Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЗВЯ́ЗКА,
дзеяслоў са страчаным ці аслабленым лексічным значэннем, які ўваходзіць у састаўны выказнік як службовае слова. Выражае сувязь іменнай часткі выказніка з дзейнікам, У сучаснай бел. мове ёсць З. незнамянальныя («быць», «з’яўляцца»), паўзнамянальныя («станавіцца», «рабіцца», «выглядаць», «здавацца»), знамянальныя («ісці», «хадзіць». «прачынацца», «сядзець», «спыняцца»).
т. 7, с. 43
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАРАДАНТО́З [ад пара... + грэч. odus (odontos) зуб],
амфадантоз, піярэя альвеалярная, хранічная хвароба парадонту — тканак, якія акружаюць зуб (дзясна, альвеалярная косць, зубная звязка); дыстрафічны працэс з рассысаннем касцявой тканкі ямак альвеалярных адросткаў і запаленнем сківіц. Узнікае ад парушэння нерв. рэгуляцыі працэсаў абмену рэчываў у тканках парадонту часта пры гіпавітамінозах, недахопе мінер. солей, мікраэлементаў, недастатковым доглядзе ротавай поласці, адкладанні зубнога каменю, падагры, цукр. дыябеце. Прыкметы: прыпухласць, пачырваненне дзяснаў і адслаенне іх ад зубоў, крывацёк, хістанне і выпадзенне зубоў. У запушчанай стадыі — гінгівіт, утвараюцца кішэнепадобныя ўпадзіны з гноем. Лячэнне комплекснае: выдаленне зубнога каменю, агульнаўмацавальныя і процізапаленчыя сродкі, фізіятэрапія.
т. 12, с. 82
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БЕЛАРУ́СКАЕ ПРАВАСЛА́ЎНАЕ БРА́ЦТВА Трох віленскіх пакутнікаў,
рэлігійная арг-цыя пры Беларускім Экзархаце. Засн. ў 1992 у Мінску пры Свята-Петрапаўлаўскім саборы. Асн. кірункі дзейнасці: вывучэнне і пашырэнне правасл. веры ў бел. грамадстве, выхаванне высокай маральнасці, справядлівасці і гуманізму. Выдае рэліг. л-ру, час. «Праваслаўе ў Беларусі і ў свеце», Беларускія праваслаўныя календары і інш. З’яўляецца членам сусв. правасл. арг-цыі «Syndesmos» («Звязка»), супрацоўнічае з бел. царк. і культ. асяродкамі Амерыкі, Канады, Літвы, Расіі. У ліп. 1993 па ініцыятыве і сіламі брацтва з Віленскага Свята-Духавага манастыра ў Свята-Петрапаўлаўскі сабор у Мінску перанесена частка мошчаў св. пакутнікаў Антонія, Іаана і Яўстафія.
М.А.Матрунчык.
т. 2, с. 399
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЛЮСКВАМПЕРФЕ́КТ (ад лац. plusquamperfectum),
даўно мінулы час, складаная дзеяслоўная форма прошлага часу старажытных славянскіх моў. У стараж.-рус. мове ўжываўся пераважна для абазначэння даўно мінулага дзеяння, якое адбылося раней за якое-н. інш. дзеянне. Утвараўся шляхам спалучэння дапаможнага дзеяслова «быти» ў форме імперфекта і аорыста адпаведнай асобы з дзеепрыметнікам на «-л», які змяняўся па родах і ліках. Са знікненнем у жывой мове аорыста і імперфекта дапаможны дзеяслоў у складзе П. ўжываўся ў форме перфекта «есмь былъ пришелъ». Паступова была страчана звязка ў складзе перфекта і ў дзеепрыметніках мужч. роду адз. л., канцавое «л» змянілася ў «ў»: «есмъ былъ пришелъ — я быў прыйшоў». П. зрэдку выкарыстоўваецца ў сучаснай бел. мове для абазначэння мінулага дзеяння, якое толькі пачыналася, але было перапынена якім-н. іншым: «Дзве хурманкі прыехалі былі на вяселле, дык і тыя сёння рана паехалі дадому» (К.Крапіва). У літ. творах зрэдку пад уплывам рус. мовы трапляюцца формы П., дзе пры дзеепрыметніку на «-л» ужываецца нязменная часціца «было»: «Следам за ім памкнуліся было злазіць і сувязныя, але Злобіч стрымаў іх» (М.Ткачоў). Аднак такое ўжыванне — парушэнне літ. нормы.
Літ.:
Булыка А.М., Жураўскі А.І., Крамко І.І. Гістарычная марфалогія беларускай мовы. Мн., 1979.
А.І.Жураўскі.
т. 12, с. 439
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)