Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
ЖЫ́ЦІК (Lolium),
род кветкавых раслін сям. метлюжковых. Каля 10 відаў. Пашыраны ў Еўропе (пераважна ў Міжземнамор’і), Паўн. Афрыцы і Азіі. На Беларусі як занесеныя, натуралізаваныя і пустазелле трапляюцца Ж. п’янючы (L. temulentum), расстаўлены, або льняны (L. remotum), жорсткі (L. rigidum), шматкветкавы (L. multiflorum) і шматгадовы (L. perenne). Ж. шматкветкавы і шматгадовы пад назвай райграс уведзены ў культуру як кармавыя і газонныя расліны. Некат. віды — пустазелле; ёсць ядавітыя. Растуць каля дарог, на пустках, газонах і інш.
Шмат-, двух- і аднагадовыя травяністыя расліны з прамастойнымі ці ўзыходнымі сцёбламі выш. да 1 м і моцнай валасніковістай каранёвай сістэмай. Лісце вузкалінейнае. Агульнае суквецце — рэдкі лінейны двухрадны колас. Каласкі адзіночныя, сядзячыя, сціснуты з бакоў, з 3—15 кветкамі. Плод — зярняўка.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАЙГРА́С,
кармавыя травяністыя расліны сям. метлюжковых. Акультураны 1 від Р. высокі, або французскі (Arrhenatherum elatius), і 2 віды з роду жыціку. Р. пашавы, або англійскі, ці жыцік шматгадовы (Lolium perenne), і Р. шматукосны, або італьянскі, ці жыцік шматкветкавы (Lolium multiflonim). На Беларусі 1 дзікарослы від Р. высокі. Трапляецца на лугах.
Адна-, двух- і шматгадовыя травяністыя расліны выш. 15—180 см. Сцёблы прамыя, тонкія, гладкія, полыя. Лісце плоскае, вузкалінейнае. Каласкі двух- і шматкветкавыя, суквецце — колас або мяцёлка. Плод — зярняўка. Кармавыя і дэкар. расліны.