ГАЗЕ́ЛІ,

зборная назва падобных па выглядзе і памерах парнакапытных жывёл сям. пустарогіх. 19 відаў. Пашыраны ў пустынях, стэпах і лесастэпах Афрыкі і Азіі. Жывуць статкам. Найб. вядомыя джэйран, дзерэн, газель-дама (Gasella dama) і інш.

Даўж. да 170 см, выш. ў карку да 120 см, маса да 85 кг. Целасклад лёгкі, зграбны. Маюць лірападобныя рогі даўж. да 80 см. Афарбоўка шаравата-пясочная або карычняватая з больш светлым нізам. Хутка бегаюць. Кормяцца расліннасцю. Нараджаюць 1—2 дзіцянят. Аб’екты палявання. 3 віды і 7 падвідаў у Чырв. кнізе МСАП.

т. 4, с. 431

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АРГАНІЗА́ЦЫЯ

(франц. organisation ад позналац. organizo надаю зграбны выгляд, упарадкоўваю),

1) ступень і характар упарадкаванасці элементаў сістэмы, яе адэкватнасць функцыям, што выконвае гэта сістэма. Паняцце «арганізацыя» азначае сістэмны аб’ект, упарадкаванасць, мэтанакіраваную дзейнасць кібернетычных сістэм, сац. сістэму як сродак дасягнення мэты. Сама канцэпцыя арганізацыі, такім чынам, уключае агульнафіласофскі, сістэмны, кібернетычны і сацыялагічны падыходы. Стварыць агульнае вучэнне аб арганізацыі спрабаваў А.А.Багданаў (1913), які выказаў ідэю ізамарфізму розных арганізацыйных структур, блізкую да агульнай тэорыі сістэмы, кібернетыкі, сінергетыкі, канцэпцыі глабальнага эвалюцыянізму і інш. Вызначальныя рысы арганізацыі — упарадкаванасць, функцыянальнасць, іерархічнасць. Упарадкаванасць уключае парадак (разнастайнасць устойлівых сувязяў у патоку змен), кампазіцыю элементаў (від ўладкаванасці) і функцыянальную залежнасць (змена элемента вядзе да змены інш. элементаў ці ўсёй сістэмы ў цэлым і, наадварот, змена сістэмы вядзе да змены яе структурных элементаў). Функцыянальнасць характарызуе адносіны сістэмы з навакольным асяроддзем, дасягненне за кошт арганізацыі прыстасавальнага (функцыянальнага) эфекту. Сутнасць іерархічнасці ў тым, што кожная арганізацыя мае розныя ўзроўні (сістэмы і падсістэмы, ступені, формы, структуры, тыпы і г.д.), разуменне якіх спрыяе выяўленню генетычнай сувязі паміж імі: у нежывой прыродзе — ад субклетачнага да Метагалактыкі, у жывой прыродзе — ад субклетачнага да біясфернага (і наасфернага), у грамадстве — ад чалавека да соцыуму.

2) Аб’яднанне людзей для сумеснай рэалізацыі пэўнай праграмы ці мэты на аснове вызначаных правілаў дзеяння.

3) Сукупнасць працэсаў ці дзеянняў, якія вядуць да ўтварэння і ўдасканальвання ўзаемасувязяў паміж часткамі цэлага.

Літ.:

Богданов А.А. Текстология: Всеобщая организационная наука. Кн. 1—2. М., 1989;

Пригожин И., Стенгерс И. Порядок из хаоса: Пер. с англ. М., 1986.

Г.І.Шчарбінкі.

т. 1, с. 461

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АГУРО́К

(Cucumis),

род аднагадовых травяністых раслін сям. гарбузовых. Вядома каля 30 відаў, гал. ч. у Афрыцы, некалькі відаў у Азіі. Найб. Пашыраны агурок пасяўны (C. sativus). Радзіма — Індыя, дзе агурок вядомы за 3 тыс. г. да н.э. Вырошчваецца ў многіх краінах свету, пераважна ў зоне ўмеранага клімату. Адна з пашыраных харч. культур.

Сцябло паўзучае, даўж. да 1,5 м, з простымі вусікамі, шорсткаапушанае. Лісце чаргаванае, 5-лопасцевае, радзей суцэльнае. Кветкі ў пазухах, аднаполыя, мужчынскія, адзіночныя або ў шчытках, жан. адзіночныя. Плод — гарбузіна, розная па форме і велічыні (даўж. 5—70 см); ёсць партэнакарпічныя (безнасенныя) формы. Святло- і вільгацелюбівая расліна кароткага дня, скараспелая, патрабавальная да цяпла і ўрадлівасці глебы. Вырошчваецца ў адкрытым грунце і ў цяпліцах з насення або расады. Вегетац. перыяд ва ўмовах Беларусі 90—105 сут. Добра расце на супясчаных і лёгкіх сугліністых глебах, багатых перагноем. Ураджайнасць у адкрытым грунце 12—46 т/га, у цяпліцах 15—25 кг з 1 м². Плады маюць у сабе ваду (95—96%), цукры, бялковыя рэчывы, клятчатку, мінер. элементы, вітаміны, арган. к-ты і інш. рэчывы. Найб. папулярныя сарты на Беларусі Доўжык, Зграбны, Нежынскі мясцовы, Нерасімы 40; перспектыўныя — Беларускі, Вадалей, Дэкан, Канкурэнт, Куставы і інш. Асн. шкоднікі агурка: парасткавая муха, тля, павуцінны клешчык; хваробы: перанаспароз, мучністая раса, аліўкавая плямістасць.

Літ.:

Огурцы. 2 изд. Мн., 1987;

Ерохин И.Е., Стрельцов С.Д. Огурцы и томаты: на грядке, в теплице, в комнате. 2 изд. Донецк, 1991.

Агурок.

т. 1, с. 89

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)