ІНУЛІ́Н,

поліцукрыд, які складаецца з астаткаў D-фруктозы. Малекулярная маса 5000—6000. Белы гіграскапічны аморфны парашок. Пры растварэнні ў вадзе ўтварае вязкія калоіды саладкаватага смаку. Запасны вуглявод многіх раслін, у асн. складанакветных. У клубнях і каранях тапінамбуру, вяргіні, нарцыса, гіяцынту, тубярозы, цыкорыі, кок-сагызу, дзьмухаўцу да 10—12%. Добра засвойваецца, ужываецца ў лячэбным харчаванні хворых на цукр. дыябет. У медыцыне выкарыстоўваюць пры даследаванні функцыі нырак, у біялогіі — для вывучэння водна-салявога абмену і мочаўтварэння ў жывёл.

т. 7, с. 291

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)