ДО́ЛБІК (Міхаіл Сцяпанавіч) (12.2.1920, в. Трашковічы Калужскай вобл., Расія — 18.2.1988),
бел. вучоны ў галіне арніталогіі. Д-рбіял.н. (1972). Скончыў БДУ (1947). З 1948 у АН Беларусі: з 1955 у Ін-це біялогіі, з 1975 у Ін-це заалогіі. Навук. працы па біял. асновах выкарыстання і аховы птушак, ландшафтнай арніталогіі, зоагеаграфіі і паляўніцтвазнаўстве. Вызначыў склад фауны птушак Палесся і Беларусі. Высветліў размеркаванне прамысл., лясных вераб’іных і птушак культ. ландшафтаў. Распрацаваў зоагеагр. раянаванне тэр. Беларусі на ландшафтнай аснове.
Тв.:
Птицы Белорусского Полесья. Мн., 1959;
Птицы Белоруссии. Мн., 1967 (разам з А.У.Фядзюшыным);
Ландшафтная структура орнитофауны Белоруссии. Мн., 1974;
Влияние мелиорации на животный мир Белорусского Полесья. Мн., 1980 (у сааўт.).
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
ПІКУ́ЛІК (Міхаіл Міхайлавіч) (н. 19.4.1948, г. Чэрвень Мінскай вобл.),
бел. вучоны ў галіне заалогіі і экалогіі. Чл.-кар.Нац.АН Беларусі (1994), д-рбіял.н. (1993), праф. (1998). Скончыў Мінскі пед.ін-т (1971). З 1976 у ін-це заалогіі Нац.АН Беларусі (з 1985 нам. дырэктара, з 1995 дырэктар), адначасова з 1997 у Бел.пед. ун-це (заг. кафедры). Навук. працы па герпеталогіі, ландшафтнай экалогіі жывёл, унутрывідавой зменлівасці, біягеацэналогіі, праблемах аховы і рацыянальнага выкарыстання біял. разнастайнасці. Распрацаваў асн. палажэнні ландшафтнай герпеталогіі, абгрунтаваў новыя падыходы да комплекснага выкарыстання герпетафауны ў экалагічным маніторынгу. Правёў даследаванні па дынаміцы фауны і стане зоацэнозаў у прыродных і антрапагенных ландшафтах Беларусі, выяўленні ролі мазаічнасці ландшафтаў і рознатыповых экатонаў, наступстваў аварыі на Чарнобыльскай АЭС у фарміраванні біял. разнастайнасці дзікай фауны.
Тв.:
Земноводные Белоруссии. Мн., 1985;
Пресмыкающиеся Белоруссии. Мн., 1988 (разам з В.А.Бахаравым, С.У.Косавым);
Совершенствование принципов и методов охраны и рационального использования животного мира. Мн., 1990 (разам з Л.М.Сушчэнем);
Животный мир в зоне аварии Чернобыльской АЭС. Мн., 1995 (у сааўт.);
Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)
РАДЫЯЦЫ́ЙНАЕ ПАШКО́ДЖАННЕ біялагічных аб’ектаў, парушэнне нармальнай жыццядзейнасці арганізма пры ўздзеянні на яго іанізавальнага выпрамянення. Закранае ўсе ўзроўні біял. структур, ад субклетачных да арганізма ў цэлым. На малекулярным узроўні адбываецца Р.п. субклетачных структур, найперш рыбануклеінавых і дэзоксірыбануклеінавай к-т (разрыў малекул, парушэнне сувязей нуклеінавых к-т з бялком і інш.), разбурэнне мембран клетачнага ядра, мітахондрый і інш. можа стаць прычынай узнікнення мутацый, пераважна з адмоўным эфектам. Характар уздзеяння іанізавальнага выпрамянення на біял. аб’ект вызначаецца з дапамогай мішэні тэорыі. Вылучаюць 3 этапы Р.п.: ажыццяўленне падзей пападання квантаў выпрамянення ў мішэні (субклетачныя структуры), у выніку якіх фарміруюцца першасныя патэнцыяльныя Р.п.; рэалізацыя патэнцыяльных пашкоджанняў; узнікненне другасных парушэнняў нармальнага працякання ўнутрыклетачных працэсаў у выніку пашкоджанняў. Ступень гэтых парушэнняў і пашкоджанняў залежыць пераважна ад дозы апрамянення арганізма і радыеадчувальнасці клеткі ці яе асобных кампанентаў. Страта клеткай здольнасці да праліферацыі ў выніку Р.п. вядзе да яе гібелі. Гл. таксама Біялагічнае дзеянне іанізавальных выпрамяненняў, Прамянёвае паражэнне, Прамянёвыя пашкоджанні.
Літ.:
Комар В.Е., Хансон К.П. Информационные макромолекулы при лучевом поражении клеток. 2 изд. М., 1980;
Ярмоненко С.П. Радиобиология человека и животных. 3 изд. М., 1988;
Животный мир в зоне аварии Чернобыльской АЭС. Мн., 1995.