ЛУ́ПАЛАЎСКІ ЛА́ГЕР СМЕ́РЦІ, шталаг № 813. Створаны ням.-фаш. захопнікамі ў 1941 у Вял.Айч. вайну ў прыгарадзе г. Магілёва Лупалаве для масавай загубы сав. ваеннапалонных. Абгароджаны некалькімі радамі калючага дроту, па якім пускалі электрычны ток. Вязняў марылі голадам, катавалі, расстрэльвалі, з-за антысанітарных умоў панаваў тыф: за суткі гінула да 250 чал., памерлых закопвалі каля баракаў. Да 1943 тут загублена больш за 40 тыс.чал. На месцы лагера мемар. комплекс, запалены Вечны агонь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЕ́ЧНЫ АГО́НЬ,
агонь, які запальваюць і падтрымліваюць на памятных месцах, як сімвал увекавечання памяці тых, хто загінуў, на месцах бітваў, каля помнікаў, манументаў, курганоў Славы, Памяці, Бессмяротнасці, на брацкіх могілках і мемарыяльных могілках воінаў, партызан, ахвяр фашызму. Упершыню запалены ў 1920 у Парыжы на магіле Невядомага салдата 1-й сусв. вайны. На Беларусі вечны агонь гарыць каля манументаў Перамогі ў Мінску і Віцебску, у Брэсцкай крэпасці-героі, каля помнікаў Памяці ахвяр фашызму лагераў смерці Трасцянец, Масюкоўшчына (Мінскі р-н), у мемарыяльных комплексах Хатынь (Лагойскі р-н) і інш. населеных пунктах, а таксама на месцах памятных падзей.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАНУМЕ́НТ ПЕРАМО́ГІў Мінску,
помнік у гонар перамогі сав. народа над фаш. Германіяй і на ўшанаванне памяці воінаў Сав. Арміі і партызан, якія загінулі ў Вял.Айч. вайну. Устаноўлены ў 1954 на Перамогі плошчы (арх. Г.Заборскі, У.Кароль) Мае форму абеліска (выш. каля 40 м), абліцаванага шэрым гранітам і завершанага выявай ордэна Перамогі; яго грані рытмічна расчлянёны палосамі, стылізаванымі пад бел. арнамент. На 4 гранях пастамента размешчаны бронз. гарэльефы: «9 мая 1945 г.» (скульпт. А.Бембель), «Савецкая Армія ў гады Вялікай Айчыннай вайны» (скульпт. С.Селіханаў), «Слава загінуўшым героям» (скульпт. З.Азгур), «Партызаны Беларусі» (скульпт. А.Глебаў). Як сімвал перамогі на базе абеліска ляжыць абвіты лаўровай галінкай меч (скульпт. С.Салтыкоў). Ступеньчаты стылабат з 4 бакоў фланкіраваны вянкамі (скульпт. С.Адашкевіч). У 1961 каля падножжа манумента запалены Вечны агонь. У 1984 пляцоўка перад манументам атрымала новае маст.-арх. афармленне.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
МАРСАВА ПО́ЛЕў С.-Пецярбургу,
плошча, адзін з найб.манум. ансамбляў горада. У пач. 18 ст, на месцы М.п. быў «Вялікі луг» для правядзення ўрачыстасцей, у т. л.ваен. парадаў. З 2-й пал. 18 ст. плошча мела назву «Царыцынскі луг», з 1818 М.п. (па аналогіі з М.п. у ант. Рыме). На М.п. помнікі П.А.Румянцаву («Румянцаўскі абеліск»; 1798—99, арх. В.Ф.Брэна, з 1818 — на Васільеўскім востраве) і А.В.Сувораву (1799—1801, скульпт. М.І.Казлоўскі). У крас. 1917 у цэнтры М.п. ў брацкай магіле пахавана 180 удзельнікаў Лют. рэвалюцыі, у чэрвені яно стала цэнтрам дэманстрацыі рабочых і салдат. У 1919 тут пахаваны ўдзельнікі грамадз. вайны. У 1917—19 на месцы пахаванняў пастаўлены помнік «Змагарам рэвалюцыі» (арх. Л.У.Руднеў, аўтар надпісаў А.В.Луначарскі). У ансамбль М.п. ўваходзяць; Мармуровы палац (1768—85, арх. А.Рынальдзі, перабудаваны ў 1844—51, арх. А.П.Брулоў, класіцызм), Інжынерны замак (да 1823 Міхайлаўскі замак; 1797—1800, арх. Брэна, В.І.Бажэнаў, класіцызм) з коннай статуяй Пятра I перад ім (1743—44, скульпт. Б.К.Растрэлі; у замку ў 1801 забіты імператар Павел I), б. Паўлаўскія казармы (1817—20, арх. В.П.Стасаў, ампір), а таксама прылеглыя да яго Летні сад і Міхайлаўскі сад. У 1920—23 на тэр. М.п. разбіты партэрны сад (арх. І.А.Фамін), у 1957 запалены Вечны агонь. Уключана ЮНЕСКА у спіс Сусветнай спадчыны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ГО́МЕЛЬСКАЕ ПАТРЫЯТЫ́ЧНАЕ ПАДПО́ЛЛЕў Вялікую Айчынную вайну.
Дзейнічала з 20.8.1941 да 26.11.1943 у г. Гомель і прыгарадзе пад кіраўніцтвам Гомельскіх падп. абкома і гаркома КП(б)Б. Аб’ядноўвала больш за 40 груп (каля 400 чал.). Найб. актыўныя групы: на падшыпнікавым (кіраўнік В.І.Сухаў), паравозавагонарамонтным (М.В.Півавараў) з-дах, паравозным дэпо (А.Ц.Брыкс), чыг. вузле (Ф.С.Варонін), лесакамбінаце (М.Д.Жызнеўскі, Р.М.Каралёў), тлушчакамбінаце (Е.І.Каленікаў), у пашпартным стале (Н.Я.Заўгародні), у Навабеліцы (А.В.Мацвіенка, Ф.С.Кусцін, В.Ц.Папоў). Адной з першых пачала дзейнасць група Ц.С.Барадзіна, члены якой наладзілі друкаванне антыфаш. лістовак, бланкаў дакументаў, правялі шэраг дыверсій, перадавалі сав. ваеннапалонным у лагер адзенне, прадукты, лістоўкі, арганізоўвалі іх уцёкі. У ліст. 1941 створаны аператыўны цэнтр для каардынацыі дзейнасці падп. груп, наладжана сувязь з Гомельскім камсамольска-маладзёжным падполлем. Падпольшчыкі вялі антыфаш. агітацыю сярод насельніцтва, распаўсюджвалі сав. газеты і зводкі Саўінфармбюро, уладкоўвалі сваіх людзей у акупацыйны апарат, учынялі дыверсіі на прадпрыемствах, чыгунцы і інш. месцах. Выкарыстоўваючы звесткі падпольшчыкаў, сав. авіяцыя рабіла налёты на скопішчы варожых войск, ваен. тэхнікі ў Гомелі, Рэчыцы, Жлобіне. У маі 1942 і лютым 1943 фашысты правялі шматлікія арышты і расстрэлы. За час акупацыі загінуў кожны трэці падпольшчык Гомеля. Барадзіну, І.П.Кожару і Е.І.Барыкіну прысвоена званне Героя Сав. Саюза. У Гомелі на магілах падпольшчыкаў пастаўлены помнікі, на пл. Працы запалены Вечны агонь.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЛІМПІ́ЙСКІЯ ГУ́ЛЬНІ,
1) агульнаэлінскія святкаванні і спарт. спаборніцтвы ў Стараж. Грэцыі. Адбываліся раз у 4 гады ў Алімпіі ў гонар бога Зеўса. Звестак пра першыя Алімпійскія гульні не захавалася, іх адлік вядзецца ад 776 да н.э., калі былі ўведзены запіс пераможцаў і нумарацыя Алімпіяд. Складаліся з культавых абрадаў і спарт. спаборніцтваў. Удзельнічалі прадстаўнікі ўсіх грэч. дзяржаў. На час Алімпійскіх гульняў абвяшчаўся абавязковы для ўсіх грэкаў «свяшчэнны мір» і не вяліся ваен. дзеянні. Да спаборніцтваў дапускаліся толькі вольнанароджаныя грэкі (пазней і рымляне) і толькі мужчыны. Кіравалі гульнямі эланодыкі (суддзі). Спаборніцтвы праводзіліся спачатку па бегу на 1 стадый (дыстанцыя, роўная даўжыні стадыёна — 197,27 м), затым на 2 і больш стадыі; з 708 да н.э. — таксама па барацьбе, пенталоне (пяцібор’е — бег, кіданне дыска і кап’я, скачкі ў даўжыню, барацьба), кулачным баі, гонках на калясніцах і інш. Пераможцаў Алімпійскіх гульняў (алімпіёнікаў) узнагароджвалі аліўкавым вянком, іх ушаноўвалі як нац. герояў на радзіме і па ўсёй Грэцыі (атрымлівалі сац. і паліт. прывілеі), часам абагаўлялі, у іх гонар ставілі статуі, чаканілі манеты. Алімпійскія гульні праводзіліся і пасля падпарадкавання грэч. зямель Рыму. Пасля ўсталявання хрысціянства Алімпійскія гульні як праява паганства забаронены ў 394 н.э.рым. імператарам Феадосіем I.
2) Буйнейшыя міжнар. комплексныя спарт. спаборніцтвы сучаснасці. Праводзяцца з 1896 кожны высакосны год летам паводле правілаў і палажэнняў, вызначаных Алімпійскай хартыяй. Праграмныя і арганізац. асновы Алімпійскіх гульняў, як і ўсяго алімпійскага руху, закладзены П. дэ Кубертэнам. Па яго ініцыятыве Парыжскі міжнар.спарт. кангрэс (1894) прыняў рашэнне пра аднаўленне Алімпійскіх гульняў. Арганізуе і праводзіць гульні алімпійскі горад і нацыянальны алімпійскі камітэт (НАК) краіны, у якой горад знаходзіцца, пад кіраўніцтвам і кантролем Міжнароднага алімпійскага камітэта (МАК). Парадкавы нумар Алімпійскіх гульняў захоўваецца незалежна ад таго, праводзіліся яны ці не (гл.табл.). Праграма Алімпійскіх гульняў уключае не менш як 15 алімпійскіх відаў спорту (абавязкова — лёгкая атлетыка, гімнастыка, плаванне, цяжкая атлетыка, барацьба, бокс, фехтаванне, веславанне, веласпорт, футбол, баскетбол). Арганізатары гульняў могуць уключаць і паказальныя выступленні па 1—2 відах спорту, не прызнаных МАК. На час Алімпійскіх гульняў удзельнікі размяшчаюцца ў алімпійскай вёсцы.Пачынаючы з 1924 праводзяцца і зімовыя Алімпійскія гульні, якія маюць уласную нумарацыю і адбываліся да 1994 у адзін год з летнімі. Апрача агульнай алімпійскай сімволікі Алімпійскія гульні маюць і ўласную (эмблемы, талісманы і г.д.).
Сярод традыц. рытуалаў Алімпійскіх гульняў — запальванне алімпійскага агню ў час адкрыцця гульняў (агонь, запалены ў стараж. Алімпіі ад сонечных промняў, эстафетай спартсменаў дастаўляецца ў алімпійскі горад), алімпійская клятва, якую ад імя ўсіх удзельнікаў прамаўляе адзін з лепшых спартсменаў краіны правядзення Алімпійскіх гульняў, клятва суддзяў, узнагароджанне пераможцаў і прызёраў спаборніцтваў алімпійскімі медалямі, узняцце дзярж сцяга і выкананне нац. гімна ў гонар пераможцы. З 1908 на Алімпійскіх гульнях пашыраны т.зв. неафіц. агульнакамандны залік — вызначэнне месца нац. камандаў на колькасці медалёў і заліковых ачкоў. Алімпійскім гульням спадарожнічае пэўная культ. праграма, выпускаюцца алімпійскія сувеніры, манеты, значкі, маркі і інш атрыбутыка.
Бел. спартсмены ўдзельнічаюць у Алімпійскіх г. з 1952 у складзе зборнай каманды СССР, аб’яднанай каманды СНД (1992), з 1994 (зімовыя Алімпійскія гульні ў Лілехамеры) — самастойнай нац. камандай. Імі заваявана (у т. л. і на зімовых Алімпійскіх гульнях) 81 залаты, 39 сярэбраных і 36 бронзавых медалёў. Шматразовымі алімпійскімі чэмпіёнамі былі гімнасты С.Багінская, В.Корбут, В.Шчэрба (6 залатых медалёў на Алімпійскіх гульнях у Барселоне), фехтавальшчыкі А.Бялова, Т.Самусенка і В.Сідзяк, барэц А.Мядзведзь, вясляр У.Парфяновіч і інш.
Літ.:
Олимпийская энциклопедия. М., 1980.
Г.К.Кісялёў.
Алімпійскія гульні
Алімпіяды
Год правядзення
Месца правядзення
Прадстаўленыя нац. алімпійскія к-ты
I
1896
Афіны
13
II
1900
Парыж
21
III
1904
Сент-Луіс
12
IV
1908
Лондан
22
V
1912
Стакгольм
28
VI
1916
Берлін*
VII
1920
Антверпен
29
VIII
1924
Парыж
44
IX
1928
Амстэрдам
46
X
1932
Лос-Анджэлес
38
XI
1936
Берлін
49
XII
1940
Токіо, пасля адмовы — Хельсінкі*
XIII
1944
Лондан*
XIV
1948
Лондан
58
XV
1952
Хельсінкі
69
XVI
1956
Мельбурн
67
XVII
1960
Рым
84
XVIII
1964
Токіо
94
XIX
1968
Мехіко
113
XX
1972
Мюнхен
122
XXI
1976
Манрэаль
88
XXII
1980
Масква**
81
XXIII
1984
Лос-Анджэлес
140
XXIV
1988
Сеул
160
XXV
1992
Барселона
172
XXVI
1996
Атланта
* Гульні не праводзіліся ў сувязі з ваеннымі дзеяннямі.
** Адзін з групавых турніраў Алімпіяды па футболе праводзіўся ў Мінску.
Да арт.Алімпійскія гульні: эмблема Алімпійскіх гульняў у Атланце (1996); запальванне алімпійскага агню ў Лілехамеры (1994; уверсе); вокладка часопіса «World of Gymnastics» з выявамі чэмпіёнаў Алімпійскіх гульняў у Барселоне; дэлегацыя Беларусі на зімовых Алімпійскіх гульнях у Лілехамеры, 1994.Да арт.Алімпійскія гульні. Алімпійскі агонь на вуліцах Мінска. 1980.Да арт.Алімпійскія гульні. Старт фінальнага забегу на 100 м на гульнях 1-й Алімпіяды (1896).Да арт.Алімпійскія гульні. Спаборніцтва па стральбе з пісталета на гульнях 5-й Алімпіяды (1912).Да арт.Алімпійскія гульні. Беларуская гімнастка В.Корбут — уладальніца 3 залатых медалёў на гульнях у Мюнхене (1972).