ДО́У ((Dawe) Джордж) (8.2.1781, Лондан — 15.10.1829),

англійскі жывапісец. У 1819—29 працаваў у Пецярбургу, дзе напісаў (з дапамогай рус. жывапісцаў) 329 партрэтаў генералаў — удзельнікаў Айч. вайны 1812 і паходаў 1813—14, у т. л. М.​І.​Кутузава і М.​Б.​Барклая дэ Толі, выконваў таксама прыватныя заказы. Партрэтам Д. ўласцівы рамант. прыўзнятасць, жывасць характарыстык, віртуознасць жывапісу.

Дж.Доу. Партрэт А.​С.​Шышкова. Каля 1825.

т. 6, с. 186

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ДЗЮР (Мікалай Восіпавіч) (17.12.1807, С.-Пецярбург — 28.5.1839),

рускі акцёр. Выхаванец Пецярбургскага тэатр. вучылішча (1816—29). У 1829 прыняты ў Пецярбургскі т-р. Спачатку выконваў невял. ролі ў трагедыях, меладрамах. операх (партыі барытона). З 1831 выступаў пераважна ў вадэвілях. Жывасць і прастата ігры. прыгожы голас, уменне танцаваць і свабодна трымацца на сцэне прынеслі яму асаблівы поспех у ролях «свецкіх ветрагонаў» і «камічных старых»: Фрэйтаг, Макар Губкін («Дзяўчына-гусар», «Студэнт, артыст, харыст і аферыст» Ф.​Коні), Жавіяль («Страпчы пад сталом» Дз.​Ленскага) і інш. Першы выканаўца ролі Хлестакова («Рэвізор» М.​Гогаля).

т. 6, с. 131

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

КАРЫ́ЦКІ (Міхал) (7.9.1714, в. Дзітрыкі Лідскага р-на Гродзенскай вобл. — 10.3.1781),

паэт, педагог, прыхільнік класіцызму. Магістр філасофіі і вольных навук (1745), д-р філасофіі (каля 1750). Вучыўся ў школе Бабруйскай езуіцкай рэзідэнцыі. Скончыў Слуцкую семінарыю (1733), Віленскую акадэмію (1736). З 1730 чл. ордэна езуітаў. Выкладаў у калегіумах Варшавы, Мінска, Драгічына, у Віленскай акадэміі. З 1773 рэктар Мінскай ваяводскай школы. Імкнуўся надаць сістэме адукацыі больш свецкі характар. Пісаў на лац. мове. Найб. вядомая паэма «Птушыны сейм» — сатыра на мясц. шляхту і магнатаў Рэчы Паспалітай. Аўтар сатыр. твораў («Казка», «Ападосіс» і інш.), элегій («Да Касакоўскага», «Да брата Караля»), прыродаапісальнай оды «Да Зімы», вершаў (пры жыцці апубл. 25), панегірыкаў Кацярыне II, пасланняў пісьменнікам і грамадскім дзеячам (І.​Красіцкаму, М.​Пачобут-Адляніцкаму, Р.​Пацёмкіну і інш.), пародый. Паэт. спадчына К. выдадзена Полацкай езуіцкай акадэміяй пад назвай «Песні» (1817). Яго творам уласціва жывасць і лёгкасць мовы, багатая фантазія. Паэзія К. паўплывала на лацінамоўную паэзію Беларусі, Польшчы, Літвы і Украіны эпохі Асветніцтва.

Літ.:

Жлутко А. Міхал Карыцкі: Песні камэны // Шляхам гадоў. Мн., 1990;

Парэцкі Я.І. Міхаіл Карыцкі. Мн., 1991.

А.​В.​Мальдзіс.

т. 8, с. 117

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)