АНТАНІ́НАЎ ВАЛ

(англ. Antonine Wall),

старажытнарымскае абарончае збудаванне паміж нізоўямі р. Клайд і залівам Ферт-оф-Форт у Шатландыі. Пабудаваны ў 145 н.э. Лоліем Урбікам у час праўлення імператара Антаніна Пія для абароны паўн. межаў Рымскай імперыі ад варвараў. Мае 19 асн. і шэраг дадатковых фортаў па-за межамі вала для абароны флангаў. Выш. 3 м, шыр. каля 4,5 м, з паўн. боку ўмацаваны ровам. У 155 Антанінаў вал часова пакінуты, у канцы 2 ст. закінуты канчаткова.

т. 1, с. 380

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БРА́ТЧЫКАЎ Генадзь Іванавіч

(10.3.1914, в. Міхееўка Кудымкарскага р-на Пермскай вобл., Расія — 10.12.1944),

удзельнік партыз. руху на Украіне і Беларусі ў Вял. Айч. вайну. Герой Сав. Саюза (1945). Скончыў Ленінградскую ваен. школу сувязі (1936). У сак. 1943 на чале групы разведчыкаў закінуты ў тыл ворага, дзейнічаў у раёне Гомеля, Чарнігава, Шчорса, Ноўгарада-Северскага, са снеж. 1943 у Баранавічах, Ваўкавыску, Слоніме, Бярозе, Ружанах; група перадала ў штаб 1-га Бел. фронту больш за 450 данясенняў. Загінуў у баі на тэр. Польшчы.

т. 3, с. 250

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АДРЫЯ́НАЎ ВАЛ

(англ. Hadrian’s Wall),

стараж.-рымскае абарончае збудаванне паміж вусцем р. Тайн і залівам Сольвей у Англіі. Пабудаваны пры імператару Адрыяне ў 122—133 для абароны Рымскай Брытаніі ад варвараў. Працягласць 122,3 км, шыр. 2,4—3,1 м, выш. 3,7—4,9 м. Меў 16 фортаў, шмат вежаў. На асобных участках умацаваны ровам (глыб. 2,7 м, шыр. 38,7 м). На Пд ад Адрыянава вала выкапаны другі роў, які, магчыма, акрэсліваў мяжу ваен. зоны. У 197, 296 і 367 захоплены варварамі, некалькі разоў аднаўляўся. Канчаткова закінуты каля 400.

т. 1, с. 137

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІТУ́ШКА Міхась Апанасавіч

(1907, г. Нясвіж Мінскай вобл. — ?),

бел. паліт. і вайсковы дзеяч. Скончыў Віленскую бел. гімназію (1930), вучыўся ў Пражскім ун-це і Варшаўскім політэхн. ін-це. У 1930-я г. ўваходзіў у кіраўніцтва Аб’яднання бел. студэнцкіх арг-цый у Празе, Варшаўскага асв. т-ва беларусаў. Напярэдадні Вял. Айч. вайны ўступіў у кантакт з абверам, вёў дыверсійную работу ў Зах. Беларусі. У час вайны актыўна супрацоўнічаў з гітлераўцамі, арганізоўваў атрады Бел. самааховы на Браншчыне, Смаленшчыне і Магілёўшчыне, удзельнічаў у баях супраць сав. партызан. Адзін з лідэраў Бел. незалежніцкай партыі, маёр Бел. краёвай абароны. Удзельнік 2-га Усебел. кангрэса (чэрв. 1944, Мінск). З ліп. 1944 выкладчык дыверсійна-разведвальнага батальёна «Дальвіц», камандзір яго спецатрада. 17.11.1944 атрад Вітушкі закінуты фашыстамі ў Налібоцкую пушчу. З вясны 1945 кіраўнік т.зв. партызанскай Бел. вызв. арміі (інш. назва «Чорны кот»). Далейшы лёс невядомы.

С.І.Ёрш.

т. 4, с. 205

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)