ЛА́ЗЕРНАЯ ЗВА́РКА,

зварка плаўленнем, пры якой крыніцай цяпла з’яўляецца сфакусіраванае эл.-магн. выпрамяненне лазера. Вызначаецца бескантактнасцю (зварка праз празрыстае ваконца герметычнай пасудзіны), малым памерам зоны тэрмічнага ўплыву.

Шчыльнасць патоку выпрамянення пры Л.з. 0,1—1 МВт/см², глыбіня праплаўлення 0,05—2 мм, што дазваляе надзейна зварваць дэталі таўшчынёй 0,01—1,5 мм. Найб. пашырана імпульсная Л.з. (стварае кропкавыя злучэнні, прадукцыйнасць да 100 аперацый за мінуту), выкарыстоўваецца таксама неперарыўная (шыўная) зварка (стварае суцэльныя швы, прадукцыйнасць да 1,5—2 м/мін). Л.з. выкарыстоўваецца для злучэння металаў і сплаваў, якія не зварваюцца звычайнымі спосабамі, для зваркі канструкцый у цяжкадаступных месцах, мініяцюрных і лёгкадэфармуемых дэталей (электроннавакуумных і паўправадніковых прылад, інтэгральных схем і інш.).

Схема лазернай зваркі. 1 — рубінавы стрыжань; 2 — лямпа напампоўвання; 3 — прамень лазера; 4 — лінза факусіроўкі праменя; 5 — загатоўкі, якія зварваюцца.

т. 9, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЭЛЕКТРО́ННА-ПРАМЯНЁВАЯ ЗВА́РКА,

працэс атрымання нераздымнага злучэння метал. вырабаў з расплаўленнем краёў злучальных частак пучкамі паскораных электронаў. У адрозненне ад інш. відаў зваркі забяспечвае высокую дакладнасць вырабу дэталей пры высокай прадукцыйнасці работы.

Выконваецца пры высокім ці сярэднім вакууме, а таксама пры атм. ціску. Пучок паскораных электронаў ад электроннай пушкі факусіруецца і накіроўваецца на зварачны стык. Малы аб’ём расплаўленага металу (у параўнанні з інш. відамі зваркі) і кароткачасовасць цеплавога ўздзеяння забяспечваюць нязначныя цеплавыя дэфармацыі злучаных дэталей. Дазваляе зварваць за 1 праход металы і сплавы таўшчынёй да 250 мм і больш, у т. л. дэталі, якія могуць мець розную таўшчыню. Дае магчымасць злучаць дэталі з сталі, чыгуну, алюмінію, медзі, тытану, тугаплаўкіх металаў і іх сплаваў, а таксама папярэдне тэрмічна загартаваныя дэталі, для якіх непажаданая далейшая тэрмічная апрацоўка. Э.-п.з. выкарыстоўваецца ў ядз. энергетыцы, радыё- і мікраэлектроніцы, авія- і касм. тэхніцы, прылада- і машынабудаванні і інш.

Літ.:

Электронно-лучевая сварка. Киев, 1987;

Кайдалов А.А. Электронно-лучевая сварка и смежные технологии. Киев, 1998.

І.​Л.​Побаль.

Схема электронна-прамянёвай зваркі: 1 — катод, які пры награванні вылучае электроны, што фарміруюцца ў пучок 2; 3 — магнітная лінза, якая факусіруе пучок на загатоўцы 5; 4 — шпуля, якая перамяшчае электронны прамень.

т. 18, кн. 1, с. 97

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)