КРУГ СХІЛЕ́ННЯ,

вялікі круг нябеснай сферы, які праходзіць праз полюсы свету і зададзены пункт сферы (напр., праз зорку). Гл. таксама Нябесныя каардынаты.

т. 8, с. 479

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЕСЯТКО́ВЫ ЛАГАРЫ́ФМ ліку, паказчык ступені, у якую патрэбна ўзвесці лік 10, каб атрымаць зададзены лік; лагарыфм па аснове 10. Дл. ліку Ν абазначаецца lg N; напр., lg 2 = 0,3010, lg 20 = 1,3010, lg 100 = 2.

т. 6, с. 107

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

НЕАБХО́ДНЫЯ І ДАСТАТКО́ВЫЯ ЎМО́ВЫ,

умовы правільнасці сцвярджэння, без выканання якіх дадзенае сцвярджэнне не можа быць правільным (неабходныя ўмовы) і пры выкананні якіх абавязкова будзе правільным (дастатковыя ўмовы). Маюць вял. пазнавальную каштоўнасць. Часта выраз «неабходна і дастаткова» замяняюць выразам «тады і толькі тады» або «ў тым і толькі ў тым выпадку».

У складаных матэм. праблемах адшуканне зручных для карыстання ўмоў бывае цяжкім. У такіх выпадках дастатковыя ўмовы робяць больш шырокімі, каб яны ахоплівалі магчыма большую колькасць выпадкаў, дзе зададзены факт мае месца, а неабходныя ўмовы — больш вузкімі, каб яны ахоплівалі як мага меншую колькасць лішкавых выпадкаў, дзе зададзены факт не мае месца. Такім чынам, дастатковыя ўмовы паступова збліжаюцца з неабходнымі.

т. 11, с. 251

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВЕРТЫКА́Л (ад лац. verticalis стромы),

вялікі круг нябеснай сферы, які праходзіць праз зеніт, надзір і зададзены пункт на ёй. Вертыкал, што праходзіць праз пункты Пн і Пд, наз. нябесным мерыдыянам, праз пункты У і Зпершым вертыкалам. Гл. таксама Нябесныя каардынаты.

т. 4, с. 106

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БЕСКАНЕ́ЧНА МАЛА́Я ў матэматыцы,

пераменная велічыня, што ў зададзеным працэсе становіцца і застаецца па абсалютнай велічыні меншай за любы папярэдне зададзены лік (мяжой з’яўляецца 0); адваротная да бесканечна вялікай. Калі x — бесканечна малая, то скарочана запісваюць lim x = 0 або x → 0. У матэм. аналізе важныя адносіны бесканечна малых адна да адной і іх сума пры неабмежаванай колькасці складаемых. Гл. таксама Дыферэнцыяльнае злічэнне, Інтэгральнае злічэнне.

т. 3, с. 127

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВА́ХТА (ад ням. Wacht каравул, варта),

1) асноўны від дзяжурства на караблях і суднах, які забяспечвае іх плаванне, захоўвае бяспеку, а ў ВМФ і боегатоўнасць. Падзяляецца на агульнакарабельную, спецыяльную (у баявых часцях і службах), хадавую і якарную.

2) Прамежак часу, на працягу якога адна змена вахты на караблі нясе дзяжурства.

3) Склад чарговай (вахтавай) змены нарада.

4) Група людзей, якая выязджае працаваць на пэўны перыяд часу ў зададзены раён.

т. 4, с. 46

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

А́ДРАС (франц. adresse) у вылічальнай тэхніцы, лічбавае або лічбава-літарнае абазначэнне (код) месца захоўвання інфармацыі ў ЭВМ. Напр., нумар ячэйкі памяці, дарожка на магн. дыску. У многапраграмных ЭВМ адрас, што зададзены ў праграме, звычайна не супадае з адрасам рэчаіснага запамінальнага прыстасавання і адшуканне патрэбнай ячэйкі памяці выконваецца з дапамогай апаратных і праграмных сродкаў. У машыне адрас пераўтвараецца ў сістэму сігналаў кіравання, якія забяспечваюць зварот да пэўнай зоны памяці.

т. 1, с. 136

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАШЫ́ ЗАДАЧА,

адна з асн. задач тэорыі дыферэнцыяльных ураўненняў. Зводзіцца да адшукання рашэння (інтэграла) дыферэнцыяльнага ўраўнення, якое задавальняе пач. умовам. Напр., знайсці закон руху матэрыяльнага пункта, калі зададзены рухальная сіла, яго пач. месцазнаходжанне і скорасць. Ад краявых задач адрозніваецца тым, што папярэдне не абумоўліваецца вобласць вызначэння рашэння. Узнікае пры аналізе працэсаў, якія вызначаюцца дыферэнцыяльным законам і пач. станам. Адзінасць і існаванне рашэння гэтай задачы ў шэрагу выпадкаў даказаў А.Кашы.

т. 8, с. 202

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КО́НУС (лац. conus ад грэч. kōnos), 1) у элементарнай геаметрыі — цела, створанае вярчэннем прамавугольнага трохвугольніка вакол аднаго з яго катэтаў. Аб’ём V = 1 3 π r2 h , плошча бакавой паверхні S = πrl.

2) У аналітычнай геаметрыігеам. месца прамых (утваральных), якія праходзяць праз зададзены пункт S (вяршыню) і перасякаюць зададзеную крывую (накіравальную). Калі накіравальная — акружнасць, а вяршыня артаганальна праектуецца ў яе цэнтр, тады атрымліваецца круглы ці прамы кругавы К.

Конус.

т. 8, с. 411

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КУЛАЧКО́ВЫ МЕХАНІ́ЗМ,

механізм з вядучым звяном (кулачком), якое перамяшчае вядзёнае звяно (штурхач). Дае магчымасць перадаць практычна любы рух (зададзены закон руху) пры бесперапынным вярчальным руху аднаго або некалькіх вядучых звёнаў. Найб. пашыраны 3-звёнавыя К.м. з дадатковым — злучальным — звяном. Выкарыстоўваюцца ў сістэме газаразмеркавання рухавікоў унутр. згарання, у металарэзных станках, машынах-аўтаматах і інш.

Схемы кулачковых механізмаў: а — з ролікавым штурхачом; б — з талерчатым штурхачом; в — знешні выгляд закрытага кулачковага механізма; 1 — кулачок; 2 — штурхач; 3 — злучальнае звяно.

т. 8, с. 573

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)