ВОГНЕНЕБЯСПЕ́ЧНЫЯ РЭ́ЧЫВЫ,

рэчывы, якія лёгка загараюцца пры кароткатэрміновым уздзеянні крыніцы запальвання з нізкай энергіяй (напр., полымя запалкі, іскра). Да вогненебяспечных рэчываў адносяць выбуховыя рэчывы, цэлулоід, сухую драўняную стружку, усе лёгкія на загаранне вадкасці, полістырол, каўчукі і інш. палімеры (гл. таксама Самаўзгаранне).

т. 4, с. 246

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВОГНЕТУШЫ́ЦЕЛЬ,

апарат для тушэння мясц. узгаранняў. Бываюць: пераносныя (да 20 кг), перасовачныя і стацыянарныя (больш за 25 кг); хім. пенныя, паветрана-пенныя, вуглекіслотныя, вадкасныя, хладонавыя (на аснове галаідаваных вуглевадародаў) і парашковыя.

Найб. пашыраны хім. пенныя вогнетушыцелі. Пена ў іх утвараецца ад рэакцыі паміж воднымі растворамі шчолачы і сернай кіслаты. Выкарыстоўваюцца для тушэння ўзгаранняў гаручых вадкасцей і цвёрдых матэрыялаў. Вуглекіслотнымі вогнетушыцелямі тушаць узгаранні электраўстановак, рухавікоў унутр. згарання, кнігасховішчаў, вадкаснымі — дрэнназмочвальных матэрыялаў (напр., бавоўны), хладонавымі — электраўстановак і тлеючых матэрыялаў, парашковымі — газаў, лёгкіх на загаранне вадкасцей, электраўстановак (да 380 В) пад напружаннем.

т. 4, с. 247

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЫ́ЗЕЛЬНАЕ ПА́ЛІВА,

вадкае паліва з нафты для дызеляў і газатурбінных установак; сумесь вуглевадародаў, якая мае да 4% прымесей (азот-, сера- ці кіслародзмяшчальныя вытворныя вуглевадародаў). Атрымліваюць дыстыляцыяй нафты. У вытв-сці Д.п. для быстраходных дызеляў выкарыстоўваюць газнагазойлевыя фракцыі (tкіп 180—360 °C, шчыльн. 790—860 кг/м³) з т-рай застывання ад -55 да -5 °C і згарання 35—61 °C, для ціхаходных — цяжкія вязкія фракцыі (tкіп 250—420 °C, шчыльн. 930 кг/м³) з т-рай застывання ад -5 да 10 °C і загарання 65—85 °C. Эксплуатацыйныя ўласцівасці (хуткае загаранне і павольнае гарэнне) характарызуюцца цэтанавым лікам (аптымальнае значэнне яго для Д.п. 45—60).

т. 6, с. 278

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)