члены сказа, якія адносяцца да аднаго і таго ж слова і выконваюць аднолькавую сінтаксічную функцыю. Паміж сабой звязваюцца спалучальнай сувяззю, сродкам выражэння якой служаць або інтанацыя пералічэння, або інтанацыя і спалучальныя злучнікі.
Аднароднымі могуць быць і галоўныя, і даданыя члены сказа: «Тут было і здзіўленне, і захапленне, і крыху зайздрасці» (М.Лынькоў) — аднародныя дзейнікі; «За гарамі, за даламі, у балотах пустынных паўставала, вырастала новая краіна» (Я.Купала) — аднародныя акалічнасці і выказнікі; «На бітву грозную ішоў народ за шчасце, за зямлю, за долю» (Р.Няхай) — аднародныя дапаўненні; «На дварэ другі дзень сеяў дробны, але густы дождж» (І.Шамякін) — аднародныя азначэнні. Аднароднымі могуць быць члены сказа, выражаныя рознымі часцінамі мовы: «Ліда вясёлая па натуры і любіць смяяцца» (А.Кулакоўскі). Аднародныя члены сказа ўтвараюць адкрыты, незамкнёны рад, у які можа ўваходзіць абагульняльнае слова: «Будынак, парк і агарожа — было ўсё слаўна і прыгожа» (Я.Колас).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЗАКО́Ў (Юрый Паўлавіч) (8.8.1927, Масква — 29.11.1982),
рускі пісьменнік. Скончыў муз. вучылішча імя Гнесіных (1951), Літ.ін-т імя М.Горкага (1958). Друкаваўся з 1952. Выдаў зб-кі апавяданняў «Манька» (1958), «На паўстанку» (1959), «Па дарозе» (1961), «Блакітнае і зялёнае» (1963), «Пах хлеба» (1965), «Двое ў снежні» (1966), «Восень у дубовых лясах» (1969), «У сне ты горка плакаў» (1977), «Аленевы рогі» (1980) і інш. К. — паслядоўнік традыцый рус. класічнай прозы. Яго апавяданні вылучаюцца эмацыянальнасцю, стройнасцю, псіхал. насычаным пейзажам, спалучэннем лірыка-рамант. пачатку з жорсткім рэалізмам. Асн. тэмы твораў — вернасць доўгу і свайму прызначэнню, здзіўленне перад загадкай жыцця (кн. нарысаў пра памораў «Паўночны дзённік», 1961, навелы пра жывёл). Выступіў у абарону Салаўкоў. Аўтар кніг для дзяцей. На бел. мову паасобныя творы К. пераклаў А.Жук.
Тв.:
Избранное. М., 1985;
Две ночи. М., 1986;
Бел.пер. — Арктур — гончы сабака. Мн., 1976.
Літ.:
Кузьмичев И.С. Юрий Казаков: Набросок портрета. Л., 1986.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУДРАВЕ́Ц (Анатоль Паўлавіч) (н. 1.1.1936, в. Аколіца Клічаўскага р-на Магілёўскай вобл.),
бел. пісьменнік. Скончыў БДУ (1963). Настаўнічаў, працаваў у перыёдыцы, на Бел. радыё. З 1972 гал. рэдактар выд-ва «Мастацкая літаратура», з 1974 у апараце ЦККПБ, у 1978—97 гал. рэдактар час. «Неман».
Друкуецца з 1960. Першы зб. апавяданняў «На зялёнай дарозе» (1968) вызначаецца праўдзівасцю, уменнем убачыць у чалавеку агульназначнае. У аповесці «Раданіца» (1971) ставіць праблему духоўных каштоўнасцей сучасніка, яго жыццёвай пазіцыі, адносін да мінулага і будучага. У кнігах «Дзень перад святам» (1975), «Зімы і вёсны» (1976), «На балоце скрыпелі драчы» (1979), рамане «Сачыненне на вольную тэму» (1984, Дзярж. прэмія Беларусі імя Я.Коласа 1986) адлюстраваў складаныя працэсы ў сучаснай вёсцы. Творчасць К. вылучаецца глыбокім псіхалагізмам, уменнем праз разгортванне падзей перадаць драматызм чалавечых характараў, творы адметныя дакладнасцю апісання жывых рэалій, побыту, прыроды, дзейных асоб. Аўтар кн. падарожных нарысаў «За чужымі далямі» (1981), сцэнарыяў маст. фільмаў «Асеннія яблыкі» (1975), «Раданіца» (1984, з Ф.Коневым). На бел. мову пераклаў «Падарожжы Гулівера» Дж.Свіфта, «Сібірскія апавяданні» У.Іванава, раманы А.Нурпеісава «Змрок» і «Нягоды», аповесць К.Сіманава «Дні і ночы», «Аповесці» А.Тамсаарэ, кн. «Апошні прамень» У.Караленкі, «На Іртышы» С.Залыгіна і інш.
Тв.:
Выбр. творы. Т. 1—2. Мн., 1987;
Сачыненне на вольную тэму. Мн., 1985;
Смерць нацыяналіста: Аповесці, апавяданні. Мн., 1992;
Познія яблыкі: Аповесці і апавяданні. Мн., 1998.
Літ.:
Брыль Я. Пра здзіўленне і зайздрасць // Зб.тв.Мн., 1981. Т. 4;
Бечык В. Прад высокаю красою... Мн., 1984;
Фральцова Н. Каля родных вытокаў // Мастацтва Беларусі. 1985. № 11.