АЛЯКСЕ́Й ПЯТРО́ВІЧ (18.2.1690 — 16.6.1718),

рускі царэвіч. Старэйшы сын Пятра І. Выхоўваўся ў варожым да Пятра І асяроддзі, быў уцягнуты ў змову духавенства і баярства супраць цара. У 1716 уцёк у Вену, спадзеючыся на падтрымку аўстр. імператара Карла VI. У 1718 вернуты ў Расію і асуджаны на пакаранне смерцю. Верагодна, па загадзе Пятра І быў задушаны ў Петрапаўлаўскай крэпасці.

т. 1, с. 299

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

АЛЬФЁЛЬДСКІ РУХ,

нац.-дэмакратычны рух збяднелай інтэлігенцыі, малазямельных і беззямельных сялян у паўд.-ўсх. Венгрыі (Альфёльдзе) супраць пагаднення 1867 пра стварэнне аўстра-венг. дзяржавы. Праходзіў пад лозунгамі свабоды, раўнапраўя, аднаўлення канстытуцыі 1848. Пачаўся са стварэння па ініцыятыве адваката Я/Асталаша дэмакр. гурткоў. Сяляне выступалі за падзел лугоў і пашаў, адмену падаткаў; мелі месца ўзбр. сутыкненні з войскамі. Альфёдаўскага руху задушаны аўстра-венг. урадам у 1868.

т. 1, с. 287

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«БУЛЬБЯНЫ́Я» ЗАБАСТО́ЎКІ 1906,

выступленні батракоў і падзёншчыкаў на Беларусі ў рэвалюцыю 1905—07. Пачаліся ўвосень 1906 з прычыны нізкай платы за ўборку бульбы. Найб. актыўна праходзілі ў Слуцкім, Ігуменскім, Навагрудскім, Віленскім, Ашмянскім, Пружанскім пав. Бастуючыя патрабавалі павялічыць падзённую плату і не дапускалі да работы сялян, нанятых у інш. паветах. Землеўладальнікі вымушаны былі пайсці на ўступкі. Адначасова паліцыя арыштоўвала кіраўнікоў і актыўных удзельнікаў забастовак. У Віленскі пав. былі прысланы казакі. Пад канец 1906 забастоўкі задушаны.

т. 3, с. 335

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ГЕРЫ (англ. diggers літар. капальнікі),

прадстаўнікі сялянскага руху ў перыяд Англійскіх рэвалюцый 17 стагоддзя. Рух створаны ў 1649 беззямельнымі сялянамі, якія занялі пустэльныя землі ў графстве Сюрэй і заснавалі с.-г. абшчыну. Кіраўнік і гал. ідэолаг Дж.Уінстэнлі абвясціў праграму стварэння бяскласавага грамадства, ідэал калект. уласнасці і калект. працы. У 1650 камуну разагналі мясц. землеўладальнікі. Падобныя абшчыны ўзніклі таксама ў інш. графствах. Д. называлі сябе таксама сапр. левелерамі, але кіраўнікі левелераў не прымалі іх камуніст. ідэі. Рух. Д. канчаткова быў задушаны ў 1653 О.Кромвелем.

т. 6, с. 274

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КЕ́ЙСТУТ (7—1382),

князь ВКЛ, сын Гедзіміна, бацька Вітаўта. У 1345 разам з братам Альгердам выступіў супраць свайго малодшага брата Яўнута, які пасля смерці Гедзіміна (1341) займаў велікакняжацкі пасад. К. захапіў Вільню і ўзяў у палон Яўнута, аднак вял. князем прызнаў Альгерда, бо за ім як уладаром большай усх. часткі дзяржавы бачыў магутную сілу. На К., які ўладарыў у зах. частцы ВКЛ, прыпадаў гал. цяжар барацьбы з крыжацкай агрэсіяй і Польшчай. У шэрагу выпадкаў дапамагаў Альгерду ў пашырэнні межаў дзяржавы на У і Пд. Маючы рэзідэнцыю ў Троках, К. пранікся інтарэсамі Жамойці і пасля смерці Альгерда (1377) імкнуўся навязаць сыну апошняга Ягайлу, які стаў вял. князем, палітыку, выгадную для яе. У 1381 выступіў супраць Ягайлы, але ў хуткім часе быў ім захоплены, прывезены ў замак Крэва і там задушаны. Трагічная смерць К. азначала крах імкненняў жамойцкай знаці заняць вядучае месца ў ВКЛ.

М.І.Ермаловіч.

Кейстут.

т. 8, с. 221

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕО́РГ (George),

імя англ. каралёў у 20 ст. Найб. значныя прадстаўнікі:

Георг І (7.6.1660, г. Гановер, Германія — 22.6.1727), кароль [1714—27], курфюрст гановерскі з 1698, першы прадстаўнік Гановерскай дынастыі. Быў далёкі ад культуры і нац. інтарэсаў Англіі, мала цікавіўся англ. палітыкай, што дало магчымасць правячай партыі вігаў умацаваць самастойнасць парламента ў адносінах да кароны.

Георг III (4.6.1738, Лондан — 29.1.1820), кароль [1760—1820], у 1760—1815 курфюрст, потым кароль гановерскі. У парламенце абапіраўся на торы, адцясняў вігаў ад кіравання дзяржавай. Праводзіў жорсткую каланіяльную палітыку. Удзельнічаў у барацьбе еўрап. манархій супраць франц. рэвалюцыі 1789—99 і арганізацыі кааліцыі супраць Напалеона. У сувязі з псіхічнай хваробай да Георга III у 1811 прызначаны рэгент прынц Уэльскі (фактычна правіў з перапынкамі з 1788; з 1820 кароль Георг IV).

Георг IV (12.8.1762, Лондан — 26.6.1830), кароль [1820—30], адначасова кароль гановерскі; у 1811—20 прынц-рэгент. Падтрымліваў антыдэмакр. курс урада торы. Актыўны прыхільнік палітыкі Свяшчэннага саюза. Пры ім задушаны нац. рух у Ірландыі.

Георг V (3.6.1865, Лондан — 20.1.1936), кароль [1910—36], прадстаўнік Сакс-Кобург-Гоцкай дынастыі, перайменаванай у 1917 у Віндзорскую дынастыю. Значнай ролі ў паліт. жыцці Вялікабрытаніі не адыгрываў.

т. 5, с. 162

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛІ́ПНІШКІ,

вёска ў Іўеўскім р-не Гродзенскай вобл., на аўтадарозе Гродна—Ліда—Іўе. Цэнтр сельсавета і калгаса. За 14 км на ПнЗ ад г.п. Іўе, 138 км ад Гродна, 5 км ад чыг. ст. Гаўя. 1480 ж., 596 двароў (1999).

З 16 ст. мястэчка ў Ашмянскім пав. Віленскага ваяв. ВКЛ. З 1795 у Рас. імперыі. У 1856, калі Сенат адхіліў прашэнне жыхароў Л. аб зацвярджэнні іх у мяшчанскім званні, сяляне адмовіліся выконваць паншчыну. У 1861 і 1862 адбыліся сял. хваляванні, якія былі задушаны войскамі. У канцы 19 ст. Л. — мястэчка, цэнтр воласці ў Ашмянскім пав. Віленскай губ., каля 1,7 тыс. ж., больш за 200 двароў, касцёл, школа, бальніца, 12 крам, бровар, 5 кірмашоў за год. З 1920 у складзе Сярэдняй Літвы, з 1922 у Польшчы, у Лідскім пав. Навагрудскага ваяв. З 1939 у БССР, з 1940 цэнтр сельсавета Іўеўскага р-на. У 1972—831 ж., 260 двароў.

Іўеўская райаграпрамтэхніка. Сярэдняя школа, Дом культуры, б-ка, бальніца, аптэка, аддз. сувязі. Брацкая магіла сав. воінаў і партызан. Помнікі архітэктуры: Ліпнішкаўскі Казіміраўскі касцёл, капліца (2-я пал. 19—пач. 20 ст.).

т. 9, с. 277

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЕ КНЯ́СТВА,

феадальнае княства, якое вылучылася з Полацкага княства пасля смерці Усяслава Брачыславіча (1101). Цэнтр — г. Віцебск. У 1130—40-я г. належала, верагодна, полацкаму кн. Васільку Святаславічу, потым полацкім князям Васількавічам, з 1165 — Давыду Расціславічу, у 1170-я г.Усяславу Васількавічу. У пач. 1180-х г. належала Брачыславу Васількавічу і выйшла з-пад уплыву Смаленска. З 1186 Віцебскае княства зноў пад уплывам Смаленска, што выклікала незадаволенасць полацкіх і чарнігаўскіх князёў, якія ў 1195 выступілі супраць смаленскіх князёў, у выніку Віцебск трапіў пад уладу Полацка. У пач. 13 ст. Віцебскае княства зблізілася з Уладзіміра-Суздальскім княствам. У 1220—30-я г. яно падпарадкоўвалася полацкаму кн. Брачыславу. У 1229, верагодна, знаходзілася пад паліт. уплывам Смаленска, князь якога Мсціслаў падпісаў пагадненне з Рыгай ад імя полацкага і віцебскага князёў. У 1262 віцебскі кн. Канстанцін з наўгародцамі ўдзельнічаў у паходзе на Юр’еў. У 1263—65 княства залежала ад полацкіх князёў Гердзеня, потым Ізяслава, які быў васалам новагародскага кн. Войшалка. У 1280 Віцебскае княства ўпамінаецца як тэрыторыя, залежная ад смаленскага кн. Фёдара Расціславіча. У канцы 13 — пач. 14 ст. тут княжыў Міхаіл Канстанцінавіч, каля 1318 — Яраслаў. Пасля смерці Яраслава (1320) віцебскім князем стаў яго зяць Альгерд, пасля смерці апошняга з 1377 Віцебскае княства належала яго ўдаве Ульяне. Пасля смерці Ульяны (каля 1393) вял. кн. ВКЛ Вітаўт скасаваў Віцебскае княства і накіраваў у Віцебск намесніка. Малодшы сын Альгерда Свідрыгайла хацеў аднавіць княжанне і ўзняў мяцеж, які падтрымалі Орша і Друцк. Мяцеж быў задушаны, а Віцебскае княства ператворана ў намесніцтва. У пач. 16 ст. на тэр. Віцебскага княства ўтворана Віцебскае ваяводства.

Л.У.Калядзінскі.

т. 4, с. 214

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МІКАЛА́Й I (6.7.1796, Царскае Сяло, цяпер г. Пушкін, Расія — 2.3.1855),

расійскі імператар [1825—55]. З дынастыі Раманавых. Трэці сын Паўла I. Ганаровы чл. Пецярб. АН (1826). З 1817 ген інспектар па інж. часці. Заняў трон пасля раптоўнай смерці свайго брата Аляксандра I. Задушыў паўстанне дзекабрыстаў. У 1826 стварыў «Трэцяе аддзяленне» асабістай яго імператарскай вялікасці канцылярыі, узмацніў цэнзуру. Правёў рэформы кіравання дзярж. сялянамі і фінансавую, выдаў указ аб абавязаных сялянах, увёў інвентарныя правілы ў зах. губернях (гл. Інвентарная рэформа 1840—50-х гадоў). Пры ім заснаваны многія навуч. ўстановы, у т. л. Горы-Горацкая земляробчая школа (1840, з 1848 земляробчы ін-т), Ваен. (1832, пазней Генштаба), Артыл. і Інж. акадэміі (1855). Разам з тым у час яго праўлення зведалі ганенне многія дзеячы культуры, у т. л. беларускай, абмяжоўвалася дзейнасць навуч. устаноў, зачыняліся «ненадзейныя», у т. л. ў 1832 Віленскі універсітэт. Афіцыйную ідэалогію тагачаснай Расіі вызначыла т. зв. тэорыя афіцыйнай народнасці — «самадзяржаўе, праваслаўе, народнасць». Пры М. I выдадзены «Збор законаў Расійскай імперыі», у 1837 адкрыты рух на першай у Расіі Царскасельскай чыгунцы. Урадам М. I разгромлены рэв. арганізацыі петрашэўцаў, кірыла-мяфодзіеўскага таварыства, задушаны нац.-вызв. рух на Каўказе (рух Шаміля), паўстанне 1830—31 у Польшчы, Беларусі і Літве; праводзілася русіфікацыя нярускіх народаў, зроблены захады па ўмацаванні сац. базы імперыі на землях Беларусі. На Полацкім царкоўным саборы 1839 ліквідавана грэка-каталіцкая (уніяцкая) царква, а яе вернікі далучаны да рус. праваслаўнай царквы. У 1840 канчаткова адменена дзеянне законаў ВКЛ (Статут ВКЛ 1588) і ўведзена агульнарас. заканадаўства. У знешняй палітыцы М. I імкнуўся да пашырэння ўплыву Расіі ў басейне Чорнага мора і на Балканах (гл. Руска-іранскія войны 19 ст., Руска-турэцкія войны 17—19 ст.); змагаўся супраць рэвалюцый у Еўропе, жорстка задушыў рэвалюцыю 1848—49 у Венгрыі. Крымская вайна 1853—56 і паражэнне ў ёй Расіі прывяло да краху яго ўнутр. і знешняй палітыкі.

Літ.:

Корнилов А.А. Курс истории России XIX в. М., 1993;

Платонов С.Ф. Лекции по русской истории. Ч. 1—2. М., 1994;

Нарысы гісторыі Беларусі. Ч. 1. Мн., 1994.

Мікалай I.

т. 10, с. 350

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГДАНЬСК (Gdańsk),

горад на Пн Польшчы. Адм. ц. Гданьскага ваяводства. 463,1 тыс. ж. (1993). Цэнтр гар. агламерацыі Труймяста (г. Гдыня, Сопат). Буйнейшы порт Польшчы каля вусця Віслы ў Гданьскім зал. Балтыйскага м. Вываз вугалю, серы, лесаматэрыялаў, увоз руд, фасфатаў і інш. Міжнар. аэрапорт. Прам-сць: суднабудаванне і вытв-сць суднавага абсталявання, эл.-тэхн. і радыёэлектронная, хім. (угнаенні, лакі, фарбы), нафтаперапр., харч., швейная, мэблевая. 6 ВНУ, філіял АН. Тэатры.

У пісьмовых крыніцах упершыню згадваецца пад 997. У 10—13 ст. цэнтр Усх.-Паморскага княства, у 1308 захоплены Тэўтонскім ордэнам. У 1454 вызвалены ў выніку паўстання гараджан, у складзе Рэчы Паспалітай. У 15—17 ст. Гданьск — буйнейшы цэнтр польск. знешняга гандлю. У 1656 у час польска-швед. вайны (1656—57) асаджаны шведамі. Пасля 2-га падзелу Рэчы Паспалітай адышоў да Прусіі (1793) і атрымаў ням. назву Данцыг. У 1807—15 вольны горад, падначалены Францыі. Да 1918 пад герм. уладаннем. Паводле Версальскага мірнага дагавора 1919 ператвораны ў «вольны горад Данцыг» пад кіраваннем Лігі Нацый; праз Гданьск Польшча атрымала выхад да Балтыйскага м. (гл. Польскі калідор). 1.3.1939 захоплены фаш. Германіяй, вызвалены 30.3.1945 войскамі 2-га Бел. фронту разам з 1-й польск. бранятанк. брыгадай У 1970 забастоўкі і дэманстрацыі рабочых задушаны ўрадавымі войскамі. У 1980 цэнтр агульнапольскага забастовачнага руху (гданьская суднаверф), месца падпісання пагаднення з уладамі і стварэння незалежнай прафс. арг-цыі «Салідарнасць». У Гданьску знаходзіцца ген. консульства Рэспублікі Беларусь.

На левым беразе р. Матлава — гіст. ядро горада (раёны Старога горада, Новы горад, Гал. горад з рэгулярнай забудовай вуліц), рэшткі цагляных гар. умацаванняў і партовых збудаванняў 14—15 ст., гатычныя Гал. ратуша (1378—16 ст.), касцёлы Дзевы Марыі (1342—1502), св. Катажыны (13—15 ст.), св. Тройцы (1420—1514) і інш., «двор Артуса» (14 — пач. 17 ст.). У стылях рэнесансу і маньерызму забудаваны «Верхнія» (1574—88) і «Залатыя» (1612—14) вароты, «Двор польскіх каралёў» (1563—68), арсенал (1602—05), «Залаты дом» (1609—17), дом абатаў Пяльплінскіх (1612). Разбураныя ў час 2-й сусв. вайны арх. помнікі адноўлены, вядзецца буд-ва адзінага гар. комплексу Гданьск Сопат—Гдыня. Помнік героям Вестэрплятэ (1966). 4 музеі, у т. л. Паморскі, Зброевая палата.

Літ.:

Кшижановский Л. Гданьск: Пер. с пол. М., 1980;

Historia Gdańska. Т. 1—2. Gdańsk, 1978—82.

т. 5, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)