прыроджаная загана развіцця. Часта спалучаецца з прыроджанай расколінай паднябення. Фарміруецца на 6—7-м тыдні эмбрыягенезу. Бывае адна- і двухбаковая (аднабаковая ў 3 разы часцей), мае форму ад невял. выемкі каля краю губы да поўнай сувязі з адтулінамі носа, што абцяжарвае смактанне, парушае дыханне дзіцяці. Развіццю заганы спрыяе ўжыванне цяжарнымі жанчынамі алкаголю, псіхічныя траўмы, інфекцыі, уздзеянне радыяцыі і інш. Лячэнне хірургічнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РУ́ТВІЦА (Lotus),
род кветкавых раслін сям. бабовых. Больш за 100 відаў. Пашыраны ў Еўразіі, Афрыцы і Амерыцы. На Беларусі 2 віды Р.: багнавая (L. uliginosus) і рагатая (L. corniculatns), нар. назвы заечая трава, рута польная, трызаўка. Трапляюцца на лугах, схілах, каля дарог, у вільготных лясах. Уведзены ў культуру.
Шматгадовыя, радзей адна- і двухгадовыя травы ці паўкусты. Лісце няпарнаперыстае. Кветкі залаціста-жоўтыя, адзіночныя або ў парасонападобных суквеццях. Плод — струк. Кармавыя, лек., фарбавальныя, меданосныя, дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КІСЛІ́ЦА (Oxalis),
род кветкавых раслін сям. кіслічных. Больш за 800 відаў. Пашыраны пераважна ў Паўд. Афрыцы, Цэнтр. і Паўд. Амерыцы. На Беларусі К. звычайная (O. acetosella), нар. назвы квасок, заечая капуста, баршчоўка. Трапляецца ў хвойных і шыракалістых лясах.
Шматгадовыя, радзей аднагадовыя травы, часам паўкусты. Лісце трайчастае ці пальчатаскладанае, прыгоднае ў ежу, але ядавітае для жывёлы. Кветкі рознага колеру, адзіночныя ці ў парасонавых або гронкавых суквеццях. Плод — каробачка. Некат. амер. і афр. віды культывуюць дзеля ядомых клубняў або як лек. і дэкар. расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАКРЫВЕ́Ц, анхуза (Anchusa),
род кветкавых раслін сям. агурочнікавых. Каля 50 відаў. Пашыраны ў Еўропе, Зах. і Сярэдняй Азіі, Паўд. і Паўн. Афрыцы. На Беларусі 1 від — П. лекавы (A. officinalis), нар. назвы валовы язык, заечая салата, мядоўка. Трапляецца каля дарог, на ўскрайках палёў. У Цэнтр.бат. садзе Нац.АН Беларусі інтрадукаваны П. італьянскі (A. italica).
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 30—100 см. Сцёблы тоўстыя, прамастойныя, галінастыя. Лісце ланцэтнае, сядзячае. Сіне-фіялетавыя кветкі ў густых завітках. Плод — арэшак. Лек., дэкар., меданосныя, фарбавальныя расліны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛА́ГАДА (сапр.Лагадзінскі Валянцін Канстанцінавіч; 27.5.1913, с. Сцяпаны Канеўскага р-на Чаркаскай вобл., Украіна — 10.1.1991),
украінскі паэт. Вучыўся ў Днепрапятроўскім ун-це (1938—41). Аўтар зб-каў лірычных вершаў «Красавік» (1953), «Натхненне» (1960), «Бурлівая плынь» (1963), «Кліча зямля» (1983), сатырыка-гумарыстычных твораў «Што пасееш, тое і пажнеш» (1955), «Гарачая завіўка» (1968), «Вымушаная пасадка» (1982), камедыі «Заечая пазіцыя» (1959) і інш. Пераклаў на ўкр. мову шэраг твораў Н.Гілевіча, У.Корбана. На бел. мову асобныя творы Л. пераклалі Э.Валасевіч, Р.Няхай, Я.Тачыла, В.Шымук.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІХТЫЁЗ (ад грэч. ichthys рыба),
«рыбіна луска», ксерадэрма, хвароба скуры з парушэннем працэсаў арагавення, адлушчвання на вял. участках скуры. У большасці выпадкаў спадчынная хранічная хвароба; выяўляецца з дзяцінства, прагрэсіруе да палавой спеласці. Агульныя прыкметы: сухасць, сцягванне, іншы раз сверб скуры. Адрозніваюць І. прыроджаны і звычайны. Прыроджаны бывае рэдка, працякае цяжка. Дзіця нараджаецца з прыкметамі хваробы: скура тоўстая, сухая, з вял. колькасцю лусак і глыбокімі трэшчынамі, павекі вывернутыя, парушаны рост валасоў, пазногцяў, анамаліі развіцця («заечая губа», «воўчая зяпа» і інш.). Іншы раз дзеці нежыццяздольныя. Звычайны І. выяўляецца на 1-м ці 2-м годзе жыцця. Змены скуры дыфузныя, асабліва на разгінальных паверхнях канечнасцей. Падзяляецца на просты (павышаная сухасць скуры), бліскучы (шчыльныя белавата-шэрыя празрыстыя лусачкі, фалікулярны гіпертрыхоз), змеепадобны (тоўстыя брудна-шэрыя лусачкі), іглісты (моцныя арагавенні). Лячэнне тэрапеўтычнае, фізіятэрапеўтычнае.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАСХО́ДНІК (Sedum),
род кветкавых раслін сям. таўсцянкавых. Каля 600 відаў. Пашыраны ва ўмераным поясе Паўн. паўшар’я, пераважна ў Еўразіі, некалькі відаў у Паўд. Афрыцы і Паўд. Амерыцы (Перу). На Беларусі 6 відаў Р.: адагнуты (S. reflexum), бледны (S. pallidum), валасісты (S. villosum), едкі, або заечая капуста (S. acre), несапраўдны (S. spurium), шасцірадковы (S. sexangulare). Трапляюцца ў разрэджаных хваёвых лясах, уздоўж дарог, чыгунак, на сухадольных лугах. Шэраг інтрадукаваных відаў пад назвай «седум» вырошчваецца ў дэкар. і пакаёвым кветкаводстве.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травы, часам паўкусцікі выш. 5—25 см. Сцёблы прамастойныя або сцелістыя. Лісце патоўшчанае, сакаўное, рознай формы і колеру, у кальчаках або ў прыкаранёвай разетцы. Кветкі двухполыя, белыя, жоўтыя, пурпуровыя, пераважна ў шчыткападобных суквеццях. Плод — шматлістоўка. Меданосныя, лек., дэкар., харч. расліны.