ЛЕПТАМАНА́ДЫ (Leptomonas або Herpetomonas),

род прасцейшых сям. трыпанасамід кл. жгуціканосцаў. Больш за 10 відаў. Паразіты жывёл і раслін. У жывёл паразітуюць у кішэчніку насякомых, чарвей, паўзуноў, крыві рыб, птушак, млекакормячых; у раслін — у млечным соку (малачаевыя, складанакветныя і інш.), вакуолях клетак, выклікаюць захворванне кафейнага дрэва — некроз флаэмы. Пераносчыкі — клапы.

Даўж. 15—30 мкм. Цела тонкае, верацёнападобнае. Жгуцік служыць для перамяшчэння і прымацавання да эпітэлію кішэчніка.

т. 9, с. 209

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)

ЛЕЙШМАНІ́І (Leishmania),

род жгуцікавых сям. трыпанасамід атр. кінетапластыд. Унутрыклетачныя паразіты паўзуноў, некаторых млекакормячых (пясчанка, суслік і інш. грызуны, сабака) і чалавека. У чалавека паразітуюць 3 віды Л.: трапічная (L. tropica), бразільская (L. brasiliensis) і Донавана (L. donovani) — узбуджальнікі адпаведна скурнага, слізіста-скурнага і вісцэральнага лейшманіёзаў. Перадаюцца праз укусы маскітаў (з роду Флебатомус і інш.).

Памеры 2—7 мкм. У арганізме жывёл (на лейшманіяльнай стадыі) трапляюцца толькі бязжгуцікавыя, круглаватыя або авальныя формы Л. Яны маюць ядро (трофануклеус) і падобнае на кароткую палачку ўключэнне (блефарапласт). У арганізме маскіта Л. набываюць (на лептаманаднай стадыі) верацёнападобную форму і жгуцік, які адыходзіць ад блефарапласта.

Да арт. Лейшманіі: 1 — клетка з паразітамі — узбуджальнікамі скурнага лейшманіёзу; 2 — жгуцікавыя формы лейшманій у культуры.

т. 9, с. 192

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)