Запальная маса (для запалкаў) 4/493

Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПА́ЛЬНАЯ ЗБРО́Я,

баявыя сродкі для стварэння пажараў, паражэння жывой сілы і ваен. тэхнікі праціўніка. Засн. на выкарыстанні запальных саставаў. Уключае запальныя боепрыпасы і вогнесумесі, сродкі іх дастаўкі да цэлі. Выкарыстоўваецца з дапамогай авіяцыі (запальныя бакі, бомбы, касеты), артылерыі (запальныя снарады і міны), ручной зброі (запальныя гранаты, агнявыя фугасы, патроны, кулі, агнямёты). Ёсць таксама З.з., у якой спалучаецца запальнае дзеянне з інш. відамі паражэння (асколачна-запальныя снарады, бранябойна-запальныя снарады і кулі і інш.). З.з. выкарыстоўвалася ў 2-й сусв. вайне, у войнах у Карэі (1950—53) і В’етнаме (1964—73).

т. 6, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗАПА́ЛКІ,

драўляныя палачкі (саломка) з галоўкамі з запальнай масы, якія выкарыстоўваюцца для здабывання агню. Па прызначэнні адрозніваюць запалкі бытавыя, падарункавыя і спецыяльныя. Бытавыя і падарункавыя падзяляюцца на бяспечныя (загараюцца ад спец. намазкі) і сесквісульфідныя (загараюцца ад любой паверхні, не вырабляюцца з прычыны самаўзгаральнасці). Спецыяльныя падзяляюцца на сігнальныя (рознакаляровае полымя), паляўнічыя, ветравыя, тэрмічныя, водаўстойлівыя, фатаграфічныя (замяняюць магній пры фатаграфаванні).

Асн. сыравіна для запалак — драўніна асіны, вольхі і інш. На галоўкі запалак ідуць (запальная маса): берталетава соль — 53%, шкло молатае — 13,3, клей касцявы — 12, сурык жалезны — 7, сера — 5,5, бялілы цынкавыя — 6, піралюзіт — 1,5, хромпік каліевы — 1,4, гумітрагант — 0,3%. Матэрыялы для намазкі карабка (фосфарная маса): фосфар чырвоны — 42%, антыманіт — 30, дэкстрын — 5, піралюзіт — 2, шкло молатае — 2, мел — 3%. Гл. таксама Запалкавая вытворчасць.

т. 6, с. 530

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУ́ЛЯ,

снарад прадаўгаватай формы з завостраным ці тупым канцом, які пры выстрале выкідваецца з канала ствала стралковай, паляўнічай і спартыўнай зброі. Адрозніваюць К. для наразной (ваен. і паляўнічай) і гладкаствольнай зброі.

Ваен. К. — галаўная частка баявога патрона. Бываюць звычайныя, трасіруючыя (пакідаюць у палёце бачны след), бранябойныя (для паражэння лёгка браніраваных цэлей), запальныя (для запальвання лёгкаўзгаральных рэчываў), бранябойна-запальныя і інш.; малакаліберныя (да 6,5 мм), нармальнага калібру (7,5—7,69 мм) і буйнакаліберныя (12,7—15 мм). Першыя К. былі сферычныя, з пераходам да наразной зброі сталі карыстацца прадаўгаватымі К. (ад вінтавой нарэзкі ў ствале атрымліваюць вярчэнне, што стабілізуе іх палёт).

В.​І.​Вараб’ёў.

Кулі для стралковай (а—е) і гладкаствольнай паляўнічай (д—е) зброі: а — звычайная, б — трасіруючая, взапальная, г — бранябойная, д — Якана (Жакана), е — Брэнеке; 1 — абалонка, 2 — асяродак, 3 — свінцовая абалонка, 4 — стаканчык, 5—6 — трасіруючы і запальны саставы.

т. 9, с. 16

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БО́МБА (франц. bombe ад лац. bombus шум, гул),

1) адзін з асн. відаў авіяц. боепрыпасаў. Бомбы асн. прызначэння забяспечваюцца выбуховымі рэчывамі, запальнымі саставамі,ядз. або тэрмаядз. зарадамі (вадародныя, нейтронныя і інш. бомбы; гл. Ядзерная бомба, Прамянёвая зброя). Бываюць фугасныя, асколачныя (у т. л. шарыкавыя), супрацьтанкавыя, супрацьлодачныя, запальныя, бранябойныя, хім. і інш. Дапаможныя авіяц. бомбы прызначаны для стварэння дымавых заслонаў, асвятлення мясцовасці, сігналізацыі, навуч. мэтаў і інш. Сучасныя бомбы могуць мець сістэмы тэлекіравання і саманавядзення, аснашчацца для бомбакідання з малых вышынь парашутамі. Маса авіяц. бомбы ад 0,5 кг да 20 т. 2) Марскі боепрыпас для знішчэння падводных лодак, якарных і донных мін, іншых падводных аб’ектаў. Глыбінныя бомбы (упершыню выкарыстаны ў 1915) падзяляюцца на карабельныя (скідваюцца з кармавых бомбаскідальнікаў або выстрэльваюцца з бамбамётаў) і авіяцыйныя (скідваюцца з самалётаў і верталётаў). Маюць звычайныя і ядз. зарады, кантактныя, некантактныя, гідрастатычныя і дыстанцыйныя ўзрывальнікі. Маса 120—250 кг, далёкасць стральбы да 4 км.

3) Устарэлая назва артыл. асколачна-фугаснага снарада масай больш за 16 кг (з меншай масай наз. гранатамі). Выкарыстоўваўся ў 17—19 ст. У гладкаствольнай артылерыі меў сферычны чыгунны корпус, у наразной — прадаўгаваты.

4) Асколачны снарад для стральбы з бамбамётаў у 1-ю сусв. вайну.

5) Назва саматужных снарадаў, зробленых для дыверсійных і тэрарыстычных мэтаў (у б. Расійскай імперыі, напр., выкарыстоўваліся ў тэрарыстычнай дзейнасці нарадавольцаў).

Бомбы: а — гладкаствольнай артылерыі (1 — корпус, 2 — запальная трубка, 3 — зарад); б — авіяцыйная (1 — узрывальнік, 2 — балістычнае кальцо, 3 — дадатковыя дэтанатары, 4 — падвесная сістэма, 5 — зарад, 6 — корпус, 7 — запальныя стаканы, 8 — стабілізатар); в — глыбінная, якая выстрэльваецца з мнагаствольнай бамбамётнай устаноўкі (1 — засцерагальны каўпак узрывальніка, 2 — вяртушка ўзрывальніка, 3 — зарад, 4 — дэтанатар, 5 — корпус, 6 — выкідвальны зарад, 7 і 8 — трубка і кальцо стабілізатара).

т. 3, с. 211

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)