рыгель,

бэлька; засаўка.

т. 13, с. 490

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДСТО́ЙНІК,

1) збудаванне для адстойвання (ачысткі) вадкіх адходаў і сцёкаў ад узважаных рэчываў пад дзеяннем сілы цяжару. Адрозніваюць адстойнікі: аднакамерныя [паслядоўна ці паралельна злучаныя з каналам] і шматкамерныя; гарызантальныя, вертыкальныя і радыяльныя; з мех. ачысткай ад наносаў, гідраўл. прамываннем і камбінаваныя; бесперапыннага і перыядычнага дзеяння. Будуюць з бетону, жалезабетону, каменю, драўніны. Выкарыстоўваюць для ачысткі вады ў сістэмах гідравузлоў, ірыгацыйных збудаванняў, водазабеспячэння і каналізацыі.

2) Прылады ў машынах і ўстаноўках, дзе адстойваецца масла, бензін і інш.

Адстойнік: а — аднакамерны паслядоўна злучаны; б — паралельна злучаны з каналам; в — пяцікамерны; г — перыядычнага дзеяння; 1 — канал; 2 — камера; 3 — засаўка; 4 — прамыўны канал.

т. 1, с. 138

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЯНДЛЯ́РНЯ,

устаноўка (печ, шафа, апарат, камера) для вэнджання мясных прадуктаў, сала, рыбы, сыру і інш. ўздзеяннем дыму, цяпла, вяндлярных вадкасцей. Прамысл. вяндлярні бываюць перыядычнага (камерныя, пралётныя) і неперарыўнага (тунэльныя, вежавыя, шахтавыя) дзеяння.

Дым атрымліваецца ў топцы печы або ў спец. дымагенератары (часцей размешчаны па-за печчу) пры няпоўным згаранні драўніны ці пілавіння пераважна лісцевых парод. Перад паступленнем у зону вэнджання дым праходзіць праз фільтры для ачысткі ад канцэрагенных рэчываў. Для цеплавой апрацоўкі выкарыстоўваюць дым у сумесі з паветрам або толькі паветра, якія награюцца ў каларыферах і перамяшчаюцца вентылятарамі. Выкарыстоўваюць і інфрачырвоныя прамяні. Вяндлярныя вадкасці (іх наносяць на прадукты, дадаюць у фарш або ў сумесь для салення) атрымліваюць у асн. дыстыляцыяй, перагонкай і адсорбцыяй з воднага канцэнтрату дыму. Эфектыўныя і эканамічныя эл. вяндлярні, напр. вертыкальнага тыпу з сістэмай шахтаў, канвеерам і эл. прыстасаваннямі. У іх падсушка і прапяканне (рыбы) робяцца інфрачырвоным выпрамяненнем, само вэнджанне — дымам ад дымагенератара (часцінкі дыму іанізуюцца ў эл. полі і асаджваюцца на паверхні прадукту).

На Беларусі здаўна былі пашыраны вежавыя пераважна двух’ярусныя вяндлярні. На іх 1-м ярусе распальвалі агонь, на 2-м на жэрдках падвешвалі прадукты. Палілі сырую яблыню, галлё ядлоўцу, граба, дуба, тырсу і інш. У апошні час будуюць цагляныя або каменныя кампактныя вяндлярні, выкарыстоўваюць міні-вяндлярні, заводскія і самаробныя, падручныя прыстасаванні (бочкі, бітоны, каністры, вёдры без дна, трубы, скрыні і г.д., апрача пакрытых лакам, палімернымі смоламі і зробленых з ДСП).

К.​В.​Фамічэнка.

Вяндлярня (прамысловая печ): 1 — рама; 2 — вентылятары; 3 — каларыферы; I — зона падсушкі; II — зона абсмажвання; III — зона варкі.
Вяндлярні для невялікіх прадпрыемстваў: а — універсальная камера на 900 л; б — камера (6) з дымагенератарам (1), якія працуюць у замкнёным цыкле без забруджвання асяроддзя (2, 3 — дросельныя засаўкі, 4 — засаўка для рэгулявання выкіду дыму ў атмасферу, 5 — засаўка падачы свежага паветра).

т. 4, с. 390

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДАЗА́ТАР,

прыстасаванне для адмервання (дазіравання) зададзеных масы або аб’ёму вадкіх ці сыпкіх матэрыялаў. Бываюць вагавыя (адмерваюць па масе) і аб’ёмныя (па аб’ёме), перыядычнага (дыскрэтнага) і бесперапыннага дзеяння, адна- і шматкампанентныя (з паслядоўным дазіраваннем некалькіх матэрыялаў), з ручным і аўтам. кіраваннем.

Д. перыяд. дзеяння звычайна маюць бункерную кампаноўку, выкарыстоўваюцца ў тэхнал. працэсах з верт. размяшчэннем абсталявання. Д. бесперапыннага дзеяння — бункернага і стужачнага тыпаў, выкарыстоўваюцца ў працэсах з гарыз. размяшчэннем абсталявання і канвеерным транспартаваннем матэрыялаў. Аб’ёмныя і аб’ёмна-вагавыя Д. робяць у выглядзе карэтачнай, стужачнай, пласціністай або вібрацыйнай сістэмы (напр., у асфальтазмешвальных устаноўках). Д. выкарыстоўваюць у вытв-сці буд. матэрыялаў, у металургіі, хім., харч. і фармацэўтычнай прам-сці, на транспарце, у гандлі і інш.

І.​І.​Леановіч.

Схемы дазатараў: а — аб’ёмнага (1 — мерная пасудзіна, 2 — матэрыял, які дазіруецца; 3 — адсякальнік, што закрывае мерную пасудзіну і знімае лішкі матэрыялу); б — вагавага (1 — засаўка, якая прадухіляе паступленне матэрыялу на стужку да запаўнення мернай ёмістасці 2, 3 — транспарцёр); в — штучнага (1 — бункер, 2 — загатоўкі, 3 — адсякальныя штыфты, 4 — фотаэлемент, 5 — лічыльнік загатовак, 6 — крыніца святла).

т. 6, с. 8

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОДАЗАБО́РНАЕ ЗБУДАВА́ННЕ, водазабор,

гідратэхнічнае збудаванне, якое ажыццяўляе забор вады з адкрытага вадаёма (ракі, возера, вадасховішча) для мэт гідраэнергетыкі, водазабеспячэння, ірыгацыі і інш. Забяспечвае пропуск вады ў вадавод (канал, трубаправод, тунэль і інш.) у зададзеным аб’ёме, належнай якасці і ў адпаведнасці з графікам водаспажывання.

Бываюць: безнапорныя і напорныя; водазаборныя збудаванні ГЭС — берагавыя, вежавыя, на бетонных збудаваннях, плывучыя; водазаборныя збудаванні сістэм водазабеспячэння — водапрыёмнікі (збіраюць ваду ад асушальных сістэм і адводзяць яе); рачныя — берагавыя, рэчышчавыя, каўшовыя (з басейнам-каўшом у галаве канала); ірыгацыйныя — бесплацінныя (у т. л. берагавыя, каўшовыя і шпорныя са. шпорай-дамбай, якая выступае ў рэчышча) і плацінныя (будуюцца ў целе плаціны або на беразе, забіраюць ваду з верхняга б’ефа). Для забору падземных вод выкарыстоўваюць вертыкальныя (у выглядзе буравых свідравін і шахтавых калодзежаў) і гарызантальныя (траншэйныя, галерэйныя) водазаборныя збудаванні, а таксама каптажныя збудаванні (гл. Каптаж).

А.​Я.​Вакар.

Схемы водазаборных збудаванняў: а — галаўнога берагавога (1 — рашотка для затрымкі смецця, 2 — засаўка, 3 — рыбазагараджальнік, 4 — усмоктвальная труба); б — бесплаціннага паверхневага берагавога (1 — рэгулятар з засаўкамі, 2 — канал); в — бесплаціннага паверхневага каўшовага (1 — коўш, 2 — трубаправод).

т. 4, с. 248

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)