А́НГІРАС,
у ведыйскай і індуісцкай міфалогіі вялікі мудрэц; пасрэднік паміж багамі і людзьмі, родапачынальнік паўбагоў-ангірасаў. Ангіраса лічаць трэцім сынам Брахмы, аўтарам многіх гімнаў «Рыгведы», з яго імем звязваюць вобраз заканадаўца і астранома.
т. 1, с. 344
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
«БЕЛАРУ́СКАЯ КАПЭ́ЛА»,
нацыянальнае тэатральна-канцэртнае аб’яднанне. Створана ў 1992 у Мінску на базе аднайм. калектыву. Маст. Кіраўнік В.Скорабагатаў. У аснове арганізацыі аб’яднання — прынцыпы еўрап. капэлы 17—18 ст. Кірункі дзейнасці: аднаўленне ў тэатр.-канцэртнай практыцы бел. муз. спадчыны, збіранне, даследаванне і публікацыя бел. муз. твораў 17—19 ст., прапаганда сучаснай, у т. л. авангарднай, музыкі. Па ініцыятыве капэлы зроблены сучасныя аўтарскія версіі зборніка лірычных кантаў «Куранты» (В.Капыцько), школьнай оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага (Дз.Смольскі). Праводзіць штогод (з 1991) міжнар. фестывалі «Адраджэнне беларускай капэлы», на якіх паказаны (у канцэртным выкананні) оперы «Уяўная каханка» Дж.Паізіела і «Апалон-заканадаўца...», «Балетны дывертысмент»; выконваліся творы Я.Д.Голанда, М.Радзівіла, Э.Ванжуры, В.Казлоўскага, Міхала Клеафаса і Міхала Казіміра Агінскіх, братоў А. і М.Ельскіх, Ф.Міладоўскага, Ю.І.Крашэўскага, С.Манюшкі і інш.
Р.М.Аладава.
т. 2, с. 412
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛІКУ́РГ (Lykurgos),
легендарны старажытнагрэчаскі заканадаўца ў Спарце (9—8 ст. да н.э.). Паводле Плутарха, Л. быў дзядзькам і выхавацелем малалетняга цара. Грэч. аўтары 5—4 ст. да н.э. прыпісваюць яму стварэнне ін-таў спартанскага грамадскага і дзярж. ладу, у т. л. савета старэйшын (герусіі), нар. сходу (апелы) і інш. На ўзор Л. свае рэформы ў 3 ст. да н.э. праводзілі цары Агіс IV і Клеамен III. У Спарце існаваў асобны культ Л.
т. 9, с. 258
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ФЕНАМЕНАЛАГІ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
кірунак прававой думкі ў 20 ст., які абапіраецца на фенаменалогію. Асн. прадстаўнікі: А.Рэйнах, Ф.Каўфман, Г.Коніг, К.Косіо і інш. Ф.ш.п. прэтэндавала на пераадоленне неакантыянскага ідэалізму, што панаваў у зах. навуцы права ў пач. 20 ст. З пазіцыі гэтай школы права мае сваю анталагічную аснову — незалежнае ад заканадаўца быццё. Ідэальную аснову («эйдас» права) складаюць не рэальныя грамадскія адносіны, сац.-эканам. і паліт. лад, а асобы свет «быцця прававых паняццяў і норм». Складаны працэс адлюстравання сац. адносін і інтарэсаў, мэтаў у прававых нормах у выніку свядомай мэтанакіраванай дзейнасці праватворчых органаў выяўляецца прадстаўнікамі Ф.ш.п. як «угадванне» заканадаўцам або суддзёй гатовых, сфарміраваных прававых мадэлей.
т. 16, с. 352
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАБЕ́ЛЬСКІЯ ЗБО́РНІКІ,
рукапісныя зборнікі, складзеныя ў 1787—91 на бел., польскай і лац. мовах выкладчыкамі Забельскай дамініканскай калегіі (в. Валынцы Верхнядзвінскага р-на Віцебскай вобл.) для мясцовага школьнага тэатра. Уключаюць камедыі і трагедыі «Свабода ў няволі» і «Камедыя» К.Марашэўскага, «Доктар па прымусе», «Сапар», «Фемістокл», «Камедыя» і «Шлюб, пастаўлены дагары нагамі штучкамі арлекіна» М.Цяцерскага, «Пышнагольскі» і «Крэз» І.Юрэвіча, аперэту «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» (тэкст М.Цяцерскага, музыка Р.Вардоцкага) і сцэн. дыялогі «Сяброўская парука», «Пчолы», «Пра ашчасліўленне чалавека», вершаваныя канты, віншаванні і падзякі А.Козела, Г.Скораня, А.Зубрыцкага, М.Косава, Г.Паўловіча. Большасць твораў асветніцкія па ідэі і класіцысцкія паводле стылю. Зберагаюцца ў Цэнтр. б-цы АН Літвы.
Літ.:
Мальдзіс А.І. На скрыжаванні славянскіх традыцый. Мн., 1980.
А.В.Мальдзіс.
т. 6, с. 488
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПЕЛАГЕ́ЙЧАНКА Эдуард Іванавіч (н. 2.1.1941, г. Луганск, Украіна),
бел. і рас. артыст оперы (тэнар). Нар. арт. Расіі (1984). Скончыў Новасібірскую кансерваторыю (1972). З 1972 саліст Пермскага т-ра оперы і балета, з 1985 — Нац. акад. т-ра оперы Рэспублікі Беларусь. Стварыў шэраг разнапланавых вобразаў: Ленскі, Герман, Вадэмон («Яўген Анегін», «Пікавая дама», «Іаланта» П.Чайкоўскага), Князь («Русалка» А.Даргамыжскага), Сабінін («Іван Сусанін» М.Глінкі), Дон Карлас, Рычард, Радамес, Альфрэд («Дон Карлас», «Баль-маскарад», «Аіда», «Травіята» Дж.Вердзі), Фауст («Фауст» Ш.Гуно), Хазэ («Кармэн» Ж.Бізэ), Турыду («Сельскі гонар» П.Масканьі) і інш. У бел. операх выканаў партыі Майстра і Іешуа («Майстар і Маргарыта» Я.Глебава), Альфрэда Іла («Візіт дамы» С.Картэса), у радыёзапісах опер — Фіёша («Матухна Кураж» Картэса) і Штылера («Францыск Скарына» Дз.Смольскага), Тэакрыта («Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага; канцэртнае выкананне).
А.Я.Ракава.
т. 12, с. 260
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛЯХ Леў Палікарпавіч (н. 12.6.1937, г. Новарасійск Краснадарскага краю, Расія),
бел. дырыжор, педагог. Засл. дз. маст. Беларусі (1987). Скончыў Бел. кансерваторыю па класах харавога (1964, клас М.Маслава) і оперна-сімф. (1971, клас К.Ціханава і В.Катаева) дырыжыравання. З 1955 выкладае ў Бел. акадэміі музыкі. З 1971 адначасова дырыжор творчага аб’яднання «Нац. акад. Вялікі т-р оперы і балета Рэспублікі Беларусь». Творчасці Л. характэрны пранікненне ў маст. канцэпцыю твора, адчуванне яго стыліст. асаблівасцей. Пад яго муз. кіраўніцтвам пастаўлены: оперы «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава (2-я рэд., 1992), «Франчэска да Рыміні» С.Рахманінава (упершыню ў Беларусі), «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага (абедзве 1989, у канцэртным выкананні), опера-казка «Чароўная музыка» М.Мінкова (1997), балеты «Чыпаліна» К.Хачатурана (1978), «Ліза і Кален» Ф.Герольда (1979), «Сільфіда» Х.Левенскольда (1983), «Жызэль» А.Адана (1987). Дырыжыруе операмі і балетамі класічнага рэпертуару і сучасных, у т. л. бел., кампазітараў.
Т.Г.Мдывані.
т. 9, с. 434
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЯЦЕ́РСКІ Міхаіл Іванавіч (? — 12.9.1797),
бел. і польскі драматург, педагог. Выкладаў рыторыку ў Забельскім дамініканскім калегіуме (Верхнядзвінскі р-н Віцебскай вобл.), дзе разам з К.Марашэўскім і Ю.Юрэвічам стварыў Забельскі школьны тэатр. Для яго перарабіў камедыю Мальера «Лекар паняволі» («Доктар па прымусу», 1787); увёў туды вобразы бел. сялян Хведара і Апанаса, сцэны з якімі нагадваюць традыц. бел. інтэрмедыі, мальераўскі сюжэт напоўніў бел. мясц. каларытам. Трагедыі «Сапар» (1788), «Фемістокл» (1790, абедзве на польскай мове) напісаны на сюжэты з ант. гісторыі ў адпаведнасці з эстэтыкай класіцызму. Камедыі «Шлюб, пастаўлены дагары нагамі штучкамі арлекіна» і «Камедыя» (абедзве 1790—91, на польскай мове) выкрываюць маральныя заганы бел. феад. грамадства. Аўтар лібрэта оперы «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» (1789) і, як лічаць, арацыі «Пчолы» (1790, абедзве на польскай мове), якія ставіліся ў т-ры, падручніка па рыторыцы (на лац. мове, рукапіс у б-цы Вільнюскага ун-та).
Тв.:
Доктар па прымусу // Беларуская дакастрычніцкая драматургія. Мн., 1978.
Літ.:
Гісторыя беларускага тэатра, Т. 1. Мн., 1983.
А.В.Мальдзіс.
т. 17, с. 198
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РЭАЛІСТЫ́ЧНАЯ ШКО́ЛА ПРА́ВА,
адзін з кірункаў правазнаўства ў ЗША у 1920-я г. Прадстаўнікі школы Дж.Грэй, О.Холмс, Д.Франк, К.Левелін, Е.Патэрсан і інш., канстатуючы кансерватызм, нягнуткасць, звернуты ў мінулае традыцыйнай прававой сістэмы ЗША, патрабавалі яе мадыфікацыі і прыйшлі да адмаўлення прынцыпу стабільнасці права і падпарадкоўвання суддзі закону. З пункту гледжання Р.ш.п. норма права — гэта ўсяго толькі думка заканадаўца аб праве, якую суддзя можа прыняць або не прыняць пад увагу. На думку «рэалістаў» усякая прававая норма, выказаная ў законе ці ў прэцэдэнце, непазбежна ператвараецца ў нешта застылае і адсталае ад жыцця. Таму права павінна змяняцца бесперапынна, што магчыма толькі ў тым выпадку, калі праватворчай сілай будзе суд. У адказе на пытанне, чым кіруецца суд пры вынясенні рашэння, прыхільнікі гэтай плыні падзяляліся на 2 групы: адна з іх схілялася да біхевіярызму (уздзеянне знешніх фактараў на паводзіны суддзі), другая — да фрэйдызму (пошукі ўздзеяння фактараў у глыбіннай псіхалогіі). У абодвух выпадках асновай паводзін суддзі і створанага ім права выступалі выключна псіхал. фактары. Такім чынам Р.ш.п. прыйшла да вульгарнага разумення права, а яе нігілістычнае стаўленне да стабільных норм права і патрабаванне неабмежаванай свабоды суд. меркавання па сутнасці зводзілі на нішто прынцып законнасці.
т. 13, с. 536
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЦЮ́ПА Вячаслаў Алегавіч (н. 10.1.1955, Душанбе),
расійскі і бел. рэжысёр. Вучыўся ў Мінскім муз. вучылішчы імя М.Глінкі (1969—71), скончыў Муз. вучылішча імя Гнесіных (1976), Дзярж. ін-т тэатр. мастацтва ў Маскве (1981). З 1981 рэжысёр-пастаноўшчык Растоўскага т-ра муз. камедыі. З 1984 в.а. гал. рэжысёра, з 1987 гал. рэжысёр Дзярж. т-ра муз. камедыі Беларусі, у 1992—98 рэжысёр-пастаноўшчык Нац. акад. т-ра оперы Беларусі. Яго работы вызначаюцца рэжысёрскай фантазіяй, паэтычна-рамант. светаадчуваннем, пошукам новых выразных сродкаў. У т-ры муз. камедыі паставіў «Сірано» С.Пажлакова (1984), «Гуляем у прынца і жабрака» А.Журбіна, «Сільва» І.Кальмана (абедзве 1986), «Клоп» У.Дашкевіча (1988), «Хэло, Долі!» Дж.Германа (1992), «Халопка» М.Стрэльнікава (1994), «Чараўнік» Д.Рансуінка (1992, Дзіцячы муз. т-р «Казка»); у Нац. акад. т-ры оперы Беларусі «Дзікае паляванне караля Стаха» У.Солтана (1989, Дзярж. прэмія Беларусі 1990), «Апалон-заканадаўца, або Рэфармаваны Парнас» Р.Вардоцкага (1989, канцэртная версія), «Кармэн» Ж.Бізэ (1990), «Майстар і Маргарыта» Я.Глебава (1992), «Іаланта» П.Чайкоўскага (1993), «Сельскі гонар» П.Масканьі (1996). З 1998 працуе ў Расіі.
Літ.:
Брылон В. Слава для мяне не самамэта // Мастацтва Беларусі. 1991. № 8.
В.Г.Брылон.
т. 17, с. 188
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)