БРЭ́СЦКАЙ МУЖЧЫ́НСКАЙ ГІМНА́ЗІІ БУДЫ́НАК,

помнік грамадзянскай архітэктуры. Пабудаваны ў 1905 у Брэсце па праекце інжынера А.А.Траццякова.

Першапачаткова П-падобны ў плане 2-павярховы аб’ём, пазней надбудаваны 3-і паверх. Гал. фасад мае 3-часткавую кампазіцыю, у цэнтры і па краях завершаны трохвугольнымі франтонамі над рызалітамі. Сцены дэкарыраваны цаглянай муроўкай арак, франтонаў, нішаў, машыкуляў. Другі паверх завершаны магутным карнізам на кранштэйнах. У будынку размешчаны навуч. корпус пед. Ін-та.

т. 3, с. 289

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІЛЕ́ЙСКІ КРЫЖАЎЗВІ́ЖАНСКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры пач. 20 ст. Пабудаваны ў 1906—13 у г. Вілейка Мінскай вобл. паводле праекта арх. А.Клейна. Спалучае рысы раманскай і гатычнай архітэктуры. Мураваная 3-нефавая базіліка з развітым трансептам, тарцы якога завершаны высокімі трохвугольнымі франтонамі, і 5-граннай апсідай з асіметрычнымі прыбудовамі па баках. Дамінанта кампазіцыі — вежа. Яе 4 бакі завершаны трохвугольнымі шчытамі з круглымі і стральчатымі аконнымі праёмамі, вуглы фланкіраваны маленькімі ігольчатымі вежамі. У інтэр’еры — размалёўка пад мазаічныя арабескі. Іл. гл. да арт. Вілейка.

т. 4, с. 160

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БАРАДЗІ́Н (Сяргей Пятровіч) (25.9.1902, Масква — 22.6.1974),

рускі пісьменнік. Скончыў Вышэйшы літ.-маст. ін-т імя В.Я.Брусава (1926). З 1951 жыў у Ташкенце. Аўтар раманаў пра жыццё народаў Сярэдняй Азіі 1920-х г. «Апошняя Бухара», «Егіпцянін» (абодва 1932), гістарычных «Дзмітрый Данскі» (1941, Дзярж. прэмія СССР 1942), «Белы конь» (не завершаны, надрук. 1975—77), «Іван Каліта» (не завершаны, надрук. 1977), трылогіі «Зоркі над Самаркандам» («Кульгавы Цімур», 1953—54; «Кастры паходу», 1957—59; «Імгненны Баязет», 1972—73). Напісаў аповесць «Нараджэнне кветак» (1938). Навелы і ўспаміны ў кнізе «Дарогі» (выд. 1975).

т. 2, с. 288

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЗАЎСКАЯ ЦАРКВА,

помнік архітэктуры мадэрна. Пабудавана ў 1910 з цэглы ў г.п. Відзы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.). Прамавугольны ў плане будынак з 5-граннай апсідай. Вільчык 2-схільнага даху над гал. фасадам завершаны 3-яруснай званіцай з цыбулепадобным купалам, алтарная частка — драўляным 8-гранным барабанам з цыбулепадобнай галоўкай. Гал. фасад завершаны 2-гранным шчытом, вылучаны высокім уваходным парталам, дэкарыраваны бакавымі лучковымі нішамі з выявамі крыжоў. Арх. дэкор выкананы сродкамі фігурнай цаглянай муроўкі — ліштвы вокнаў з лучковымі броўкамі, падаконныя філёнгі, крыжовыя нішы на лапатках, прафіляваныя карнізы.

т. 4, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

БУ́ДСЛАЎСКІ КАСЦЁЛ БЕРНАРДЗІ́НЦАЎ,

помнік архітэктуры позняга барока. Пабудаваны ў 1767—83 у в. Будслаў (Мядзельскі р-н Мінскай вобл.). Мураваная 3-нефавая базіліка з прамавугольным прэсбітэрыем і трансептам каля ўвахода. Тарцы нефа і трансепта завершаны фігурнымі франтонамі. Гал. фасад з 2 шмат’яруснымі вежамі па баках аздоблены багатай дэкар. пластыкай. У інтэр’еры гал. драўляны алтар (1784—90), арган з драўлянай пазалочанай разьбой. У бакавой капліцы (першапачаткова была храмам, 1643) захаваўся унікальны 2-ярусны алтар (завершаны да 1651) з 20 скульптурамі і карцінамі «Распяцце», «Засмучоная Маці Божая» (18 ст.; раней у алтары знаходзіўся абраз Марыі, 1598).

т. 3, с. 316

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ДЗАЎСКІ ТРО́ІЦКІ КАСЦЁЛ,

помнік архітэктуры неаготыкі. Пабудаваны ў 1914 з чырвонай цэглы ў г.п. Відзы (Браслаўскі р-н Віцебскай вобл.). Мураваны 3-нефавы храм з трансептам і гранёнай апсідай, абапал якой 2 сакрысціі. Сцены звонку ўмацаваны контрфорсамі, вокны спічастыя. Двухвежавы гал. фасад з трохвугольным франтонам завершаны высокімі зубцамі. Такія ж франтоны ўпрыгожваюць тарцы трансептаў. Гал. ўваход вылучае перспектыўны партал з вімпергам і круглым акном-ружай над ім. Вежы на гал. фасадзе (выш. 59 м) завершаны вострымі 8-граннымі шатрамі і значна ўзвышаюцца над астатнімі аб’ёмамі. У інтэр’еры калоны і пілястры складанага профілю пераходзяць у высокія падпружныя спічастыя аркі скляпенняў.

т. 4, с. 141

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МО́ЛАДАЎСКАЯ КАПЛІ́ЦА,

помнік архітэктуры неакласіцызму ў в. Моладава Іванаўскага р-на Брэсцкай вобл. Пабудавана ў 1905—08 (праект віленскага арх. Т.Раствароўскага) пры гал. уездзе ў сядзібна-паркавы ансамбль Скірмунтаў (не захаваўся). Мураваны цэнтрычны храм-ратонда (дыяметр 8 м) завершаны сферычным купалам. Ніжэйшыя за асн. аб’ём прамавугольная, раскрапаваная пілястрамі апсіда і дарычныя порцікі з 3 бакоў надаюць плану крыжападобную форму. Апрацаваны гарыз. рустам цыліндрычны аб’ём завершаны шырокім фрызам з поясам ляпных гірляндаў і карнізам з сухарыкамі і мадульёнамі. Тымпаны франтонаў і ліштвы аконных праёмаў (мелі каляровыя вітражы) аздоблены ляпным расл. арнаментам.

А.М.Кулагін.

Моладаўская капліца.

т. 10, с. 514

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

МАГІЛЁЎСКАЙ МІКАЛА́ЕЎСКАЙ ЦАРКВЫ́ КО́МПЛЕКС,

помнік архітэктуры барока ў Магілёве. У комплексе мураваныя Мікалаеўская і Ануфрыеўская цэрквы, жылы дом (шпіталь), званіца, капліца, агароджа з брамай. Мікалаеўская царква. У 1636 кароль Уладзіслаў IV даў прывілей мітрапаліту П.Магіле на буд-ва ў Магілёве царквы св. Мікалая. Напачатку ўзведзены драўляныя царква і манаскія келлі. У 1669—72 пабудавана мураваная царква — трохапсідная крыжова-купальная базіліка з 8-гранным светлавым барабанам і цыбулепадобным купалам над сяродкрыжжам. Гал. фасад падзелены карнізам на 3 гарыз. ярусы і завершаны 2 вежамі з фігурным франтонам паміж імі. 1-ы ярус масіўны, аздоблены 3 паўцыркульнымі нішамі, 2-і — «глухой» аркатурай з ляпным расл. арнаментам і спаранымі нішамі з гіркамі, у 3-м такі ж аркатурны матыў больш насычаны дэкар. аздобай. Бакавыя фасады дэкарыраваны высокімі пілястрамі, крылы трансепта завершаны фігурнымі шчытамі. У інтэр’еры 4-ярусны іканастас (скразная разьба па дрэве, пазалота) работы мясц. майстроў, фрэскавая кампазіцыя «Тройца новазапаветная» (канец 17 ст.), сюжэтны і арнаментальны жывапіс 1-й пал. 18 — пач. 19 ст. Размалёўкі зроблены ў тэхніцы фрэскі і клеявымі фарбамі (захаваліся фрагментарна). Ануфрыеўская царква («цёплая», зімовая) пабудавана ў 1798. Уяўляе сабой крыжова-купальны аб’ём, над сяродкрыжжам — светлавы цыліндрычны барабан, завершаны сферычным купалам. Крылы трансепта завершаны трохвугольнымі франтонамі і дэкарыраваны пілястрамі. Жылы дом узведзены ў 17 ст. як шпіталь і царк. жылы дом. 1-павярховы прамавугольны ў плане будынак. Тарцовы фасад завершаны шчытом фігурнага абрысу і дэкарыраваны 3 спаранымі арачнымі нішамі. Агароджа з брамай будаваліся ў 17—18 ст. Агароджа мае 2 уваходы, зах.гал. ўязная брама з лучковым праёмам. У паўд.-ўсх. баку ўбудавана 1-павярховая квадратная ў плане шатровая капліца. Званіца пабудавана ў 17—18 ст. Квадратнае ў плане 2-яруснае збудаванне з высокім шатровым дахам. Комплекс пашкоджаны ў Вял. Айч. вайну, цяпер на рэстаўрацыі. Некат. памяшканні комплексу займае жаночы манастыр. Таксама тут знаходзіцца рэзідэнцыя архіепіскапа магілёўскага і мсціслаўскага Максіма.

Т.І.Чарняўская.

Магілёўскай Мікалаеўскай царквы комплекс.

т. 9, с. 453

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ГЕ́РМА (грэч. hermēs),

чатырохгранны слуп, завершаны скульпт. выявай галавы першапачаткова бога Гермеса (адсюль назва), потым стараж. багоў, з 5 ст. да н.э. і партрэтнымі выявамі дзярж. дзеячаў, філосафаў і інш. У ант. эпоху герма — пераважна межавы знак, паказальнік дарог, з 16 ст. — від дэкар. і садова-паркавай скульптуры.

т. 5, с. 175

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ВІ́ЦЕБСКАЯ СВЯТАДУ́ХАЎСКАЯ ЦАРКВА́.

Існавала ў Віцебску ў 16—17 ст. Складаны па кампазіцыі мураваны будынак завершаны 5 шатровымі вярхамі з галоўкамі на светлавых барабанах. Бабінец унутры чляніўся на 2 ярусы: у верхнім размяшчаліся хоры, якія з боку гал. фасада асвятляліся вокнамі — 3 высокімі прамавугольнымі і 1 круглым. Вядомая з «Чарцяжа» Віцебска 1664.

т. 4, с. 223

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)