БІЯГЕ́ЛЬ
(ад бія... + лац. gelo застываю),
1) студзінападобная або цвёрдая структураваная калоідная сістэма біял. паходжання з вадкім дысперсійным асяроддзем; разнавіднасць геляў. Утворана часцінкамі дысперснай фазы, злучанымі адна з адной у прасторавую сетку (каркас), якая ўтрымлівае ў сваіх ячэйках дысперсійнае асяроддзе і пазбаўляе ўсю сістэму цякучасці. Біягелі шырока прадстаўлены ў жывёльных і раслінных арганізмах (напр., мышачная, нервовая, злучальная тканкі, шклопадобнае цела вока, біял. мембраны — складаныя біягелі). Біягелі з’яўляюцца таксама халадцы жэлаціну, агару, пекціну, прадукты харчавання — сыракваша, кісель, жэле, мармелад і інш. 2) У храматаграфіі — камерцыйная назва носьбітаў для гель-фільтрацыі. Біягелі маркі A замяняе агар, маркі P — сінт. гель поліакрыламід.
А.М.Ведзянееў.
т. 3, с. 168
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)