ГВАРЫ́НІ, Гуарыні (Guarini) Джавані Батыста (10.12.1538, г. Ферара, Італія — 7.10.1612), італьянскі паэт, тэарэтык л-ры і мастацтва. Праф. рыторыкі ў Падуі. Праславіўся трагікамедыяй «Верны пастух» (1590). Аўтар лірычных вершаў, мадрыгалаў, трактата-падручніка «Кампендыум трагікамічнай паэзіі» (1601), у якім сцвярджаў, што мэта паэзіі — не павучаць, а даваць асалоду, што залішні рацыяналізм супярэчыць правілам ант. аўтарытэтаў. Вытанчанасць стылю, пачуццёвасць у спалучэнні з метафарычнасцю робяць яго творчасць прадвесцем мастацтва барока.

Г.​В.​Сініла.

т. 5, с. 100

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЫЛІ́НА (Янка) (сапр. Семашкевіч Іван; 1883, в. Лакцяны Астравецкага р-на Гродзенскай вобл. — 1955),

бел. паэт. Скончыў Віленскую духоўную семінарыю (1907). Служыў ксяндзом на Вілейшчыне, Ашмяншчыне, Віленшчыне, Беласточчыне. У гады культу асобы зведаў рэпрэсіі. Друкаваўся з 1917 у газ. «Гоман», у перыяд. выданнях Зах. Беларусі, у т. л. ў час. «Маланка». Выдаў у Вільні зб-кі вершаў і баек «На прызбе» (1918, 2-е выд. 1924) і «На покуці» (1934), камедыю «Выбар старшыні» (1926), у якой асуджаў жорсткасць і несумленнасць чыноўнікаў. Вершы «Бацькаўшчына», «Дарогі нашай айчыны» і інш. выявілі патрыят. настроі паэта. У вершах «Ой, пусцее поле», «Воўк заўсёды ваўком», байках «Блыха і пан», «Кабан і мурашкі» і інш. Паказаў сац. і нац. ўціск польск. улад. Бытавы гумар пераважае ў вершаваных апавяданнях («Здарэнне», «Пахаванне старшыні»). У аснове твораў Быліны жывая нар. гутарковая мова. Шкодзіць ім залішні дыдактызм, шматслоўнасць.

А.​С.​Ліс.

т. 3, с. 373

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГІГІЕ́НА ХАРЧАВА́ННЯ,

галіна гігіены, якая вывучае праблемы паўнацэннасці ежы, рацыянальнага харчавання і яго ўплыў на здароўе чалавека. Асн. пытанні гігіены харчавання: колькасная і якасная неабходнасць у харчаванні і пажыўных рэчывах, пажыўная каштоўнасць і дабраякаснасць харч. прадуктаў, рэжым харчавання, кантроль за якасцю і бяспекай харчавання, санітарны нагляд за прадпрыемствамі харч. прам-сці, гандлю і грамадскага харчавання з мэтай прадухілення харч. таксікаінфекцый і інтаксікацый, арганізацыя прафілакт. харчавання работнікаў прадпрыемстваў і ўстаноў з прафес. шкоднасцямі, мед. кантроль за станам здароўя работнікаў харчавання і інш. Сувязь харчавання і здароўя адлюстравана ў статусах харчавання: звычайны, аптымальны, залішні і недастатковы. Навук. асновай гігіенічнага нармавання патрэбнасцей насельніцтва ў пажыўных рэчывах і харч. прадуктах з’яўляюцца законы рацыянальнага харчавання (энергетычнай, пластычнай, энзіматычнай і біятычнай або бясшкоднай адэкватнасці) і канцэпцыя збалансаванага харчавання (захаванне колькасных суадносін паміж асобнымі пажыўнымі рэчывамі).

Літ.:

Вретлинд А., Судисян А. Клиническое питание. Стокгольм, М., 1990.

Х.​Х.​Лавінскі.

т. 5, с. 219

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЗЯМЕЛЬНАЯ РЭ́НТА,

даход ад зямлі, не звязаны з прадпрымальніцкай дзейнасцю; частка прыбавачнага прадукту, створанага непасрэдна працай вытворцы і прысвоенага ўласнікам зямлі; плата арандатара ўласніку зямлі за карыстанне ёю. Узнікла са з’яўленнем зямельнай уласнасці. З.р. — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам і агульным коштам вытв-сці, які ўтвараецца пад уздзеяннем прыватнай уласнасці на зямлю і манаполіі на зямлю як на аб’ект гаспадарання. Адрозніваюць З.р. абсалютную, манапольную і дыферэнцыяльную. Абсалютная З.р. — даход, атрыманы з любога зямельнага ўчастка, здадзенага ў арэнду прадпрымальніку. Практычная форма яе існавання — арэндная плата. Па эканам. сутнасці гэта — лішак прыбавачнай вартасці над сярэднім прыбыткам арандатара ці форма рэалізацыі права зямельнай уласнасці і плата за тытул зямельнага ўласніка. Сама па сабе зямельная ўласнасць не з’яўляецца крыніцай З.р., але яна можа быць прычынай таго, што залішні прыбавачны прадукт ператвараецца ў даход землеўласніка. Манапольная З.р. атрымліваецца ў выніку продажу с.-г. прадуктаў па манапольных цэнах. Яна ўтвараецца за кошт спажыўца і прысвойваецца ўладальнікам зямельнага ўчастка, які знаходзіцца ў выключна спрыяльных умовах. Усе адносна лепшыя зямельныя ўчасткі прыносяць звышпрыбытак (лішак над сярэднім прыбыткам), які ўтвараецца за кошт розніцы паміж грамадскай вартасцю і выдаткамі вытв-сці. Гэта розніца дыферэнцыруецца ў залежнасці ад рознай прадукцыйнасці працы, якасці зямельных участкаў, іх месцазнаходжання, таму яна наз. дыферэнцыяльнай (рознаснай З.р.). Паводле А.Сміта, дыферэнцыяльная рэнта — чысты дар прыроды.

Т.​Я.​Бондар, М.​Е.​Заяц.

т. 7, с. 128

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)