ІНУЛІ́Н,

поліцукрыд, які складаецца з астаткаў D-фруктозы. Малекулярная маса 5000—6000. Белы гіграскапічны аморфны парашок. Пры растварэнні ў вадзе ўтварае вязкія калоіды саладкаватага смаку. Запасны вуглявод многіх раслін, у асн. складанакветных. У клубнях і каранях тапінамбуру, вяргіні, нарцыса, гіяцынту, тубярозы, цыкорыі, кок-сагызу, дзьмухаўцу да 10—12%. Добра засвойваецца, ужываецца ў лячэбным харчаванні хворых на цукр. дыябет. У медыцыне выкарыстоўваюць пры даследаванні функцыі нырак, у біялогіі — для вывучэння водна-салявога абмену і мочаўтварэння ў жывёл.

т. 7, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЛІКАГЕ́Н, жывёльны крухмал (C6H10O5)n, разгалінаваны поліцукрыд, малекулы якога пабудаваны з астаткаў D-глюкозы. Малекулярная маса 10​5—10​7. Асн. запасны вуглявод жывёл і чалавека (у пазваночных назапашваецца пераважна ў печані і мышцах), трапляецца таксама ў некат. бактэрый, дражджэй, водарасцей, грыбоў і зернях асобных сартоў кукурузы. Выяўлены франц. фізіёлагам К.​Бернарам у печані (1857). Расшчапленне глікагену (глікагеноліз) адбываецца фосфаралітычным (пры ўздзеянні фасфарылазы) і гідралітычным (пры ўздзеянні амілаз) шляхамі. Канчатковым прадуктам з’яўляецца свабодная глюкоза, якая трапляе ў кроў. Пры паніжэнні ўзроўню цукру ў крыві назіраецца высокая актыўнасць фасфарылазы і адбываецца т.зв. мабілізацыя глікагену — знікненне яго запасаў з цытаплазмы. Пры абагачэнні крыві глюкозай (напр., пасля прыёму ежы) пераважае сінтэз глікагену. Значную ролю ў падтрыманні нязменнага ўзроўню цукру ў крыві адыгрывае печань, якая ператварае лішак глюкозы ў глікаген і наадварот.

т. 5, с. 294

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КРЭ́ЎСКІ ЗА́МАК.

Існаваў у 14—18 ст. у мяст. Крэва (Смаргонскі р-н Гродзенскай вобл.). Пабудаваны каля сутокаў рэк Краўлянка і Шляхцянка. Замак у плане — няправільны чатырохвугольнік, абнесены мураванымі сценамі, на 2-метровым падмурку. Сцены ўнізе складзены з каменю, уверсе з вонкавага боку абмураваны цэглай, у паўд. сцяне запасны ход, заходнюю праразае ўваход — праём спічастай формы. Абарону замка ўзмацнялі 2 вуглавыя вежы, размешчаныя па дыяганалі. На выш. 10 м па перыметры сцен на драўляных бэльках была баявая галерэя — памост з байніцамі ў сценах на адлегласці 2,4 м адна ад адной. У К.з. выпрацоўваліся ўмовы Крэўскай уніі 1385. У 1433 замкам авалодаў кн. Свідрыгайла, які прэтэндаваў на велікакняжацкі трон, у 1503—06 замак неаднойчы асаджалі і значна пашкодзілі перакопскія татары, у 1519 захапілі войскі маскоўскіх ваявод. Моцна пацярпеў у 1-ю сусв. вайну. Вядзецца кансервацыя, распрацоўваецца праект рэстаўрацыі.

Крэўскі замак. Рэканструкцыя М.А. Ткачова. Мастак Я.​Кулік.

т. 8, с. 541

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАЗАКІ́ (цюрк., удалец, вольны чалавек),

казацтва, 1) вольныя людзі — жыхары паўд. ускраін Усх. Еўропы ў канцы 15 — пач. 18 ст., потым асобае ваен. саслоўе ў Расійскай імперыі ў 18 — пач. 20 ст., якое валодала зямлёй пры ўмове абавязковай воінскай павіннасці. Утвараліся ў часы ВКЛ і Рэчы Паспалітай са збеглых сялян, у т. л. з Беларусі, і пасадскіх людзей, што сяліліся ў нізоўях Дняпра, у т.зв. Дзікім полі. У сярэдзіне 16 ст. князь Дз.І.Вішнявецкі заснаваў Запарожскую Сеч. У сярэдзіне 17 ст. вярхі К. мелі намер ажыццявіць ідэю стварэння ўкр. дзяржавы з уключэннем у яе склад паўд.-ўсх. зямель Беларусі. Спробы рэалізацыі ідэі мелі месца ў час вызваленчай вайны ўкраінскага і беларускага народаў 1648—54 і вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67. З канца 15—16 ст. уздоўж Дона, Церака, Волгі і Урала ствараліся самакіравальныя абшчыны К. (як і ўкр., мелі выбарных атаманаў і кіруючы орган — старшыну). У канцы 17 — пач. 18 ст. яны падпарадкаваны рас. ўладамі; узнікла саслоўе К. (уключала К.-воінаў і іх сем’і). Найбольшай ваен.-адм. адзінкай К. было войска (стваралася і з рус. перасяленцаў для аховы межаў дзяржавы ў Сярэдняй Азіі, Сібіры і на Д. Усходзе). У пач. 20 ст. было 11 войскаў (Данское, Кубанскае, Арэнбургскае, Забайкальскае, Сямірэчанскае, Церскае, Сібірскае, Астраханскае, Усурыйскае, Уральскае, Амурскае), больш за 4,4 млн. К., у т. л. 474 тыс. на службе (1916). З 1874 К. адбывалі воінскую павіннасць ва ўзросце 18—38 гадоў і падзяляліся на падрыхтоўчы, страявы і запасны разрады, у 1909 тэрмін іх службы скарочаны на 2 гады; зброю, коней і амуніцыю К. набывалі за свой кошт. У грамадз. вайну К. падтрымлівалі пераважна «белы» рух. У 1920 казацтва ліквідавана як саслоўе, да 1936 служба К. у Чырв. Арміі абмежавана. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па аднаўленні самакіравання і культ. традыцый К.

2) Тып войска (пераважна лёгкая нерэгулярная конніца) у ВКЛ, Рэчы Паспалітай, Расіі і СССР. У войску ВКЛ і Рэчы Паспалітай К. — атрады ўкр. К., нанятыя на службу каралём і вял. князем, або наёмная конніца, узброеная «па-казацку» (шабля, піка, стрэльба, панцыр). Апошніх, у адрозненне ад запарожцаў, называлі «панцырнымі» К. (у 17 ст. складалі больш за палавіну конніцы Рэчы Паспалітай). У час вайны Расіі з Рэччу Паспалітай 1654—67 дзейнічаў (1654—55) Бел. казацкі полк, сфарміраваны магілёўскім шляхціцам К.Паклонскім. У Расіі ў 14 — пач. 18 ст. былі і служылыя К. — вольныя людзі, якія за грошы або за права карыстання зямлёй неслі ваен. службу ў аддаленых раёнах краіны (гарадавыя К., вартавыя К.), як і стральцы, але мелі падначаленых ваяводам выбарных атаманаў. У той жа час падобныя служылыя К. былі і ў ВКЛ. У 16—17 ст. у баявых дзеяннях рас. войск удзельнічалі атрады вольных К. Пазней казацкія войскі выстаўлялі пэўную колькасць конных, пешых і артыл. часцей, каманды для паліцэйскай службы. Конны казацкі полк складаўся з 4—6 соцень, брыгада — з 2—3 палкоў. Пешыя (з 1842 пластунскія) падраздзяленні зводзіліся ў батальёны. У 1-ю сусв. вайну (да 1917) К. выставілі 164 конныя палкі, 54 артыл. батарэі, 30 пластунскіх батальёнаў, 179 асобных соцень і інш. (усяго 200 тыс. чал.). У 1920 як саслоўе скасаваны, адначасова праводзілася палітыка «расказачвання», якая суправаджалася рэпрэсіямі. 20.10.1936 ЦВК СССР адмяніў абмежаванні для службы К. у Чырв. Арміі. Перад Вял. Айч. вайной сфарміраваны казацкія кав. дывізіі, а ў вайну (снеж. 1941) — і карпусы. Ням.-фаш. войскі мелі ў сваім складзе конныя і пешыя «казацкія» часці з ваеннапалонных і добраахвотнікаў — ураджэнцаў казацкіх абласцей пераважна для барацьбы з партызанамі, у т. л. і на Беларусі. З пач. 1990-х г. урад Рас. Федэрацыі робіць захады па фарміраванні новых казацкіх часцей. Асобныя казацкія фарміраванні ўзнікалі стыхійна і ўдзельнічалі ва ўзбр. канфліктах на тэр. б. СССР (напр., у Прыднястроўі). Спробы стварэння невял. грамадскіх аб’яднанняў К. прадпрымаюцца ў 1990-я г. на Беларусі (напр., у Віцебску).

т. 7, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)