КАЛІ́Т (ад грэч. kolon тоўстая кішка),
вострыя ці хранічныя запаленча-дыстрафічныя пашкоджанні тоўстай кішкі. Прычыны: інфекцыя (бацылярная дызентэрыя, грып, пнеўманія, сальманелёз), інвазія (амёбная дызентэрыя, балантыдыяз), гельмінтозы (трыхацэфалёз, аскарыдоз), атручэнні, хваробы страўніка, печані, уздзеянне алергічных фактараў, няправільнае харчаванне (аднастайная ці вострая ежа, алкаголь, недахоп вітамінаў). Характарызуецца спастычнымі болямі ў жываце, функцыян. парушэннем работы кішэчніка (запор, панос, у цяжкіх выпадках з прымессю крыві), іншы раз павышэннем т-ры, стратай апетыту, слабасцю. Лячэнне: тэрапеўтычнае, дыета.
т. 7, с. 471
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АРТРЫ́Т (ад грэч. arthron сустаў + ...іт),
зборная назва запаленчых і запаленча-дыстрафічных, а ў шырокім сэнсе і інш. хвароб суставаў. Адрозніваюць артрыты першасныя (напр., спандылаартрыт) і другасныя або спадарожныя (пасля рэўматызму), вострыя і хранічныя, лакалізаваныя ў адным суставе і множныя (поліартрыт). Выклікаюцца інфекцыяй пры туберкулёзе, бруцэлёзе, парушэннямі абмену рэчываў і жыўлення суставаў, траўмамі і інш. Прыкметы: боль у суставах, пачырваненне скуры над імі, абмежаваная гнуткасць, змена формы суставаў, прыпухласць. Лячэнне медыкаментознае, санаторна-курортнае, пры цяжкіх ускладненнях хірургічнае.
т. 1, с. 506
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́РАК (Віктар Віктаравіч) (н. 6.3.1944, в Манастырышчава Чарнігаўскага р-на Прыморскага краю, Расія),
бел. вучоны ў галіне анестэзіялогіі і рэаніматалогіі. Д-р мед. н. (1997), праф. (1998). Скончыў Каўнаскі мед. ін-т (1966). З 1975 у Бел. ін-це ўдасканалення ўрачоў (з 1989 заг. кафедры). Гал. дзіцячы анестэзіёлаг-рэаніматолаг Беларусі. Навук. працы па патафізіялогіі штучнага кровазвароту і па пытаннях інтэнсіўнай тэрапіі запаленча-гнойных захворванняў у дзяцей.
Тв.:
Справочник по педиатрии. Мн., 1979 (у сааўт.);
Справочник семейного врача: Педиатрия. Мн., 1997 (у сааўт.).
т. 9, с. 41
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫКУЛІ́Т (ад лац. radicula карэньчык),
пашкоджанне карэньчыкаў спіннамазгавых нерваў (ад рэчыва спіннога мозга да спінальнага ганглія); поліэтыялагічнае захворванне. Асн. прычына Р. — запаленча-дэгенератыўны працэс у карэньчыках нерваў. Адрозніваюць Р. востры і хранічны, першасны (інфекц., таксічны) і другасны (абумоўлены паталаг. уплывам суседніх тканак, напр., пры зменах у пазваночніку). Сярод другасных Р. вылучаюць паяснічна-крыжавы — найб. пашыранае захворванне перыферычнай нерв. сістэмы. Усе формы Р. аб’ядноўвае тыповая прыкмета: выразны пастаянны боль, які ўзмацняецца пры рухах; боль суправаджаецца рухавымі расстройствамі. Лячэнне тэрапеўт., вітаміны, фізія-, гразе-, курортатэрапія, ЛФК і інш.
У.А.Кульчыцкі.
т. 13, с. 239
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)