РЭПРЭ́СІІ (ад позналац. repressio стрымліванне, задушэнне),
карныя меры, пакаранні, якія прымяняюць дзярж. органы з мэтай прыпынення, задушэння чаго.-н. (гл. таксама Рэпрэсіі палітычныя).
т. 14, с. 20
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
СІМАБА́РСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ,
паўстанне ў Японіі ў 1637—38 на п-ве Сімабара (каля г. Нагасакі). Яго ўдзельнікамі былі сяляне, якіх еўрап. місіянеры схілілі да хрысціянства, таму С.п. набыло характар рэліг. руху. На задушэнне С.п. сёгунскі ўрад накіраваў 100-тыс. войска. Паўстанцы (каля 38 тыс. чал.) умацаваліся ў замку Хара, які быў захоплены пасля некалькіх месяцаў аблогі, амаль усе яго абаронцы забіты. С.п. стала падставай для поўнай забароны хрысціянства ў Японіі і ў далейшым — самаізаляцыі краіны.
т. 14, с. 381
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КУ́НЬЯ ((Cunha) Эўклідыс да) (20.1.1866, г. Кантагалу, Бразілія — 15.8.1909),
бразільскі пісьменнік. Чл. Браз. акадэміі л-ры (з 1903). Па адукацыі ваен. інжынер. Удзельнічаў у выступленнях рэспубліканцаў супраць манархіі. Кн. «Сертаны» (1902) — спалучэнне навук. даследавання, публіцыстыкі з дакумент. апавяданнем пра задушэнне сял. паўстання 1896—97 у Канудусе. Аўтар кнігі аб збіральніках каўчуку «Страчаны рай» (1904, не завершана), зб-каў артыкулаў і нарысаў «Кантрасты і супастаўленні» (1907), «На палях гісторыі» (1909). Паўплываў на развіццё рэгіяналізму і крытычнага рэалізму ў браз. і лацінаамер. л-ры.
І.Л.Лапін.
т. 9, с. 23
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КАЧУБІ́НСКІ (Аляксандр Аляксандравіч) (3.11.1845, Кішынёў — 26.6.1907),
расійскі філолаг-славіст, гісторык. Д-р слав. філалогіі, праф. (1877). Скончыў Маскоўскі ун-т (1867). З 1871 выкладаў слав. філалогію ў Новарасійскім ун-це (Адэса). Праводзіў ідэю яднання славян і культ.-гіст. місіі Расіі. Асуджаў палітыку царызму 1815—40-х г., накіраваную на задушэнне нац.-вызв. руху, у т. л. славян, аднак быў супраць паўстання 1863—64, бо, на яго думку, палякі — «парушальнікі славянскага міру». Навук. працы: «Да пытання пра ўзаемаадносіны славянскіх гаворак» (т. 1—2, 1877—78), «Вынікі славянскай і рускай філалогіі» (1882) пра ўзаемасувязі слав. моў і культур і «Тэрыторыя дагістарычнай Літвы» (1897), прысвечаная пытанням этн. гісторыі беларусаў і літоўцаў.
Дз.У.Караў.
т. 8, с. 197
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САКСО́НСКАЕ ПАЎСТА́ННЕ 1073—75,
паўстанне насельніцтва Саксоніі (вобласці саксаў) і Цюрынгіі супраць герм. караля Генрыха IV. У паўстанні ўдзельнічалі сяляне на чале з мясц. знаццю. Выклікана незадаволенасцю захадамі Генрыха IV умацаваць каралеўскі дамен (будаўніцтва крэпасцей з размяшчэннем гарнізонаў; спагнанне аброку з сялян і прымушэнне іх будаваць крэпасці; адбіранне ў знаці зямель для каралеўскага дамена). Напачатку паўстанцы дамагліся поспеху: у жн. 1073 Генрых IV уцёк з абложанага Гарцбурга, крэпасці былі зруйнаваны. Але кароль атрымаў дапамогу ад феадалаў зах. і паўд. Германіі, гараджан Вормса. У вырашальны момант вярхі С.п. заключылі кампрамісны мір з каралём (лют. 1074), пакінутыя імі сяляне былі разбіты. Задушэнне паўстання садзейнічала працэсу паскарэння ўцягвання саксонскага сялянства ў феад. залежнасць.
т. 14, с. 93
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАБРУ́ЙСКА АБАРО́НА 1649,
абарона Бабруйска казакамі і гараджанамі ад урадавых войскаў ВКЛ у час антыфеадальнай вайны 1648—51. У кастр. 1648 паўстаўшыя жыхары Бабруйска разам з казацкім атрадам Паддубскага перабілі заможную шляхту, утапілі ў Бярэзіне гар. старасту. Каля сцен горада быў разбіты пасланы на задушэнне паўстання атрад харужага Паца. У пач. студз. 1649 да Бабруйска падышлі 1,5 тыс. шляхты і наёмнікаў на чале з польным пісарам ВКЛ У.Валовічам. 4 тыдні паўстанцы адбівалі атакі. На дапамогу Валовічу падышоў атрад польнага гетмана ВКЛ Я.Радзівіла. Скарыстаўшы рознагалоссі сярод паўстанцаў, Радзівіл схіліў на свой бок багатых мяшчан, гандляроў, рамеснікаў, духавенства. Ноччу 21.2.1649 яны адчынілі гар. вароты. Войскі Радзівіла ўчынілі расправу над паўстанцамі, забіта некалькі тысяч гараджан і казакоў, Паддубскі быў пасаджаны на кол.
т. 2, с. 186
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БРА́НЦАЎ (Павел Дзмітрыевіч) (5.8.1845—?),
рускі гісторык. Стацкі саветнік. З 1873 выкладчык мужчынскай гімназіі ў Сімферопалі, у 1875—98 выкладаў гісторыю і геаграфію ў Віленскім рэальным вучылішчы, у 1898—1906 дырэктар нар. вучылішчаў у Курляндскай губ. У 1890-я г. супрацоўнічаў у «Виленском календаре» і «Виленском вестнике». Працы па гісторыі ВКЛ: «Гісторыя Літоўскай дзяржавы са старажытных часоў» (1889), «Нарыс старажытнай Літвы і Заходняй Расіі» (1891; 2-е выд. 1896). Гал. заслугай бел. князёў лічыў іх барацьбу за праваслаўе. На яго думку, рус. цары выратавалі беларусаў і літоўцаў ад польск. асіміляцыі. Ўхваляў Мураўёва за задушэнне паўстання 1863—64.
Тв.:
Польский мятеж 1863 г. Вильна, 1891 (на вокл. 1892);
Восстание поляков в 1830 и 1831 гг. Вильна, 1896.
Дз.У.Караў.
т. 3, с. 245
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НОВАЧАРКА́СКІЯ ПАДЗЕ́І 1962, Новачаркаскі расстрэл,
узброенае задушэнне 2 чэрв. стыхійных мітынгаў і дэманстрацый (1—3 чэрв.) рабочых г. Новачаркаск Растоўскай вобл. (Расія). Рабочыя пратэставалі супраць павышэння цэн на прадукты харчавання (мяса, малако, масла і інш.) на 25—30%, абвешчанага 31.5.1962 пры амаль адначасовым зніжэнні расцэнак аплаты працы. У ходзе аперацыі па «навядзенні парадку» з удзелам войск Паўн.-Каўк. ваен. акругі забіты 23 чал., 39 паранены. Потым адбыліся масавыя арышты. Па Н.п. было ўзбуджана 57 крымін. спраў, па якіх асуджана 114 чал. Вярх. суд РСФСР 14 чал. прызнаў арганізатарамі хваляванняў; 7 чал. прыгавораны да расстрэлу, астатнія да пазбаўлення волі на тэрмін ад 10 да 15 гадоў. Выступленні супраць павышэння цэн адбыліся ў шэрагу інш. прамысл. цэнтраў СССР.
Літ.:
Мардарь И. Хроника необъявленного убийства. Новочеркасск, 1992.
т. 11, с. 362
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
БАРА́НАВІЦКАЕ ВЫСТУПЛЕ́ННЕ РАБО́ЧЫХ І САЛДА́ТАЎ 1905.
Пачалося 21.12.1905 як паліт. стачка баранавіцкіх чыгуначнікаў. 22 снеж. 300 чыгуначнікаў на чале са старшынёй к-та Баранавіцкага аддзялення Усерас. чыгуначнага саюза інжынерам эсэрам М.Ляпко адмовіліся выконваць распараджэнні адміністрацыі, вывелі са строю камутатар, спынілі рух паяздоў. Да рабочых далучыліся салдаты чыг. брыгады. 23—24 снеж. мітынгі і сходы рабочых перараслі ва ўзбр. выступленні супраць жандараў і войскаў. На задушэнне выступлення баранавіцкіх рабочых і салдатаў з Вільні 25 снеж. прыбылі пагранічныя войскі, 26 снеж. — карная экспедыцыя ген. Арлова. У горадзе ўведзена ваен. становішча, пачаліся масавыя арышты. Кіраўнікі і актыўныя ўдзельнікі выступлення (Ляпко, І.Бачэўскі, К.Гайдамовіч, А.Друкаў, М.Мухін і інш.) былі кінуты ў віленскую турму. 29 снеж. салдаты чыг. батальёна зноў правялі сход, спяваючы «Марсельезу», прайшлі па горадзе. У памяць аб падзеях 1905 у Баранавічах устаноўлены мемар. дошка і стэла.
т. 2, с. 292
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
САМААБАРО́НА ЛІТВЫ́ І БЕЛАРУ́СІ (Samoobrona, Samoobrona Litwy i Białorusi),
польскія вайсковыя фарміраванні на тэр. Літвы і Беларусі, акупіраванай у 1-ю сусв. вайну герм. войскамі. Стваралася з мэтай абароны інтарэсаў мясц. польскага насельніцтва, а таксама як авангард польскай арміі. Іх органы пачалі стварацца з 1918 афіцэрамі б. 1-га польскага корпуса ген. Ю.Р.Доўбар-Мусніцкага пры падтрымцы мясц. польскіх паліт. колаў. Гал. цэнтрамі самаабароны сталі Мінск, Вільня, Ліда, Гродна; яе часці дзейнічалі ў Шчучыне, Свіры, Вілейцы, Ашмянах, Радуні, Эйшышках. У выніку супрацьдзеяння герм. боку і наступлення Чырв. Арміі 29.12.1918 С.Л. і Б. ліквідавана, а яе часці фармальна ўвайшлі ў склад польскай арміі. Замест самаабароны, як органа кіраўніцтва польскімі вайсковымі фарміраваннямі на акупіраванай немцамі тэрыторыі, створана Ген. акруга Літвы і Беларусі. Жорсткае задушэнне рэв. руху, яўр. пагромы, абарона інтарэсаў польскіх землеўласнікаў, рэквізіцыі і інш. выклікалі негатыўныя адносіны да самаабароны з боку мясц. няпольскага насельніцтва.
А.М.Чарнякевіч.
т. 14, с. 122
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)