1) студзінападобная або цвёрдая структураваная калоідная сістэма біял. паходжання з вадкім дысперсійным асяроддзем; разнавіднасць геляў. Утворана часцінкамі дысперснай фазы, злучанымі адна з адной у прасторавую сетку (каркас), якая ўтрымлівае ў сваіх ячэйках дысперсійнае асяроддзе і пазбаўляе ўсю сістэму цякучасці. Біягелі шырока прадстаўлены ў жывёльных і раслінных арганізмах (напр., мышачная, нервовая, злучальная тканкі, шклопадобнае цела вока, біял. мембраны — складаныя біягелі). Біягелі з’яўляюцца таксама халадцы жэлаціну, агару, пекціну, прадукты харчавання — сыракваша, кісель, жэле, мармелад і інш. 2) У храматаграфіі — камерцыйная назва носьбітаў для гель-фільтрацыі. Біягелі маркі A замяняе агар, маркі P — сінт. гель поліакрыламід.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
АЖЫ́НА, маліна шызая (Rubus caesius),
кустовая расліна сям. ружавых. Пашырана ў краінах Еўропы, Амерыкі, Афрыкі, Сярэдняй Азіі; на Беларусі ўсюды, асабліва на Палессі. Расце па берагах рэк, на заліўных лугах, узлесках, у хмызняках, утварае густыя, непраходныя зараснікі. Прыдатная для лесамеліярацыйных работ, замацавання яроў.
Кусты выш. 60—150 см. Надземныя парасткі двухгадовыя, фіялетава-шызыя, звычайна ўкрытыя шыпамі і шчацінкамі. Лісце няпарнаперыстараздзельнае з 3—5 лісцікамі. Кветкі двухполыя, белыя, дыям. да 3 см. Цвіце ў чэрв.—ліп., плады сакавітыя салодкія складаныя касцянкі, чорныя з шызым налётам, выспяваюць у сярэдзіне жніўня. У аматарскім садоўніцтве культывуецца сорт Агавам, найб. прыстасаваны да клімат. умоў Беларусі. З пладоў гатуюць сокі, варэнне, жэле, яны багатыя цукрамі, к-тамі, вітамінамі, карацінамі, танідамі.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЛАРЭ́Н (Lorrain; сапр.Жэле, Gellée) Клод (1600, Шамань, каля г. Эпіналь, Францыя — 23.11.1682), французскі жывапісец і графік. Вучыўся ў А.Тасі ў Рыме (з 1613?). Зазнаў уплывы П.Брыля, А.Эльсхаймера, Анібале Карачы. Працаваў пераважна ў Рыме. Стварыў уласны варыянт класіцыстычнага «ідэальнага» пейзажа, у якім адзінства прасторы дасягалася праз найтанчэйшую прапрацоўку святлопаветр. асяроддзя. Творы вызначаюцца майстэрскай перадачай эфектаў рассеянага ранішняга або вечаровага святла, якое растае ў залацістай смузе («Адплыццё св. Урсулы», 1646; «Выгнанне Агары», 1668; «Кампа Вачына»), элегічным ладам кампазіцый, падпарадкаваннем сюжэта і фігур ідэалізаванаму пейзажнаму матыву (цыкл «Раніца», «Поўдзень», «Вечар», «Ноч», 1651—72). Малюнкам і афортам уласціва віртуозная святлоценявая нюансіроўка.