавая вінтоўка, аблегчаная аўтам. вінтоўка з пакарочаным ствалом, напрыклад у ЗША аўтам. вінтоўка, у Англіі і ФРГ — пісталет-кулямёт і інш.
т. 2, с. 114
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)