ВЯСТА́ЛКІ,

у Старажытным Рыме жрыцы багіні Весты, якія падтрымлівалі вечны агонь у яе храме. Для пасвячэння ў вясталкі адбіралі дзяўчынак 6—10 гадоў, якія на працягу 30 гадоў павінны былі выконваць жрэцкія абавязкі і захоўваць зарок цнатлівасці. Вясталак, якія парушалі зарок, жывымі закопвалі ў зямлю. Вясталкі карысталіся выключнымі пашанамі і прывілеямі. Асуджаныя злачынцы, якія выпадкова сустракалі вясталку, падлягалі вызваленню.

т. 4, с. 403

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДА́ФНА,

у старажытнагрэчаскай міфалогіі німфа, дачка багіні зямлі Геі і рачнога бога Пенея. Яна дала зарок захаваць цнатлівасць і бясшлюбнасць. Калі за ёю пагнаўся закаханы Апалон, Д. паклікала на дапамогу бацьку і ён ператварыў дачку ў лаўровае дрэва. Лаўр стаў любімай і свяшчэннай раслінай Апалона. На міф пра Д. напісана паэма «Метамарфозы» Авідзія, творы жывапісцаў Джарджоне, Н.Пусэна, Дж.Цьепала, кампазітараў Г.Шутца, А.Скарлаці і інш.

Апалон і Дафна. Л.Берніні. 1622—24.

т. 6, с. 68

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛАРЭНЦЭ́ЦІ (Lorenzetti),

італьянскія жывапісцы, браты; прадстаўнікі Сіенскай школы жывапісу.

П’етра Л. (каля 1280, г. Сіена, Італія — 1348?). Зазнаў уплывы Дуча ды Буанінсенья, Джота ды Бандоне, Дж.Пізана. Творы вызначаюцца імкненнем да жыццёвай пластычнасці форм, адухоўленасці вобразаў, трагічным пафасам і манументальнасцю выяў. У кампазіцыйнай пабудове выкарыстоўваў арх. матывы ў лінейнай перспектыве. Сярод твораў: паліпціхі «Мадонна з немаўлём і святымі» ў царкве П’еве ды Санта-Марыя ў Арэца (1320) і «Гісторыя блажэннай Умільты» (пасля 1332), трыпціх з алтарнай карцінай «Нараджэнне Марыі» (1342), фрэскі «Страсці Хрыстовы» ў Ніжняй царкве базілікі Сан-Франчэска ў Асізі (1325—29 і пасля 1340) і інш.

Амброджа Л. (?—1348). Зазнаў уплыў фларэнційскага мастацтва Протарэнесансу, вывучаў ант. скульптуру, праблематыку перспектывы. У манум. кампазіцыях спалучаў алегарычнасць сюжэтаў з карцінамі гар. і сялянскага побыту, велічнай пейзажнай панарамай. Сярод твораў: «Мадонна з немаўлём» з царквы Сант-Анджэла ў Віка л’Абаце каля Фларэнцыі (1319), «Мадонна на троне з немаўлём» (1330-я г.), фрэскі «Пакутніцтва францысканцаў» і «Зарок св. Людовіка Тулузскага» ў царкве Сан-Франчэска (1330—31), «Алегорыя Добрага і Кепскага кіравання і іх плады ў горадзе і вёсцы» ў Палацца Публіка (1337—39. абодва ў Сіене), алтарныя карціны «Прынясенне ў храм» (1342), «Дабравешчанне» (1344) і інш.

В.Я.Буйвал.

А.Ларэнцэці. Мадонна на троне з немаўлём. 1330-я г.

т. 9, с. 140

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

О́РДЭНЫ МАНА́СКІЯ,

цэнтралізаваныя манаскія аб’яднанні ў некат. канфесіях, якія маюць статут і ўласную арганізац. структуру. Найб. пашыраны ў рымска-каталіцкай царкве. Звычайна каталіцкія О.м. былі падначалены рым. папе і не падпарадкоўваліся біскупам (епіскапам) на месцах. На чале О.м. стаіць генерал (генерал-магістр), пры якім ёсць капітул — калегія кіруючых асоб. Тэрытарыяльна О.м. падзяляюцца на правінцыі на чале з правінцыяламі. Адрозніваюцца адзін ад аднаго традыц. ладам жыцця, мэтамі, закладзенымі сваімі заснавальнікамі і задачамі, вызначанымі папствам, а таксама колерам і кроем адзення. Маюць свае звычаі і абраднасць. Некат. мужчынскія ордэны маюць жаночыя адгалінаванні (напр., дамініканкі, кармеліткі), існуюць і асобныя жаночыя ордэны (напр., урсулінкі). Члены большасці О.м. жывуць у кляштарах. Старэйшым О.м. лічыцца ордэн бенедыкцінцаў (засн. каля 538). Па меры пашырэння хрысціянства павялічвалася колькасць О.м., узнікла іх «спецыялізацыя». У 11—12 ст. у сувязі з крыжовымі паходамі на Б.Усход узнік шэраг духоўна-рыцарскіх ордэнаў, члены якіх былі адначасова рыцарамі і манахамі: іааніты, Тэўтонскі ордэн і інш., а таксама цыстэрцыянцы. У 12—13 ст. узніклі жабрацкія ордэны (іх члены павінны былі жыць толькі на міласціну, з часам зарок беднасці стаў выконвацца менш строга): аўгусцінцы, бернардзінцы, дамініканцы, кармеліты, францысканцы. Ватыкан выкарыстоўваў О.м. для барацьбы з ерасямі і для місіянерскай дзейнасці. Для барацьбы з Рэфармацыяй быў створаны ордэн езуітаў, якія разам з піярамі адыгралі адначасова вял. ролю ў развіцці навукі і адукацыі. На ўзор рым.-каталіцкіх О.м. былі створаны і уніяцкія ордэны — базыльян (у грэка-каталіцкай царкве) і мхітарыстаў (у армяна-каталіцкай царкве). На Беларусі найб. актыўная дзейнасць О.м. прыпала на 16—17 ст. — перыяд контррэфармацыі; у 19 ст. дзейнасць большасці ордэнаў тут спынена, а іх кляштары падначалены біскупам. У пач. 20 ст. на Беларусі аднавіў дзейнасць ордэн марыянаў (адраджалі грэка-каталіцкі абрад, буйнейшы кляштар у арх. комплексе б. Друйскага кляштара бернардзінцаў) і з’явіўся ордэн назарэцянак. У 20 ст. О.м. ўдасканальвалі і пашыралі сваю дзейнасць у свеце, прыстасоўваючы яе да патрэб сучаснага жыцця і сац.-эканам. і паліт. змен. Паводле кодэкса кананічнага права 1983 О.м. могуць быць заснаваны на папскім і дыяцэзіяльным праве. У першым выпадку яны знаходзяцца ў распараджэнні папы, у другім — пад апекай дыяцэзіяльнага біскупа. Па сваіх задачах і арганізац. структуры да О.м. блізка стаяць кангрэгацыі і аб’яднанні белых ксяндзоў (напр. камуністы), але не лічацца ордэнамі, бо іх члены не даюць спец. манаскіх зарокаў.

У ісламе да О.м. часам адносяць брацтвы дэрвішаў, прыхільнікаў суфізму — кадзірыя, накшбандзія, ясевія, меўлевія, бекташыя, сенусія і інш. Аднак гэта не зусім дакладна: дэрвішы не даюць зароку бясшлюбнасці, могуць выйсці з манастыра, жаніцца, вярнуцца да часова пакінутай сям’і.

Літ.:

Блинова Т.Б. Иезуиты в Белоруссии. Мн., 1990;

Карсавин Л.П. Монашество в средние века. М., 1992;

Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.

М.А.Дабрынін, А.А.Цітавец.

т. 11, с. 448

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДУХАВЕ́НСТВА,

асобная іерархічная карпарацыя прафес. служак культу ў розных рэлігіях, якая выконвае ролю пасрэдніка паміж Богам і вернікамі, ажыццяўляе арганізац., магічна-культавыя дзеянні і прапаведуе веравучэнне пэўнай рэлігіі. Д. сфарміравалася ў стараж. часы на аснове жрэцтва і па сутнасці з’яўляецца прадаўжальнікам яго традыцый. У залежнасці ад свайго становішча і функцыі ў царкве Д. падзяляецца на вышэйшае і ніжэйшае. У некат. рэлігіях прадстаўнікоў вышэйшага Д. шануюць як намеснікаў Бога на зямлі (папа рымскі ў каталіцызме) або як увасабленне бажаства (далай-лама ў ламаізме, кіраўнік секты ісмаілітаў). У шэрагу рэлігій Д. падзяляецца на белае (абслугоўвае прыход, храмы; складаецца з асоб жанатых, што знаходзяцца ў адным шлюбе, неразведзеных) і чорнае (спалучае манаства са свяшчэнніцкім санам, дае зарок бясшлюбнасці, поўнага паслушэнства і г.д.). У першых хрысц. абшчынах Д. не існавала. У 2 ст. склаўся ін-т епіскапаў (кіраўнікоў хрысц. абшчын), у 4 ст. пашырылася манаства, потым на аснове епіскапату ўзнікла папства. Канчаткова ў хрысціянстве Д. сфарміравалася ў 5 ст., пасля таго, як яно стала дзярж. рэлігіяй Рымскай імперыі. У Стараж. Русі, у т. л. і Беларусі, куды хрысціянства прыйшло ў канцы 10—11 ст. з Візантыі, паступова фарміраваліся кадры свяшчэннаслужыцеляў, усталёўвалася выразная царк.-адм. структура, якая складалася з епархій на чале з епіскапамі. Узначальваў іерархію Д. кіеўскі мітрапаліт, што падпарадкоўваўся канстанцінопальскаму патрыярху. У 1448 на чале Рус. правасл. царквы быў пастаўлены мітрапаліт Маскоўскі і ўсяе Русі. У 1589 вышэйшы правасл. іерарх быў пасвячоны ў сан патрыярха. У 14—16 ст. амаль усю тэр. Беларусі ахоплівала Віленскае біскупства (дыяцэз), якое налічвала 259 парафій каталіцкай царквы. Д. тут было прадстаўлена арцыбіскупамі, біскупамі, суфраганамі (памочнікамі біскупаў), плябанамі, вікарыямі і інш. Падобная структура Д. была характэрна і для Беларускай грэка-каталіцкай царквы, якая ўсталявалася ў выніку Брэсцкай уніі 1596. У 1790 у 14 бел. паветах ВКЛ было 143 правасл., 1199 уніяцкіх, 83 рымска-каталіцкія і 16 кальвінісцкіх прыходаў. У канцы 19 — пач. 20 ст. на Беларусі служылі 104 протаіерэі, 1924 святары, 234 протадыяканы, дыяканы і паддыяканы, 1911 псаломшчыкаў, прычэтнікаў, пеўчых і званароў. З 2-й пал. 16 ст. на Беларусі разгарнула дзейнасць і стварыла свае абшчыны пратэстанцкае Д. — кальвіністы, лютэране, антытрынітарыі. Мячэці мусульм. абшчын, якія таксама дзейнічалі на Беларусі, абслугоўваліся муламі (імамамі) і муэдзінамі (памочнікамі).

Рэліг. жыццё і дзейнасць Д. на Беларусі сталі актыўна адраджацца ў 1990-я г. На пач. 1997 зарэгістравана 37 рэліг. канфесій (афіцыйна дзейнічаюць больш як 20), 2120 рэліг. абшчын. Правасл. епархіі ўзначальваюць 2 архіепіскапы і 8 епіскапаў, кіраўніком Беларускай праваслаўнай царквы з’яўляецца мітрапаліт Мінскі, Слуцкі, патрыяршы экзарх усяе Беларусі Філарэт. У благачынных акругах (аб’ядноўваюць 964 прыходы) служаць больш за 900 свяшчэннікаў. Вышэйшую іерархію каталіцкай царквы (аб’ядноўвае 362 прыходы) з 1994 узначальвае мітрапаліт мінскі і магілёўскі Казімір Свёнтак. Дэкан Бел. грэка-каталіцкай царквы (уваходзяць 11 абшчын) Ян Матусевіч. Розныя катэгорыі Д. абслугоўваюць 332 абшчыны Саюза хрысціян веры евангельскай, 37 — адвентыстаў сёмага дня, 14 — сведкаў Іеговы, 33 — старавераў, 22 мусульм. абшчыны, 15 іудзейскіх абшчын і інш. Падрыхтоўкай Д. на Беларусі займаюцца духоўныя навучальныя ўстановы.

Т.І.Адула.

т. 6, с. 265

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАТАЛІЦЫ́ЗМ (грэч. katholikos усеагульны, лац. catholismus галоўны, сусветны),

адзін з асн. кірункаў (разам з праваслаўем і пратэстантызмам) у хрысціянстве. Вылучэнне з агульнай плыні хрысціянства пачалося ў сувязі з падзелам у 395 Рым. імперыі на Зах. і Усходнюю; канчаткова аформіўся ў 1054 пасля падзелу цэркваў на зах. (каталіцкую) і ўсх. (праваслаўную). Мае шэраг асаблівасцей ў дагматыцы, кульце, арганізац. структуры. Уяўляе сабой моцную цэнтралізаваную царкву, якая кіруецца тэакратычнай дзяржавай — Ватыканам на чале з папам рымскім. Папа лічыцца намеснікам Ісуса Хрыста на Зямлі, пераемнікам апостала Пятра. Крыніцамі веравучэння К. з’яўляецца Свяшчэннае пісанне (Біблія) і Свяшчэннае паданне (традыцыя). У адрозненне ад праваслаўя К. лічыць усе без выключэння тэксты Бібліі кананічнымі. Свяшчэннае паданне — пастановы ўсіх усяленскіх сабораў (а не толькі першых сямі, як у праваслаўных), творы святых айцоў і рашэнні рым. першасвятароў. Дагматыка К. адрозніваецца ад праваслаўнай, яна ўдакладнялася і дапаўнялася новымі тэалагічнымі прынцыпамі. Так, догмат філіокве, паводле якога Св. Дух зыходзіць не толькі ад Бога-бацькі, але ад Бога-Сына, стаў спрэчным пунктам у час падзелу царквы ў 1054. Догмат аб запасе добрых спраў, на падставе якога склалася практыка продажу індульгенцый, быў адной з прычын аддзялення ад К. пратэстантызму ў 16 ст. Істотна большая роля ў К. належыць культу Дзевы Марыі, што складаецца з догматаў аб бязгрэшным зачацці і цялесным узнясенні яе на неба, а таксама з вучэння пра першародны грэх і чысцілішча. Значным лічыцца і прыняты ў 1870 догмат аб непагрэшнасці пап у справах веры і маралі ў час знаходжання іх на кафедры. Сярод кананічных асаблівасцей К. вызначаюцца: цэлібат (зарок бясшлюбнасці не толькі манаства, але ўсіх святароў), недапушчальнасць выхаду з духоўнага сану, інстытут кардыналаў, непарушнасць шлюбу, першынство папы. У К. шануюцца чатырохканцовы крыж, рэліквіі, святыя Найб. значнае свята — Раство Хрыстова; ёсць і спецыфічныя святы: Цела Гасподняга, Сэрца Ісусавага і інш. Сярод устаноў К. — рымская курыя, калегія кардыналаў (у поўным складзе — кансісторыя) кангрэгацыі і канцылярыі; ордэны манаскія. Існуе ў К. добра арганізаваны грамадскі рух — Акцыя каталіцкая. У сферы ідэалогіі К. кіруецца афіц. філас. дактрынай, абноўленым вучэннем Фамы Аквінскага — неатамізмам. Праяўляецца цікаўнасць і да інш. філас. сістэм, якія больш адпавядаюць патрэбам царквы і часу, напр., да тэярдызму. Адметная рыса К. — процістаянне мадэрністаў і традыцыяналістаў. Да 2-га Ватыканскага сабора (1962—65) каталіцкая імша (богаслужэнне) адбывалася па-лацінску, цяпер — і на родных мовах. К. найб. пашыраны ў Зах. Еўропе, Лац. Амерыцы, Філіпінах, ЗША, некат. краінах Афрыкі. Акрамя рымска-каталіцкай царквы (уласна каталіцкай першапачатковай царквы зах. абраду) К. уключае і шэраг б. правасл. і стараж. усх. цэркваў, якія прызналі ўладу рым. папы і каталіцкую дагматыку пры захаванні сваёй абраднасці і ўнутр арг-цый і ператварыліся ва уніяцкія. Гэта цэрквы грэч., арм., копцкага (у Егіпце), мараніцкага (у Ліване) і інш. абрадаў (гл. Каталіцкія цэрквы ўсходняга абраду). На Беларусі К. пашырыўся пасля Крэўскай уніі 1385 у выглядзе рым.-каталіцкай царквы, а ў выніку Брэсцкай уніі 1596 створана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква (гл. Беларуская грэка-каталіцкая царква, Рымска-каталіцкая царква на Беларусі).

Літ.:

Хольц Л. История христианского монашества: Пер. с нем. СПб., 1993.

А.А.Цітавец.

т. 8, с. 169

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)