МАНІЯКА́ЛЬНА-ДЭПРЭСІ́ЎНЫ ПСІХО́З,

цыркулярны псіхоз, псіхічнае захворванне, якое характарызуецца перыядамі прыгнечанасці (дэпрэсіі), узбуджэння (маніякальны стан, гл. Манія) і аднаўлення здароўя (светлы прамежак). М.-д.п. — комплекс спадчынных і набытых вегетатыўна-эндакрынных і абменных парушэнняў, вынік расстройства рэгулятарных механізмаў кары вял. паўшар’яў і інш. аддзелаў галаўнога мозга. У час дэпрэсіі назіраецца эмацыянальны і інтэлектуальны спад, замаруджванне мыслення і рухаў (бываюць спробы самагубства). Пры маніякальным стане ўзнікае паскоранае і паверхневае мысленне, моварухальнае ўзбуджэнне, добры настрой, хаатычная дзейнасць. Лячэнне ў псіхіятрычным стацыянары.

т. 10, с. 84

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ЛІДЗ ЭНД ЛЭГЗ»

(ад англ. leads and lags апярэджанні і адставанні),

тактыка маніпуліравання тэрмінамі правядзення разлікаў (паскарэнне або замаруджванне) з мэтаю атрымання фін. або інш. выгад. Ажыццяўляецца афіцыйна, праз змены бакамі тэрмінаў і ўмоў плацяжу, або шляхам невыканання адным з партнёраў умоў здзелкі. У знешнім гандлі «Л.э.л.» выкарыстоўваецца пры чаканні рэзкіх змен валютных курсаў (асабліва пры дэвальвацыі і рэвальвацыі) і працэнтных ставак, няўстойлівасці валютных пазіцый бакоў, верагоднасці змен рэжыму рэгулявання знешнегандл. аперацый, сістэмы валютных абмежаванняў, падаткаабкладання (гл. Падаткі) і інш. «Л.э.л.» можа выкарыстоўвацца і ва ўнутр. плацежным абарачэнні.

т. 9, с. 249

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)