«ІВА́НКА»,

бел. нар. гульня. На зямлі чарцілі круг («лес»), а ў сярэдзіне крута квадрацік («дом лесавіка»). У квадрацік змяшчалі «Іванку» (ляльку ці любы прадмет) і выбіралі «лесавіка». Астатнія ўдзельнікі гульні — «лебедзі». Яны заляталі ў «лес», спрабавалі забраць «Іванку», а «лесавік» — злавіць «лебедзя» рукой або дакрануцца да яго галінкай. Злоўленыя «лебедзі» выбываюць з гульні. «Лебедзь», якому ўдасца вынесці з «ле́су» «Іванку», становіцца «лесавіком», і гульня пачынаецца спачатку. Гульня заканчваецца, калі злоўлены ўсе «лебедзі» або па жаданні ўдзельнікаў.

Я.​Р.​Вількін.

т. 7, с. 150

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

«ГО́РНУНГ»

(«Hornung»),

«Люты», кодавая назва карнай аперацыі ням.-фаш. акупантаў супраць партызан Слуцкага і Пінскага партыз. злучэнняў і цывільнага насельніцтва ў Ганцавіцкім, Жыткавіцкім, Ленінскім, Лунінецкім, Ляхавіцкім, Слуцкім, Старобінскім, Чырвонаслабодскім р-нах у Вял. Айч. вайну ў лютым 1943. Праводзілася сіламі 3 паліцэйскіх палкоў, 5 батальёнаў, у т. л. асобым батальёнам СС А.​Дзірлевангера. Мэта аперацыі — знішчыць «усё, што можа служыць абаронай і жыллём» у раёне «сапраўднай сав. рэспублікі» (там былі адноўлены мясц. сав. органы ўлады), ператварыць яго «ў нікім не занятую прастору, насельніцтва расстраляць, жывёлу, збожжа і прадукты забраць». Партызаны дзвюх брыгад і некалькіх асобных атрадаў у час барацьбы з карнікамі стварылі штаб партыз. злучэння (камандзір В.З.Корж), пад кіраўніцтвам якога некалькі дзён стрымлівалі націск гітлераўцаў, потым асн. сілы партызан выйшлі з-пад удараў фашыстаў. Карнікі спалілі некалькі вёсак і г.п. Ленін, загубілі больш за 10 тыс. грамадзян, захапілі шмат жывёлы і збожжа. У час аперацыі здзейснілі подзвіг браты І.С. і М.С.Цубы. Працягам «Горнунга» была аперацыя «Русалка».

т. 5, с. 363

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)