Беларуская Савецкая Энцыклапедыя (1969—76, паказальнікі; правапіс да 2008 г., часткова)
КАБРЫЯЛЕ́Т (франц. cabriolet),
кузаў легкавога аўтамабіля з адкідным мяккім тэнтам. Верхняя частка кузава жорсткая, з вокнамі, якія можна апускаць. Мае 2 разнавіднасці: К.-купэ з 2 бакавымі дзвярамі і 4-дзверны К.-седан. Найб. пашыраны ў месцах з гарачым кліматам.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ЗАПАТЫ́ЛЬНЫ СТАНО́К,
металарэзны такарны станок для апрацоўкі задняй паверхні (запатылка) зубцоў рэзальнага інструменту (фрэз, метчыкаў, раскрутак), прафілявання кулачкоў. Бываюць універсальныя (могуць выкарыстоўвацца і як такарна-вінтарэзныя станкі агульнага прызначэння) і спецыяльныя. Жорсткая канструкцыя станіны, супарта, апор З.с. забяспечваюць высокую дакладнасць апрацоўкі пры ўдарных нагрузках. Запатыльванне можна рабіць і на разьбашліфавальных станках.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ІЛО́ТЫ,
земляробы Стараж. Спарты, якіх заваявалі дарыйцы. Лічыліся ўласнасцю дзяржавы. І. не ўваходзілі ў склад спартанскай абшчыны, не валодалі ніякімі правамі. Ад рабоў адрозніваліся тым, што валодалі сродкамі вытв-сці, вялі сваю гаспадарку, уласнікі ўчасткаў не маглі іх ні прадаваць, ні забіваць. Жорсткая эксплуатацыя выклікала паўстанні І., самае буйное з іх — т. зв. 2-я Месенская вайна (7 ст. да н.э., гл.Месенскія войны). З мэтай папярэджання іх паўстанняў спартанцы ўвялі сістэму крыптый — перыядычных карных экспедыцый супраць І.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ДАБРЫГО́РСКІ ПАРК, сад «Саломінка»,
помнік садова-паркавага мастацтва. Закладзены ў 1906 у в. Дабрыгоры Бешанковіцкага р-на Віцебскай вобл. на правым беразе р. Крывінка ваен. урачом П.М.Красавіцкім. Дрэвы садзіў вядомы садавод Я.Мароз. Пл. 10 га. Парк эканам. тыпу, па кампазіцыі пладовы сад.
Па перыметры абсаджаны рознымі экзотамі, якія ўтвараюць ахоўныя пасадкі і невял. паркавыя курціны. У ім каля 30 відаў і формаў дэкар. раслін: кедр сібірскі, елкі белая, Энгельмана, серабрыстая, хвоі веймутава, жорсткая, чорная, Банкса, лістоўніцы яп. і еўрап., бук, арэх маньчжурскі, клён татарскі і інш.
Літ.:
Федорук А.Т. Садово-парковое искусство Белоруссии. Мн., 1989. С. 87—88.
расійскі кінарэжысёр. Нар.арт. Расіі (1980). Сын С.У.Міхалкова, брат М.С.Міхалкова. Скончыў Усесаюзны дзярж.ін-т кінематаграфіі (1965). У фільмах «Першы настаўнік» (1965), «Гісторыя Асі Клячынай, якая кахала, але не выйшла замуж» (1967), «Дваранскае гняздо» (1969), «Дзядзька Ваня» (1971), «Раманс пра закаханых» (1974), «Сібірыяда» (1979) па-дакументалісцку жорсткая стылістыка спалучаецца з жывапіснай манерай. З пач. 1980-х г. працуе ў ЗША: «Любыя Марыі» (1984), «Цягнік-уцякач» (1985), «Блізкі круг» (1992), тэлефільм «Адысея» (1997). З пач. 1990-х здымае фільмы і ў Расіі: «Курачка Раба» (1994), мемуары «Нізкія ісціны» (1998). Ў Марыінскім т-ры паставіў оперу «Вайна і мір» С.Пракоф’ева (2000).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
НЕГНІЮ́ЧНІК (Marasmius),
род шапкавых базідыяльных грыбоў сям. радоўкавых. Каля 35 відаў. Пашыраны ў Амерыцы, Аўстраліі, Афрыцы, Еўразіі. На Беларусі 16 відаў. Найб. вядомыя Н.: Бульяра (M. bulliardii), галінкавы (M. ramealis), лістападны (M. epiphyllus), лугавы, ці апенька лугавая, або варушка (M. oreades), тычынкападобны (M. androsaceus), часночны, або часночнік (M. scorodonius). Трапляюцца на глебе, лясным подсціле, пнях, ламаччы. Здольныя раскладаць найб. стойкія кампаненты ападу лісця і хвоі — лігнін і цэлюлозу. Пладовыя целы паяўляюцца ў чэрв. — верасні.
Пладовае цела — шапка на ножцы — пераважна дробнае, пры адміранні высыхае. Шапка рознай формы, цёмнаафарбаваная, радзей светлая. Пласціны прырослыя, свабодныя, рэдкія. Ножка цыліндрычная, жорсткая, гнуткая. Мякаць тонкая, шчыльная. Споры эліпсападобныя, гладкія, бясколерныя. Ёсць ядомыя (напр.. апенька лугавая, часночнік).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ВЫКЛЮ́ЧНЫ ЗАКО́Н СУ́ПРАЦЬ САЦЫЯЛІ́СТАЎ, «Закон супраць шкодных і небяспечных памкненняў сацыял-дэмакратыі»,
антыдэмакратычны заканад. акт, накіраваны супраць сацыяліст. і рабочага руху ў Германіі ў 1878—90. Ініцыіраваны рэйхсканцлерам О.Бісмаркам. Прыняты рэйхстагам і набыў сілу ў кастр. 1878 (тэрмін дзеяння 2,5 года; прадоўжаны ў 1881, 1884, 1886 і 1888). Паводле закону забараняліся с.-д. і распускаліся многія рабочыя арг-цыі, закрываліся рабочыя газеты і часопісы, канфіскоўвалася сацыяліст.л-ра і інш. За гады яго дзеяння распушчана 350 рабочых арг-цый, арыштавана 1500 і выслана 900 чал.Жорсткая рабочая палітыка Бісмарка выклікала новыя хвалі выступленняў працоўных і рост сярод іх папулярнасці с.-д. партыі. Пасля адстаўкі Бісмарка (1890) тэрмін дзеяння закону не быў прадоўжаны і ён страціў сілу.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
КЭМПО́ (яп., літар. вучэнне кулака, праведны закон кулака),
сістэма баявых і спартыўных адзінаборстваў, псіхафізічны культурны комплекс, рэлігійна-філасофскае вучэнне. Паходзіць з Індыі (больш за 5 тыс. гадоў назад), развіццё атрымала ў Кітаі (з 1 ст.) пад уплывам будызму і інш. рэлігій. Сучаснае К. развіваецца з канца 1940-х г. (Японія). Сусв. арганізацыя К. заснавана ў 1974.
У сучасным К. 5 асн. кірункаў: самаабарона; спарт. адзінаборствы (айкідо, дзюдо, джыу-джыцу, каратэ, кунг-фу, таэквандо і інш.); мастацтва сцэнічнага бою і трукаў; прафілактыка і лячэнне розных захворванняў (напр., кіт. сістэма тайцзі-цюань); разнавіднасць рэліг. практыкі (напр., яп. сёрындзі-кэмпо, кар. хварандо). Мае 4 раздзелы тэхн. норм: кіхон, ката, кумітэ і сівары. Баявое К. ўтрымлівае больш за 600 тэхн. прыёмаў, уключае 3 катэгорыі: гохо — жорсткая тэхніка ўдараў рукамі і нагамі, блакіроўкі; джухо — мяккая тэхніка выпадаў, кідкоў, заломаў; сейхо — тэхніка нарошчвання фіз. патэнцыялу, самаабарона з падручнымі сродкамі. Практыканты падзяляюцца на 2 катэгорыі: кю — «малодшыя» і дан — «старэйшыя», якія ўтрымліваюць 6, 9 або 10 ступеняў і паясы (па меры ўзрастання майстэрства); белы, карычневы, чорны і чырвоны.
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПАВУ́К,
прасторавая кампазіцыя з саломы, папяровых кветак, зерняў лубіну, фасолі і інш.; традыц. ўпрыгожанне інтэр’ера бел.нар. жылля. П. падвешвалі над сталом (лічылася, што ён прыносіць шчасце). Найб. пашыраны з саломы (шарападобныя, рамбічныя і зорчатыя). Шарападобныя рабілі з саломінак (часта з каласкамі), якія разыходзіліся ва ўсе бакі ад цэнтра (напр., утыкаліся ў бульбіну). Канцы саломінак аздаблялі кветкамі з паперы ці пер’я, зоркамі з фольгі і інш. У аснове рамбічнага П. 8-гранная фігура з 12 саломінак аднолькавай даўжыні. Унутры і да яго вуглоў падвешвалі П. меншых памераў (часта да некалькіх дзесяткаў), саламяныя ці папяровыя ланцужкі, кветкі з рознакаляровай паперы ці пер’я, абгорнутыя фольгай мяцёлкі аўса і інш. Разнавіднасць рамбічнага П., — жорсткая канструкцыя са змацаваных паміж сабою васьміграннікаў аднолькавых памераў. Зорчатыя П. мелі плоскую канструкцыю з саломінак у выглядзе шматпялёсткавай разеткі. Бытавалі таксама П. накшталт абажура: да абруча з лазы ці дроту падвешвалі гірлянды з зярнят фасолі, гароху, лубіну, начэпленых на ніткі. Арыгінальны П. пач. 20 ст. з гірляндаў кудзелі і кутасоў. Выйшлі з нар. ўжытку ў 1950-я г. Вырабляюцца сувенірныя П.