КЛІСТРО́Н [ад грэч. klyzō б’ю + (элек)трон],

электронная прылада для ўзмацнення і генерацыі ваганняў ЗВЧ. Бывае адбівальны (мае 1 аб’ёмны рэзанатар) і пралётны (2 ці больш), звышмініяцюрныя К. наз. мінітронамі.

Прынцып работы К. заснаваны на пераўтварэнні патоку электронаў у пераменны па шчыльнасці паток з дапамогай мадуляцыі скарасцей электронаў эл. полем аб’ёмнага рэзанатара. У адбівальных К. электронны паток праходзіць праз зазор рэзанатара, дзе мадулюецца эл. полем ЗВЧ, далей адкідваецца назад полем адбівальніка і пры другасным праходжанні праз зазор у адваротным напрамку аддае частку кінетычнай энергіі эл. полю ЗВЧ. У пралётных К. электроны паслядоўна пралятаюць праз зазор уваходнага рэзанатара, дзе адбываецца мадуляцыя па скарасцях, і выхаднога, дзе пры тармажэнні частка іх энергіі пераўтвараецца ў энергію ваганняў ЗВЧ.

т. 8, с. 345

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́ТНАЯ ГАЛО́ЎКА,

вузел у апаратуры для магнітнага запісу, узнаўлення і сцірання інфармацыі на магнітных носьбітах. Форма і канструкцыя М.г. залежаць ад прызначэння адпаведнай апаратуры. Выкарыстоўваецца ў прыладах гука- і відэазапісу, выліч. і вымяральнай тэхніцы, аўтаматыцы і інш.

Найб. пашыраныя індукцыйныя М.г., што маюць магнітаправод (асяродак) для канцэнтрацыі магн. патоку і абмотку (адну ці некалькі), на якую падаюцца (пры запісе ці сціранні) або з якой здымаюцца (пры ўзнаўленні) эл. сігналы інфармацыі. Асяродак вырабляецца з магнітамяккіх матэрыялаў і мае рабочы зазор (прамежак, запоўнены, напр., фольгай з берыліевай бронзы), які забяспечвае магн. сувязь з носьбітам інфармацыі.

Схема магнітнай галоўкі для кантактнага запісу: 1 — абмотка; 2 — магнітаправод; 3 — рабочы зазор; 4 — магнітны (рабочы) слой носьбіта; 5 — аснова носьбіта; 6 — поле рассеяння зазору.

т. 9, с. 481

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ПРЫПО́Й,

метал ці сплаў, які запаўняе зазор паміж дэталямі, што злучаюцца пры пайцы. Т-ра плаўлення П. ніжэйшая за т-ру плаўлення матэрыялаў, што спайваюць. Расплаўлены П. павінен добра змочваць матэрыялы, якія злучаюць, а пры застыванні ўтвараюць шчыльныя, каразійнаўстойлівыя злучэнні. Пашыраны П. на аснове волава, свінцу, цынку, медзі, нікелю, серабра.

т. 13, с. 75

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЯЗЗЛІ́ТКАВАЯ ПРАКА́ТКА,

атрыманне металічных пруткоў, загатовак, лістоў ці стужак з вадкага металу, які заліваецца ў зазор паміж гарыз. валкамі, што круцяцца ў розныя бакі. Пры бяззліткавай пракатцы ў адным працэсе спалучаюцца ліццё, крышталізацыя і дэфармацыя металу. Найбольш пашырана бяззліткавая пракатка сталі (гл. Бесперапыннае ліццё металаў і сплаваў).

Схемы бяззліткавай пракаткі: а — пры падачы металу збоку; б — пры падачы металу знізу; 1 — размеркавальная вапна; 2 — міжвалковая прастора (крышталізатар); 3 — валок; 4 — паласа.

т. 3, с. 393

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕАФО́Н (ад геа... + ...фон),

прыёмнік гукавых хваль, што распаўсюджваюцца ў верхніх слаях зямной кары. Найб. дасканалыя геафоны (разведачныя сейсмографы) маюць эл.-мех. пераўтваральнікі, з дапамогай якіх ваганні глебы пераўтвараюцца ў ваганні эл. току, узмацняльнікі сігналаў і рэгістравальныя шлейфавыя асцылографы. Геафон з адчувальным элементам з п’езакварцу наз. п’езагеафонам. Выкарыстоўваюцца пры акустычнай разведцы горных парод, у вайсковай справе (выяўленне сапёрных работ праціўніка), у горнавыратавальнай службе (адчувальныя элементы геамагнітафонаў) і інш.

Электрамагнітны геафон: 1 — корпус; 2 — магніт (інертная маса); 3 — наканечнік магніта; 4 — зменны зазор паміж наканечнікам магніта; 5 — электрамагніт; 6 — спружынная падвеска.

т. 5, с. 125

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГНІ́Т (грэч. magnētis ад Magnetis lithos літар. камень з Магнесіі — стараж. горада ў М.​Азіі),

цела, якому ўласціва намагнічанасць — здольнасць ствараць вакол сябе магнітнае поле. Бываюць пастаянныя М. і электрамагніты (у т. л. звышправодныя магніты), намагнічанасць якіх ствараецца эл. токам.

Пастаянны М. бывае прыродны, з магн. жалезняку (магнетыту) і зроблены ў выглядзе падковы, паласы, стрыжня і да т.п. з папярэдне намагнічаных ферамагнетыкаў (пераважна магнітацвёрдых матэрыялаў). Гал. ўласцівасць М. — здольнасць прыцягваць жалеза, нікель, кобальт, некат. лантаноіды, іх сплавы і злучэнні, а таксама злучэнні хрому, марганцу і урану. Характарызуецца астаткавым намагнічваннем, каэрцытыўнай сілай, формай пятлі гістэрэзіса, макс. шчыльнасцю магн. энергіі. Свабодна падвешаны, адхіляецца ў магн. полі Зямлі адным бокам (полюсам) на Пн, другім — на Пд (гл. Магнітныя палюсы Зямлі). Шырока выкарыстоўваецца як аўтаномная крыніца пастаяннага магн. поля ў элементах, прыладах і апаратах электра- і радыётэхнікі, электронікі, аўтаматыкі.

У.​М.​Сацута.

Магнітнае поле пастаянных магнітаў: а — без магнітаправода; б — з магнітаправодам; 1 — магніт; 2 — магнітаправод; 3 — рабочы зазор; N і S — полюсы магніта.

т. 9, с. 477

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)